К председателю Шумилинского райисполкома обратились не только с жилищно-коммунальными вопросами, но и с просьбой защитить от волков

Актуалии Общество Президент

З набалелым – да кіраўніка раёна
У суботу “прамую лінію” і прыём грамадзян правёў старшыня райвыканкама Аляксандр Снараў. Да кіраўніка раёна звярнулася 11 грамадзян. Аляксандр Іванавіч уважліва выслухаў кожнага, хтосьці атрымаў адказ адразу, іншыя пытанні патрабавалі дадатковага вывучэння і былі адрасаваны адпаведным службам.
Самыя актуальныя пытанні былі па прыватызацыі жылля. Працэс увайшоў у фінальны этап. З 1 ліпеня спынены прыём заяў на прыватызацыю. Усё непрыватызаванае жыллё перайшло ў разрад камерцыйнага і ў жніўні за яго трэба будзе плаціць арэндную плату. Вось і паспрабавалі апошнім тыднем вырашыць свае пытанні двое жыхароў раёна.
Тэлефонны званок з Амбросавіч утрымліваў скаргу на спецыялістаў ААТ “Прыазёрны мір”, якія, па словах заяўніка, цягнуць час і ніяк не выдадуць неабходныя для прыватызацыі жылля даведкі. Аляксандр Іванавіч даручыў спецыялістам  райвыканкама ўзяць пытанне на кантроль і аператыўна яго вырашыць.
Жыхар райцэнтра прыйшоў на прыём асабіста. Ён не згодны з ацэнкай прыватызуемага жылля і правёў за ўласны кошт яго пераацэнку ў прыватнай фірме. Але атрымалася, што гаспадар выкінуў амаль 800 тысяч рублёў дарэмна, бо па законе ацэнку дзяржаўнага жылля, якое прыватызуецца, можа праводзіць толькі дзяржаўная ўстанова. Заяўнік атрымаў тлумачэнне, што калі ён да 1 жніўня выплаціць поўнасцю першапачатковы ўзнос за жыллё (а большую частку ён ужо заплаціў), то арэндная плата налічвацца не будзе.  А пры жаданні паўторную ацэнку трэба будзе правесці ў дзяржаўнай установе.
Яшчэ дзве грамадзянкі прыйшлі на прыём да старшыні з камунальнымі пытаннямі, якія выкліканы дажджлівым надвор’ем. Непрыемна, калі ў кватэры са столі цячэ вада, ды яшчэ і па электрычных правадах. Дырэктар УП ЖКГ Іван Штуро ўзяў пытанне на асабісты кантроль. Уладальніца  прыватнага дома паскардзілася на патокі вады, якія з усёй вуліцы сцякаюць на яе агарод і ў падвал дома. Пытанне патрабуе вывучэння сітуацыі на месцы і пры неабходнасці ўладкавання водаадвядзення.
Паратунку ад ваўкоў папрасіла жыхарка вёскі Лажок, у якой шэры драпежнік выразаў авечак, існуе пагроза і іншай жывёле, якая пасвіцца ў электрапастуху.
Прасілі дапамогі з працаўладкаваннем у райцэнтры, з рамонтам кватэры ў Амбросавічах і са зносам закінутых дамоў у Пабедзе, з падыходам да кантэйнераў для смецця на вуліцы Шумілінскай і з пад’ездам да могілак у Светласельскім сельсавеце. Па ўсіх пытаннях дадзены даручэнні адпаведным службам.
“Прамыя” лініі і прыёмы грамадзян па суботах кіраўнікамі органаў улады рознага ўзроўню трывала ўвайшлі ў жыццё і сталі сродкам сувязі паміж жыхарамі краіны і ўладамі. Большасць грамадзян імкнецца данесці да ўладаў і вырашыць набалелыя праблемы, уласныя ці грамадскія. Менавіта такія звароты сустракаюць падтрымку і дапамогу з боку ўладаў. На жаль, некаторыя спрабуюць скарыстацца гэтай сувяззю з мэтай нейкім чынам абысці законныя нормы і правілы. Нават калі атрымліваюць абгрунтаваны, але адмоўны адказ, то спрабуюць зноў і зноў дабіцца карыснага для сябе рашэння. Застаецца толькі нагадаць такім грамадзянам, што любое рашэнне можа быць прынята толькі ў рамках дзеючага заканадаўства. І яшчэ, многае людзі могуць зрабіць самастойна, але чамусьці самі, не паварушыўшы пальцам, патрабуюць, каб нехта зрабіў для іх персанальна. А можа ўсё ж паспрабаваць самім нешта зрабіць для сябе ж?
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №58 ад 26.07.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *