Придёшь с ребёнком на озеро, а там пьяная компания…

Общество

Чаму не хочацца на возера?
Чакаеш-чакаеш гэтага лета, а потым і не ведаеш, радавацца табе ці плакаць. У спадзяваннях добра правесці час мы адпраўляемся бліжэй да вады. Але толькі аднаму Богу вядома, што нас там чакае.

Акультураных, прыстасаваных для адпачынку берагоў у нашым азёрным краі не так і шмат, а жадаючых адпачыць, астудзіцца і скарыстаць летнія дні па самым прамым іх прызначэнні – багата.
Праўда, не кожны пад фармулёўкай “добра адпачыць” разумее тое ж, што і ты. Вось і атрымліваецца, што адпачынак – гэта латарэя, дзе ад цябе самога ў канчатковым выніку нічога і не залежыць. А залежыць усё ад таго, хто акажацца побач. І гэта адчуванне так моцна замацавалася ў падсвядомасці, што адразу і не разбярэш, чаму па дарозе да возера становіцца злёгку трывожна. Здаецца, усё выдатна, надвор’е цудоўнае, дзеці шчаслівыя. І толькі ўбачыўшы кампанію, якая “акупіравала” пляж з мэтай не толькі купацца і загараць, але і ўзмацняць адчуванні адпаведнымі напіткамі, разумееш прычыны той самай трывогі.
Той факт, што на возеры можна піць спіртное, для многіх такі відавочны, што заўвагі на гэты конт яны могуць успрымаць з непадробным здзіўленнем. Сапраўды, як гэта на возеры – і нельга выпіць. Глупства, ды і толькі. Гэты ж “закон” спрацоўвае і ў выпадку з альтанкамі, якія абсталяваны сталамі. Калі ёсць стол, то павінна быць і застолле – неяк так.
Трапіўшы пад уздзеянне спіртнога, нават не самы дрэнны чалавек пачынае весці сябе развязана, шумна, сваё замілаванне прыродай і добрымі імгненнямі жыцця хоча выказваць з дапамогай “недзіцячай” лексікі. Яны паступова становяцца “гаспадарамі” ўсяго берага, і самы лепшы варыянт для ўсіх, хто не хоча быць гледачом такога “свята душы і цела”, пашукаць сабе іншае месца ці адправіцца дадому. Самае складанае тут – патлумачыць дзецям, чаму купанне, якога яны чакалі ўвесь дзень, так хутка скончылася…
І ў канчатковым выніку ў такіх сітуацыях мы безабаронныя. Наша грамадзянская свядомасць і жаданне парадку і справядлівасці “не дараслі” яшчэ да ўзроўню, калі ў такім выпадку станеш выклікаць міліцыю. Не прынята. Няма жадання звязвацца, марнаваць свой час, не хочацца яшчэ больш псаваць сабе настрой. Такое патуранне, вядома, развязвае рукі аматарам адпачыць на прыродзе. Простымі словамі – яны нічога не баяцца, не адчуваюць за сабой ніякай віны. Думаецца, што многія нават і не здагадваюцца, што такія паводзіны супярэчаць заканадаўству.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №56 ад 19.07.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *