Лепшы грамадскі эколаг – Ірына Кулікава

Новости Общество Экология

Лепшы грамадскі эколаг Ірына Кулікава

Па выніках другога этапа рэспубліканскага конкурсу на лепшага грамадскага эколага Ірына Кулікава з Шуміліна заняла другое месца.

Грамадскім эколагам Ірына Кулікава працуе з 2017 года. На яе рахунку мноства рэальных спраў і рэалізаваных праектаў. Па яе ініцыятыве ў раёне створана і паспяхова працуе грамадскае аб’яднанне па садзеянні ўстойліваму развіццю Шумілінскага рэгіёна «ЭкаБум».
Так, у 2020 годзе пад кіраўніцтвам І. У. Кулікавай быў рэалізаваны праект «Новае жыццё двара «Прамень», накіраваны на прыцягненне грамадзян гарадскога пасёлка Шуміліна да добраўпарадкавання сваіх дваровых тэрыторый. Ірына Уладзіміраўна расказвае, што ажыццявіць праект удалося дзякуючы выйгранаму гранту ў конкурсе праектаў «ТАНДЕМ – V». Грант склаў 9 920 долараў ЗША. А рэалізацыя праекта, зазначыла яна, паказала, што актыўныя грамадзяне могуць не толькі самастойна вырашаць узнікаючыя пытанні, але і мяняць прастору вакол сябе на карысць акружэнню. І справа не толькі ў тым, што ў гарадскім двары з’явіўся тэнісны стол, трэнажоры і дзіцячы комплекс, галоўнае ў тым, што жыхары дома адчулі сваё дачыненне і сваю адказнасць за навакольны свет.
Пад кіраўніцтвам грамадскага эколага Кулікавай з мая 2019 па сакавік 2020 года быў праведзены комплекс мерапрыемстваў па паляпшэнні ўмоў для развіцця ў Шумілінскім раёне веласіпеднага руху і велатурызму. Актывістамі аб’яднання «ЭкаБум» быў устаноўлены веламаячок (стэнд па самаабслугоўванні веласіпедаў), дадзены старт школе веласіпеднага руху (арганізацыі перададзены тры веласіпеды для абучэння жадаючых), выкананы дарожныя работы па ўладкаванні веладарожкі, выраблены макет і надрукаваны велатурыстычныя карты (1000 штук). Зрабіць усё гэта ўдалося з дапамогай праекта «Развіццё гарадскога веласіпеднага руху ў інтарэсах грамадскасці Рэспублікі Беларусь». Для «ЭкаБума» было выдзелена і асвоена 17,5 тысячы рублёў (8 500 еўра).
А яшчэ былі акцыі па ўборцы смецця каля вадаёмаў, у тым ліку і падчас «плогінгу» (прыбіранне смецця ў час бегу трушком), збор выкарыстаных батарэек і пластыкавых накрывак, велапрабегі, іншыя мерапрыемствы, накіраваныя на абарону навакольнага асяроддзя, на выхаванне беражлівых адносін да прыроды. І ўсё гэта Ірына Кулікава і яе сябры па грамадскай арганізацыі робяць у свой вольны час. Для многіх з іх экалагічны клопат стаў сямейнай справай.
З 2020 года Ірына Кулікава як грамадскі эколаг уваходзіць у склад Віцебскага абласнога каардынацыйнага экалагічнага савета, актыўна працягвае сваю работу па ахове навакольнага асяроддзя і экалагічнай асветы насельніцтва.
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №86 ад 05.11.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *