Шумилинские лесники помогают ликвидировать последствия урагана в Минской области

Актуалии Новости Экономика

Шумілінскія леснікі дапамагаюць Міншчыне
Ураганы са шквальнымі вятрамі, якія прайшліся па Міншчыне ў першай палове ліпеня, нарабілі нямала бяды ў лясах. І Міністэрствам лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь было прынята рашэнне накіраваць на Міншчыну памочнікаў з усіх лясгасаў.
Брыгада шумілінскіх леснікоў, якая налічвае 35 чалавек, з 18 ліпеня працуе на тэрыторыі Раваніцкага лясніцтва, што ў Чэрвеньскім раёне.  Вальшчыкі, механізатары, вадзіцелі, лесарубы  з Шумілінскага, Мішневіцкага, Мікалаеўскага, Казьянскага, Обальскага лясніцтваў ліквідуюць бураломы ў лясах Мінскай вобласці.
“Па хадайніцтве Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі  і ў сувязі з дапамогай па высечцы лесу і распрацоўцы лесасек на Міншчыне Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця  выдзеліў крэдыты ўсім лясніцтвам на пакупку новай тэхнікі, – расказаў дырэктар Шумілінскага лясгасу І. Я. Папок.  – У прыватнасці, наша лясніцтва набыло тры новыя “Газелі”.  Акрамя таго, на Міншчыне працуюць два нашы “Амкадоры”, пяць МТЗ, два МАЗы,  “Харвестар” і “Фарвардар”. Нашы работнікі спілоўваюць паваленыя ці вывернутыя з коранем дрэвы, разразаюць і вядуць адгрузку лесу на Жодзінскую ТЭЦ, з якой мы папярэдне заключылі дагавор. За дзень адгружаем каля шасцідзесяці вагонаў.  Кіруе пагрузкай малады і талковы майстар Уладзіслаў Сяргееў. Шумілінцы працуюць у лесе ўвесь светлавы дзень. Нам даведзена заданне высекчы 12 тысяч кубаметраў лесу. На 1 верасня нарыхтавалі 7,5 тысячы кубаметраў. Так што план выканаем. Тым больш, што работнікам лясніцтваў, якія працуюць на Міншчыне, павялічаны расцэнкі. І нашы людзі стараюцца зарабіць грошай. Падлічана, што заробак за месяц будзе амаль напалову вышэй звычайнага. Работнікі нашага лясніцтва застануцца на Міншчыне да 1 лістапада. Да гэтага часу агульнымі сіламі ўсіх лясніцтваў будзе высечана тры мільёны кубаметраў лесу, а на гэтым месцы пасаджаны мала-дзенькія дрэўцы”.
Работнікі Шумілінскага лясгасу працуюць на Міншчыне па два тыдні, потым мяняюцца. Але ёсць і такія, што рупяцца на тэрыторыі Раваніцкага лясніцтва з першых дзён ліквідацыі буралому: механізатары Сяргей Краўчанка і Станіслаў Мураўёў,  аператары Анатоль і Уладзімір Чарнічэнкі, вадзіцель Ілья Дзёмух.
Дарэчы, кіраўніцтва Шумілінскага лясгасу стварыла для сваіх работ-нікаў на Міншчыне ўсе ўмовы для работы і адпачынку: аплацілі жыллё, завезлі халадзільнік, газавыя пліты і балоны, ложкі, заключылі дагавор з Чэрвеньскім райспажыўтаварыствам на двухразовае гарачае харчаванне, выдалі спецадзенне, ахоўныя каскі, сродкі індывідуальнай аховы ад насякомых. “Грамадскія інспектары па ахове працы часта наведваюць нашых работнікаў на Міншчыне, – расказала старшыня прафсаюзнай арганізацыі лясгасу Святлана Лявонава. –  Мы кантралюем пытанні арганізацыі адпачынку і быту. Але перш-наперш прафсаюз клапоціцца пра ахову працы. Спецыялісты лясгасу павінны вярнуцца з камандзіроўкі жывымі і здаровымі. Па словах майстраў, шумілінцы працуюць на Міншчыне добра. Мяркуем да Дня работнікаў лесу выдзеліць ад прафсаюза матэрыяльнае ўзнагароджанне лепшым работнікам”.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №70 ад 06.09.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *