И это всё было в «Алом парусе» в Лесковичах!

Общество

Лета як маленькае жыццё
Другая змена летніка “Пунсовы ветразь” у Лескавічах прыняла больш за 100 школьнікаў ад 6-ці да 15-ці год. Прычым адпачывалі там не толькі дзеці з нашага раёна, але і спартсмены адной з віцебскіх спартыўных школ. Таму і адпачынак, як заўважыла начальнік летніка Вера Якубёнак, меў фізкультурна-аздараўленчую накіраванасць. Прайшло шмат спартыўных мерапрыемстваў, і юныя спартсмены не спынялі сваіх трэніровак.
А наогул жыццё ў летніку было напоўнена самымі разнастайнымі падзеямі, што стала нагодай для дзяцей захацець зноў вярнуцца сюды наступным летам.
Паспрабаваць сябе ў экстрэмальнай гульні лазертаг, пабываць на пастаноўцы сусветна вядомага тэатра “Лялька”, трапіць у сапраўдны планетарый – хіба гэта не выключная магчымасць. І ўсё гэта за адну лагерную змену.
Яшчэ музейныя заняткі ў летніку правялі навуковыя супрацоўнікі гісторыка-краязнаўчага музея, а іерэй Вадзім Яско запрасіў дзяцей у мясцовы храм, дзе расказаў ім шмат цікавага. Усім запомніліся вясёлыя дыскатэкі,  добрыя і справядлівыя выхавальнікі.
Сяргей Зорын:
– Вельмі спадабалася ў летніку. Запомнілася гульня лазертаг, смачная ежа. Я знайшоў шмат сяброў і сяброўку.
Даніла Казакевіч:
– Вельмі добры летнік. Я шмат удзельнічаў у конкурсах, любіў хадзіць на дыскатэкі. І хоць амаль усю змену ліў дождж, сумаваць за шматлікімі гульнямі і конкурсамі не прыходзілася. Асабіста мне запомнілася “Зааэстафета”.
Бажэна Самарына:
– Вельмі спадабаліся возера, пляж. Але шкада, што было мала сонечных дзён, і мы купаліся ўсяго некалькі разоў.
Ганна Харытановіч:
– У “Пунсовым ветразі” было вельмі цікава. Асаб-ліва спадабаўся Дзень эканомікі. У гэты дзень я заробіла 400 тубрыкаў.
Ульяна Шульц:
– Спадабалася тая сяброўская атмасфера, што панавала ў летніку. З’явілася шмат новых сяброў. На наступны год я абавязкова сюды вярнуся.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №58 ад 26.07.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *