Заботы директора школы Людмилы Васильевой

Образование Общество

Дырэктар і дэпутат

Якім павінен быць кіраўнік установы адукацыі? Безумоўна, адукаваным, творчым, ініцыятыўным. Ён павінен граматна кіраваць кадрамі, дакладна ставіць мэты перад сабой і калегамі, ператвараць гэтыя мэты ў жыццё. Менавіта такіх прынцыпаў прытрымліваецца дырэктар Кардонскай школы Людміла Васільева.
Людміла Уладзіміраўна – самы малады дырэктар школы ў раёне. На пасадзе яна з верасня мінулага года, дакладней, шэсць месяцаў.  Маладога кіраўніка азадачылі з першага дня работы: па тэхніцы пажарнай бяспекі ў падвальным памяшканні нельга было, як раней, размяшчаць кабінеты абслугоўваючай і тэхнічнай працы. Супрацоўнікі РАНС выдалі навучальнай установе прадпісанні і рэкамендацыі ў двухмесячны тэрмін перанесці гэтыя два кабінеты ў будынак школы.
“За работу ўзяўся ўвесь калектыў, як кажуць, адзін кіраўнік – у полі не воін, – усміхаецца Л. У. Васільева. – Кабінет тэхнічнай працы мы размясцілі ў былой трэнажорнай зале. Пафарбавалі сцены, падлогу – справіліся хутка. Цяжэй было з кабінетам абслугоўваючай працы, месца для якога зусім не было. Таму вырашылі на першым паверсе ў фае школы пабудаваць новы кабінет. Нам вельмі дапамаглі нашы шэфы з  КУСГП “Ульскі”, якія выдзелілі дзве тоны зерня, за якое выручылі 2400 рублёў. На іх і закупілі неабходныя матэрыялы. Наш калектыў – ад настаўнікаў да тэхперсаналу – рупіўся тры вечары да апоўначы. Разам радаваліся вынікам сваёй работы. Хочацца сказаць вялікі дзякуй ўсяму калектыву і асабліва адзначыць нашага рабочага Пятра Іванавіча Прыгуна, вартаўніка Аляксандра Іосіфавіча Барадзюлю, загадчыцу гаспадаркі школы Галіну Уладзіміраўну Бужынскую, чыімі працавітымі рукамі школа набыла прыстойны выгляд”.
У спартыўнай зале, якая, дарэчы, у гэтым навучальным годзе была таксама адрамантавана, былое гаспадарчае памяшканне прыстасавалі пад невялікую, але ўтульную і зручную трэнажорную залу.
Адрамантаваным кабінетам можа пахваліцца і дэфектолаг мясцовай школы. Клас даспадобы і тым дваццаці дзеткам, якія наведваюць карэкцыйныя заняткі.
Сто восемдзесят дзён на дырэктарскай пасадзе. Як бачна, за гэты час зроблена нямала, а хочацца яшчэ больш (у бліжэйшы час мяркуюць адрамантаваць раздзявалкі для дзяцей). Сціплы дырэктар школы кажа, што ў рамонце заслуга ўсяго калектыву. Але ж калегі Людмілы Уладзіміраўны не скідваюць з рахункаў ініцыятыву свайго кіраўніка, яе ўменне аналізаваць, кантраляваць, быць выдатным менеджарам, педагогам і лідарам, здольным весці за сабой увесь калектыў.
Не выпадкова, што Л. У. Васільева абрана дэпутатам раённага Савета дэпутатаў па Кардонскай выбарчай акрузе № 27. Актыўнасць Людмілы Уладзіміраўны, яе адкрытасць і імкненне ісці насустрач людзям дапамогуць на грамадскай пасадзе.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №16 ад 23.02.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *