Вайна. І жанчына з трыма дзецьмі і тачкай

Общество

Вайна. І жанчына з трыма дзецьмі і тачкай
Вайна… Страшнае слова для кожнага чалавека. А асабліва для жанчыны, у якой на руках малыя дзеці. І толькі ад яе залежыць, застануцца дзеці жыць у гэты жудасны час ці не.
Пра сваё ваеннае маленства, пра подзвіг сваёй маці расказала нам Лідзія Аляксандраўна Сямёнава, жыхарка вёскі Мішневічы.

“Калі пачалася вайна, мы жылі ва Украіне, у горадзе Ілавайск. Мне было чатыры гады, старэйшаму брату – пяць, малодшаму – тры. Бацьку забралі на фронт, і мы з маці засталіся адны, – расказвае Лідзія Аляксандраўна. – Хутка ў горад прыйшлі немцы, пачаліся сапраўдныя жахі. Была зіма, нас вялі на расстрэл, раптам мама кінула нас у снег на абочыну і кінулася туды сама. І тут пачаўся абстрэл. Людзі падалі забітыя, а мы засталіся жывыя…”
Пасля гэтага Марыя Якаўлеўна (мама Лідзіі Аляксандраўны) цвёрда вырашыла: ісці на радзіму, у Беларусь, бо гэта адзіны шанц выратаваць сваіх дзяцей.
Так пачалася іх доўгая дарога дадому. Малодшага сына Марыя Якаўлеўна цягнула на тачцы, а старэйшыя дзеці ішлі самі. Ці трэба казаць, колькі на гэтым шляху было выпрабаванняў і якіх! Галоўнае – голад. Часам не было нават скарынкі хлеба, каб даць дзецям, таму елі траву, гарэлае зерне. Калі па дарозе траплялася вёска, маці пакідала дзяцей на старэйшага, а сама ішла прасіць ежу, і ўсё, чым маглі дапамагчы спагадлівыя людзі, аддавала дзецям.
“Мама за гэты час так схуднела, што засталіся толькі косці, абцягнутыя скурай, – з болем успамінае Лідзія Аляксандраўна. – А аднойчы  мы сустрэлі немцаў, было вельмі страшна. Мама спужалася, што нас не адпусцяць. Але адзін немец дастаў хлеб, намазаў яго маслам і даў кожнаму з дзяцей і жанчыне таксама. Гэты хлеб здаваўся нам самым смачным на свеце! Мама не ела, хацела аддаць нам свой кавалак. Тады нямецкі афіцэр загадаў, каб яна з’ела хлеб. Пасля нас адпусцілі. Немец пашкадаваў нас, можа, і яго дома чакалі жонка і дзеці…”
Бясконца доўгі і непасільна цяжкі месяц доўжылася дарога да сваіх родных, да маленькай вёсачкі Новае Барсучына. У той змарнелай высахлай ад голаду і пакут істоце вяскоўцы не адразу пазналі былую прыгажуню Маню.
У вайны не жаночы твар… Але жанчына выжыла, выцягнула з пекла сваіх дзяцей. Так яна, сапраўдная ЖАНЧЫНА. А яе дзеці зараз ужо сталі дзядулямі і бабуляй…
Гісторыяй гэтай беларускай жанчыны Марыі зацікавіўся віцебскі пісьменнік У. В. Крайнеў, ён напісаў трылогію “Вялікае ў малым”, у якой абагуліў вобраз Марыі, падкрэсліў гераічнасць жанчын-маці на вайне.
Вольга РАМАНЕНКА, студэнтка ВДУ імя П. М. Машэрава.
Надрукавана ў №51 ад 01.07.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *