Шумилинской СШ №2 исполнилось 60 лет

Край шумілінскі Образование

CШ № 2 – 60 гадоў
1 верасня  СШ №2 г. п. Шуміліна  адзначыла  60-годдзе з дня ўтварэння.
У 1939 годзе ля Шуміліна стала будавацца буйное торфапрадпрыемства “Дабееўскі мох”. Паступова побач вырас пасёлак, а 1 верасня 1956 года адчыніла дзверы Торфабрыкецкая пачатковая школа, якую ўзначаліла Юлія Фёдараўна Карасёва. Спачатку тут працавалі ўсяго чатыры настаўнікі. Але праз год школа “вырасла” ў васьмігодку, тут вучыліся ў дзве змены. Дзеці туліліся ў маленькіх класах, частка школьнікаў займалася ў будынку сельскага клуба і былога дзіцячага сада. У “Школьнай кнізе памяці”, якая вядзецца некалькімі пакаленнямі настаўнікаў школы, захаваліся ўспаміны былога дырэктар школы Лідзіі Захараўны Асташонак (Васілеўскай): “У школе ў 1956 годзе вучылася ў дзве змены 400 вучняў. Некаторыя дзеці былі з вельмі бедных сем’яў: прыходзілі ў школу не толькі босыя, але і галодныя. Таму школьны абед быў для іх паратункам. Настаўнікі з усіх сіл стараліся дапамагчы дзецям. Увогуле калектыў быў дружным, на-дзейным, згуртаваным. Настаўнікі былі гатовы працаваць 24 гадзіны ў суткі”.
На працягу некалькіх гадоў павялічвалася колькасць будынкаў. У школе працаваў буфет, непадалёк была сталовая (пад яе прыстасавалі былую кантору  прадпрыемства “Дабееўскі мох”).
У 1959 годзе быў ўзве-дзены двухпавярховы будынак школы – сапраўдны доўгачаканы падарунак для дзяцей і настаўнікаў.
Сярод настаўнікаў школы быў і ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны – Васіль Аляксандравіч Лаўрук, які ваяваў на Ленінградскім фронце, быў снайперам. На працягу ўсёй блакады Васіль Аляксандравіч знаходзіўся на перадавой. Узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны I і II ступеняў за ўдзел у баях пры прарыве блакады і за вызваленне Нарвы.
У 1961 годзе СШ № 2 зрабіла свой першы выпуск, які налічваў 9 чалавек. Але з кожным годам выпускнікоў станавілася ўсё больш, і ў  1969 годзе іх было ўжо 41.
Школа ганарыцца сваімі выпускнікамі. Многія з іх сталі кіраўнікамі, славяць наш раён натхнёнай працай: Аляксей Крыўко – дырэктар ПМК-70, Юрый Маскалькоў – начальнік РУЭС , Святлана Сільчанка – былы дырэктар раённай гімназіі, Аляксандра Пальвінская – урач-тэрапеўт раённай бальніцы, Святлана Бараноўская – чэмпіёнка Еўропы па вавінам в’ет во дао і многія іншыя
Мы пагутарылі з былым дырэктарам школы А. П. Яско, які жыве ў райцэнтры.  “Я прыйшоў працаваць у школу ў 1967 годзе, – згадаў Анатоль Піліпавіч. – Ля тыльнага боку будынка было сапраўднае балота – настаўніцкімі сіламі засыпалі яго камянямі, шчэбенем.  У 70-ыя гады  ля СШ № 2 была пабудавана цяпліца. Гурток юных натуралістаў разводзіў трусоў, для якіх за школай быў пабудаваны невялікі хляўчук. У школе працаваў аўтаклас (яго будавалі настаўнікі), у якім вучыліся як хлопцы, так і дзяўчаты. Многія і зараз з удзячнасцю ўспамінаюць свайго настаўніка Валерыя Глебавіча Гніламёдава, які добра рыхтаваў да тэарэтычнага экзамену ў ДАІ”.
Тры гады таму Шумілінскай СШ № 2 было прысвоена званне імя А. І. Дубасарскага, лётчыка-героя, які прымаў удзел у вызваленні нашага раёна.
У апошнія гады СШ № 2 пабагацела на вучняў. Сёлета ў  школу прыйшлі 242 вучні, тут працуе 30 педагогаў. “Мы працуем над тым, каб даць нашым вучням якасную адукацыю, шукаем новыя формы работы, стымулюем асабісты творчы рост кожнага дзіцяці, імкнёмся максімальна развіваць яго здольнасці, – расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 2 М. В. Федчанка. – І вынік ёсць: сёлета палова выпускнікоў сталі студэнтамі ВНУ”. Дарэчы, з гэтага навучальнага года ў СШ № 2 г.п. Шуміліна новы дырэктар – Жанна Іванаўна Рагуновіч. Пажадаем ёй і ўсяму калектыву натхнення ў рабоце і поспехаў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №70 ад 06.09.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *