Волонтёры международного объединения «София» посетили Шумилинский район

Новости Общество

Дапамога ад “Сафіі”
Наша газета ўжо пісала, што Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва атрымаў грант Міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання “Сафія” з ЗША для набыцця неабходнай мэблі і тэхналагічнага абсталявання ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання грамадзян сталага ўзросту і інвалідаў.
“Нам набылі нават больш мэблі, чым мы прасілі, – расказала дырэктар ТЦСАН В. Р. Штуро. – Аддзяленне кругласутачнага знаходжання пабагацела на шэсць ложкаў са спецыяльнымі матрацамі для ляжачых пацыентаў – супраць пролежняў, дзесяць шафаў, адзінаццаць тумбачак, 16 камплектаў пасцельнай бялізны, на каструлі з нержавеючай сталі, тэрмасы, талеркі і кружкі. Дапамога значная – на агульную суму 70 мільёнаў рублёў”.
На мінулым тыдні валанцёры Міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання “Сафія” Гэры і Кэйлін Джон са Злучаных Штатаў Амерыкі разам з выканаўчым дырэктарам “Сафіі” Сяргеем Зубовічам прыехалі ў Шумілінскі раён, каб на свае вочы ўпэўніцца, што купленыя мэбля і рэчы запатрабаваныя. Члены гуманітарнай арганізацыі чулі ў свой адрас толькі шчырае “Дзякуй!”.
Гэры (былы менеджар лабараторыі судова-медыцынскай экспертызы) і Кэйлін (былы повар) зараз на пенсіі, але ўжо не адзін год займаюцца дабрачыннасцю, бо лічаць гэта пачэснай справай. “Купленыя намі рэчы павінны служыць на карысць людзям, – адзначылі замежныя госці. – Аб’яднанне “Сафія” фінансуецца гуманітарнай службай Царквы Ісуса Хрыста Святых апошніх дзён. Сабраныя грошы – гэта добраахвотныя ахвяраванні людзей з усяго свету. Мы з’яўляемся валанцёрамі, прыехалі ў Беларусь у другі раз. Два гады таму мы жылі ў Мінску і рэалізоўвалі нашы праекты паўтара года.
Зараз знаходзімся ў вашай краіне шаснаццаты месяц, хутка работу заканчваем і з’язджаем дадому, дзе нас чакаюць сямёра дарослых дзяцей, а таксама 38 унукаў. Але на змену нам прыедуць другія валанцёры”.
Гэры Джон расказаў пра праекты, якія яны рэалізавалі сёлета ў Беларусі. У прыватнасці, пра праект па рэанімацыі нованароджаных. У радзільныя дамы Віцебска, Брэста, Гомеля, Магілёва прыязджалі амерыканскія медыкі. Яны правялі майстар-класы па абучэнні медыцынскага персаналу, вучылі беларускіх калег, як ратаваць жыццё дзеткам, што нараджаюцца з рознымі хваробамі і парушэннямі. Для рэанімацыі нованароджаных у многія радзільныя аддзяленні было закуплена спецыяльнае абсталяванне, якое павінна ратаваць жыцці немаўлят.
На сустрэчу з прадстаўнікамі “Сафіі” прыехаў галоўны ўрач раённай бальніцы К. Ф. Баканаў. Канстанцін Фёдаравіч расказаў пра Мікалаеўскую бальніцу сястрынскага догляду і пра тое абсталяванне, у якім мае патрэбу гэта ўстанова. Гэры і Кэйлін Джон уважліва выслухалі і параілі пакінуць заяўку на сайце “Сафіі”. Яе абавязкова разгледзяць, і па магчымасці дапамогуць. В. Р. Штуро падзякавала спонсарам за дапамогу, а на памяць аб супрацоўніцтве і візіце ў наш раён падарыла гасцям памятныя сувеніры.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №47 ад 17.06.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *