Социальный работник Катерина Гридюшко: работа требует заботы и терпения

Актуалии Общество

“Спагадлівасць у мяне ў крыві”

Свой асэнсаваны выбар працаваць сацыяльным работнікам Кацярына Грыдзюшка з Обалі тлумачыць вельмі проста: “Гэта ў мяне, мабыць, у крыві. Я яшчэ ў дзяцінстве часта даглядала сваю бабулю, дапамагала, як магла і чым магла”.

І калі ўжо ў дарослым жыцці паўстала пытанне, якую сферу абраць, адказ знайшоўся сам сабой. Так з 1998 года і да сённяшняга дня Кацярына Васільеўна Грыдзюшка працуе сацыяльным работнікам. Не, праўда, быў невялікі перапынак – тры гады працы на Обальскім керамічным заводзе. Хутка зразумела, што не яе. “Мне больш падабаецца дапамагаць людзям. Атрымліваю нейкі станоўчы імпульс, калі бачу, што мая дапамога патрэбна, што я неабходна”.
Зараз у К. В. Грыдзюшкі на абслугоўванні дзесяць чалавек. Сем’і, адзінокія, пераважна жанчыны, ёсць інвалід 1 групы, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Ёсць і пастаянныя кліенты. Напрыклад, Вера Данілаўна Драздова, якой хутка споўніцца 90, за гэты час настолькі ўжо зраднілася з Кацярынай, што лічыць яе родным і блізкім чалавекам, членам сям’і. “Што б я без яе рабіла? У яе вельмі добрае і чулае сэрца,” – кажа пажылая жанчына. Хоць у яе і пяцёра дзяцей, аднак жа жывуць яны далёка і не могуць часта наведваць маці, а Кацярына заўсёды побач, і днём, і ноччу: прыгатуе, прыбярэ ў кватэры, памерыць ціск, прынясе лекі і прадукты, пагаворыць… Практычна ў кожнага кліента на самым бачным месцы знаходзяцца нумары тэлефонаў Кацярыны: і мабільны, і дамашні. Сацыяльны работнік круглыя суткі на сувязі – ці мала што.
“Складаная ў Кацярыны Васільеўны Грыдзюшкі катэгорыя падапечных, якія патрабуюць шмат увагі, клопату і цярпення, – зазначае загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН Святлана Быкава. – Аднак у яе дужа добра атрымліваецца, яна з усім спраўляецца. Гэта менавіта наш чалавек, які трапіў у сацыяльную сферу невыпадкова. Аднойчы, як кажуць, і, напэўна, назаўжды”.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №1 ад 04.01.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *