День работы с населением прошёл в Мишневичском сельсовете

Актуалии Общество Президент

Пад знакам буслоў, цяпла і заклапочанасці

Встреча с жителями деревни Глушица

Пры ўездзе ў Мішневічы — адна буслянка, другая, трэцяя… “Прыжы-ліся тут буслы, — разважаю. — Палюбілі мясціны…”.
А мы едзем на Мішневіччыну па больш празаічнай нагодзе: тут праводзіцца Дзень работы з насельніцтвам. Так выходзіць, што раз за восем месяцаў выязныя групы райвыканкама “блакіруюць” усе вёскі, збіраюць людзей, каб рашыць іх набалелыя праблемы. Сельсавет буйны, і шэсць груп тры гадзіны з лішкам вялі на месцах размову, каб пасля ўсім сабрацца і паставіць канкрэтныя задачы зацікаўленым асобам.
Адна група на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікавай узяла курс на “суравенскую” зону. Першы прыпынак у Глушыцы.
Вёска расцягнулася ад бойкай шашы на ладнае паўкіламетра, калі не больш, а жыць няма каму. На лавачках ля месца збору — чалавек сем. Пасля кароткага слова членаў групы размова пераходзіць у рэчышча “болевых кропак”. Вось радыётэлефоны праз тэрмінал — іх якасць не вытрымлівае ніякай крытыкі. “Пакуль зразумею, хто мне звоніць, — прызнаецца адна жанчына. — Мы людзі немаладыя, чуем дрэнна. А тут і тэлефон… Вярніце нам ранейшыя тэлефоны”. “Вярнуць не можам, — каменціруе сітуацыю на падвядзенні вынікаў начальнік РВЭС Ю. Р. Маскалькоў. — Раней была правадная сетка. Гэта пазаўчарашні дзень. Праверым радыётэлефоны…”.
Размова пераходзіць на работу аўталавак. “Шанцуе нам на вадзіцеляў.  — усцешаны людзі. — І раней быў клапатлівы чалавек, і цяпер. А прыязджае да нас Ігар Міснік. Чулая душа…”. Устае М. М. Яфімаў. Яму надакучыла прасіць, каб спілавалі аварыйнае дрэва ля дома. “Усе запісваюць, ківаюць галавой, — абураецца ён. — Паехалі і — быццам нейкая насмешка…”. Тут жа завязваецца гаворка вакол пустых і закінутых сядзіб, пра тое, што менавіта яны тояць небяспеку падчас веснавых палаў (а за падпал травы штрафы — толькі трымайся!). І. М. Новікава просіць і саміх вяскоўцаў не стаяць у баку ад праблемы: звязвацца з землякамі, якія выехалі і пакінулі занядбанай родную хату, даваць каардынаты ў сельсавет з тым, каб як мага хутчэй рашыць долю забытага жылля.
А. Ф. Вагеля турбуе і іншае: тры гады б’ецца, каб дапамаглі з рамонтам студні. Яна — на пяць сямей, камунальная. “Прыйшла” яшчэ з 60-х гадоў, два верхнія кальцы рассыпаліся, і загаспадарыла вада-верхаводка. Ваду піць людзі баяцца, а бліжэйшая студня — далёка, на пагорку.
Вёска Хрыпкі. Тут прыволле, і сонечнай крамянай раніцай, здаецца, трапіў у райскую мясціну. Жанчыны скардзяцца на дарогу, якую разбілі трактары, на масток, які ў адным месцы прасеў — ці далёка да бяды? Жанчына-малаказборшчыца занепакоена тым, што ў яе на руках банкаўская картка, а грошы зняць нават у Сураўнях няма дзе. Такой жа праблемай усклапочаны і ў саміх Сураўнях. Каментарыі да сітуацыі даваў начальнік РВПС К. Г. Анацка. Тэрмінал, па яго словах, будзе ўстаноўлены недзе ў 2 ці 3 квартале 2011 года. Так што цярпець нядоўга.
Мы ў Панамарах. Ля дома, дагледжанага і акуратнага, жанчына з гальнём — прыбірае рэшткі смецця. Падыходзіць старэйшына вёскі Г. М. Плюшчыкава. У вёсцы 11 жылых дамоў, але ад цішыні тут вусцішна, нават трывожна.  Гаспадыня дома, побач з якім размаўляем, — Антаніна Якаўлеўна Іванова. Шчырая  і гаваркая, яна расказала і пра дзяцей, і пра вуллі, і пра мёд, якім не хочуць ласавацца ні дзеці, ні ўнукі. Вёска — побач з Сураўнямі. Сюды ў чацвер заходзяць амаль у адзін час дзве аўталаўкі — ад прыватніка і з райспажыўтаварыства. “Зручна, — разважае старэйшына. — Што ў адной, што ў другой, а нешта купіш”. Старэйшына падзялілася набалелым: цяжка пакрыць вясковую карову (нямала застаецца ялавых), не збіраецца раз на месяц, як належыць, смецце ад сяльчан. І тут шмат закінутых хат, ад якіх (крый божа, вядома!) можа прыйсці бяда падчас падпалу сухой травы.
Завіталі да М. П. Акулёнак. Жанчына сядзела ў трысцене і перабірала бульбу. Вясна, душа ўжо не на месцы: пасяўная, пільніца. Смяецца, хаця ногі не слухаюцца — хворая. Старэйшына гаворыць: “Як кажуць, паміраць збірайся, а жыта сей”. Ці “садзі бульбу”, усё роўна. У хаце чыста, падлога вышаравана да жаўцізны. Хваліць сацыяльнага работніка: “Яна мне ўчора і лазеньку прапаліла…”. А на зіму ўсё адно жанчына хоча ў сацыяльнае жыллё. Кажуць, ёсць пакойчык у Сураўнях…
“Добрая жанчына, — хваліць гаспадыню пры выхадзе з брамкі Г. М. Плюшчыкава. — Некалі была кветачніцай адмысловай. Паглядзіце, і парнік у яе…”.
У вёсцы Сураўні гаварылі пра якасць лішкаў малака, якое здаецца сяльчанамі, пра тое, ці будзе мяняцца прагнілы штыкетнік і за чые грошы. “З утрыманствам трэба заканчваць, — шчыра гаворыць І. М. Новікава. — Толькі тое шануецца, што зроблена сваімі рукамі і са сваёй кішэні…”.
У працэсе выніковай гаворкі ў сценах сельсавета ўзнікла вострая праблема вёсак Гульбішча, Старыновічы, Красамай — тых “лясных” вёсак, дзе гульма гуляюць дзікі. І не толькі гуляюць — усяляк шкодзяць восенню: выкопваюць цэлыя плантацыі бульбы, цярэбяць збожжавыя. Просьба да кіраўніцтва лясгасу — адсунуць далей ад вёсак пляцоўкі для падкормлівання дзікай жывёлы. Пажадана акучыць узлескі, паўз вёсак, з тым, каб адгарадзіцца, калі здарыцца, ад агню. Вядома, і самім вяскоўцам, паўторымся ж, не трэба спаць у шапку — усё рабіць, каб не пусціць да сябе веснавога “пеўня”.
На выніковым пасяджэнні, якое вяла І. М. Новікава, былі закрануты і іншыя надзённыя патрэбы вясковага чалавека.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №28 ад 16.04.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *