Происшествия. Криминал

Крымінал. Здарэнні

Здарэнні. Крымінал
Пра здарэнні, якія адбыліся за тыдзень на тэрыторыі нашага раёна, расказаў першы намеснік начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў Ігар Шаціла.

Фаўстпатрон
Пры разборцы нежылога дома ў в. Дабея на гарышчы быў знойдзены фаўстпатрон часоў Вялікай Айчыннай вайны. Нямецкая ўстаноўка для знішчэння танкаў абясшкоджана і знішчана.

Мотакультыватар
У міліцыю звярнулася жыхарка Мікалаева з той нагоды, што з яе гаража прапаў мотакультыватар. Невядомы злодзей вырваў дзвярны прабой і скраў тэхніку. Урон, нанесены гаспадыні, складае 9 мільёнаў (900) рублёў.

Пагроза забойствам
Муж жыхаркі райцэнтра пагражаў ёй забойствам. У час апошняй сваркі так схапіў за шыю сваю жонку, што тая страціла прытомнасць. За па-грозу забойствам супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа. Яму пагражаюць грамадскія работы або штраф, або папраўчыя работы на адзін год, або арышт, або абмежаванне волі да двух гадоў, або па-збаўленне волі на той жа тэрмін.

Пакалечыўся
З рванымі ранамі і пераломамі левай рукі ў цэнтральную раённую бальніцу быў дастаўлены механізатар СФГ “Раднік”. Як высветлілася, рука мужчыны ў час рамонту камбайна трапіла паміж рамянём і шнэкам. Матэрыял праверкі перададзены ў Шумілінскі аддзел Следчага камітэта.

Мак
У чэрвені супрацоўнікі РАУС склалі дзесяць адміністрацыйных пратаколаў на жыхароў раёна за тое, што на іх агародзе рос мак. За гэта пагражае штраф да 20 БВ. Работнікі міліцыі нагадваюць, што вырошчванне маку забаронена, і нават калі ён на градках насеяўся сам, яго трэба вырваць.

Са зводак ДАІ
Нецвярозы

Жыхар в. Пабеда, які ў сакавіку гэтага года атрымаў пасведчанне трактарыста-машыніста, сеў за руль МТЗ у стане алкагольнага ап’янення. Пры гэтым на прычэп трактара не было тэхагляду. Мужчыну пагражае штраф памерам у 103 базавыя велічыні і пазбаўленне правоў на тры гады.

Без “ручніка”
Жыхар в. Зямцы, які ехаў на “Фальксвагене” па  Гарадку, пасля прыпынку аўтамабіля не паставіў яго на ручны тормаз. У выніку аўтамабіль пакаціўся прама ў кювет. Вадзіцель, на якога складзены пратакол, выкліканы на адміністрацыйную камісію ДАІ РАУС.

Без шлема
Супрацоўнікі дарожна-патрульнай інспекцыі затрымалі жыхара Обалі, які без шлема ехаў на мапедзе. Пры гэтым мужчына не меў пры сабе правоў, а таксама страхоўкі і тэхагляду на мапед. За гэтыя парушэнні яму пагражае штраф памерам у 12 БВ  – 2 млн. 520 тыс. (252) рублі.

У кювеце
Жыхар Язвіна, які ехаў на трактары па в. Забеліна Віцебскага раёна, не ўлічыў складанасці вясковай дарогі, не справіўся з кіраваннем і з’ехаў у кювет. Вадзіцель не пацярпеў, а трактару патрабуецца рамонт. Мужчыну пагражае штраф або пазбаўленне правоў на адзін год.
Падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №54 ад 12.07.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *