Шумилинская паспортная служба отметила своё 95-летие

Общество

Групе па грамадзянству і міграцыі РАУС – 95: віншавалі былых калег са святам
У 1920 годзе загадам па Віцебскай губернскай савецкай рабоча-сялянскай міліцыі  было створана Сіроцінскае раённае аддзяленне міліцыі. З 1924 года ў яго штат уваходзіла 8 чалавек, а начальнікам быў Стэфан Качаргін. Для абслугоўвання раёна было 4 кані, калёсы і двухколка. З 1944 года на пасадзе начальніка пашпартнага стала Сіроцінскага аддзялення міліцыі працавала Анастасія Емяльянаўна Карпенка.  Гэтыя і іншыя гістарычныя звесткі згадалі спецыялісты групы па грамадзянству і міграцыі РАУС, якія разам з намеснікам начальніка аддзела ўнутраных спраў Ю. А. Арловым наведалі на мінулым тыдні сваіх ветэранаў.
Былы начальнік пашпартнага стала Д. А. Галуза вельмі быў рады візіту калег. Дзмітрый Аляксандравіч расказаў пра гады сваёй маладосці, пра работу ў пашпартным стале. Чалавек смелы і адчайны, Д. А. Галуза пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС паехаў працаваць у Брагін. Ён прымаў удзел у адсяленні людзей з чарнобыльскай зоны, афармляў дакументы, выдаваў пашпарты. Быў глыбока перакананы, што без яго дапамогі там не абыдуцца. Дзмітрый Аляксандравіч быў узнагароджаны медалём “За бездакорную службу” 2-ой ступені.
Вядучыя спецыялісты групы па грамадзянству і міграцыі РАУС А. І. Пракоф’ева і У. І. Ушал, старшы пашпартыст А. Ф. Сачнёва павіншавалі свайго былога калегу з 95-годдзем з дня ўтварэння службы, пажадалі здароўя, аптымізму і дабрабыту.
Калі Дзмітрый Аляксандравіч даведаўся, што супрацоўнікі РАУС завітаюць  і да былога старшага пашпартыста М. М. Каралёвай, то весела ўсміхнуўся і сказаў: “Гэта ж мая настаўніца, яна многаму мяне навучыла, перадавайце ад мяне найлепшыя пажаданні”.
І Марыя Малахаўна была рада іх пачуць. “Мы ганарыліся тады і ганарымся зараз, што выдавалі пашпарты сваім землякам”, – кажа Марыя Малахаўна.  М. М. Каралёва згадала, як у 1976 годзе выдалі 4218 пашпартоў, а ў снежні працавалі ўжо за наступны год. Гэтую “пашпартную лічбу” жанчына помніць дакладна, а ў пацвярджэнне паказала нам выразку з насценнай газеты, якая ў 70-ыя гады выдавалася рэгулярна. “Бывала, за дзень спецчарніламі выпісвалі да паўсотні пашпартоў, – кажа Марыя Малахаўна. – А пашпарт каштаваў тады два рублі. Каб іх  усе выдаць, мы ездзілі па розных вёсках раёна. Помню, да Казьян нас падвозілі на бензавозе. Было лета, мы папрасілі ў адной з гаспадынь стол са стулам, паставілі іх ля хаты. Вестка “Пашпарты выдаюць!” умомант абляцела ўсю вёску, і ля стала нават чарга сабралася. Людзі з цікавасцю разглядалі свае пашпарты, фотаздымкі ў іх. Як высветлілася, многія вяскоўцы атрымалі такі дакумент упершыню ў жыцці”. За бездакорную работу М. М. Каралёва ў свой час была ўзнагароджана шматлікімі граматамі раённага і абласнога ўзроўняў, а таксама падзякай Міністэрства ўнутраных спраў Беларускай ССР.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 97 ад 11.12.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *