Шумилинские дорожники отпраздновали 50-летний юбилей

Актуалии Экономика

Дарога як лёс

Філіялу Шумілінскае ДРБУ №204 КУП “Віцебскаблдарбуд” – 50 год

12 верасня 1966 года ў Шуміліне на базе невялікага будаўнічага ўчастка ўтварылася дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне №204. Трэцяга кастрычніка 2005 года прадпрыемства ўвайшло ў склад КУП “Віцебскаблдарбуд” і стала яго філіялам. Асноўны від дзейнасці – выкананне работ, звязаных з будаўніцтвам, рэканструкцыяй, рамонтам і ўтрыманнем аўтамабільных дарог агульнага карыстання і штучных збудаванняў на іх. Арганізацыя абслугоўвае 670 кіламетраў аўтамабільных дарог: з іх асфальтабетонных – 258 км, гравійных – 305 км, грунтовых – 107 км, 48 мастоў працягласцю 1230 метраў, 775 штук водапрапускных труб працягласцю 10554 метры.

9 верасня ў раённым цэнтры культуры прайшло ўрачыстае святкаванне 50-годдзя з дня ўтварэння ДРБУ № 204. Удзел у святкаваннях узялі кіраўнік раёна Аляксандр Снараў, генеральны дырэктар КУП “Віцебскаблдарбуд” Уладзімір Мацвееў і іншыя шаноўныя госці.

Словы шчырых віншаванняў, добрых пажаданняў, прызнання важнасці і бездакорнасці працы гучалі ў гэты дзень у адрас дарожнікаў. Работа лепшых была адзначана ганаровымі ўзнагародамі, шмат цёплых слоў прагучала ветэранам працы.
Звяртаючыся да юбіляраў, кіраўнік раёна назваў іх калегамі, і гэта не выпадкова. “Усё маё дзяцінства прайшло на тэрыторыі Лёзненскага ДРБУ №107. Бацька мой – дарожнік, брат таксама, ды і сам я 5 год працаваў у гэтай галіне. Мы з вамі сябры”, – патлумачыў сваю пазіцыю Аляксандр Снараў. Ён абазначыў важнасць няпростай работы дарожнікаў, выказаў словы віншаванняў ветэранам працы, якіх у святочнай зале было багата. Асобныя словы – у адрас сённяшняга кіраўніка Руслана Насцюшкіна, які, па словах А. І. Снарава, узначальвае сёння самую моцную арганізацыю ў раёне. “ДРБУ-204 паказвае прыклад усім арганізацыям па эфектыўнасці, прадукцыйнасці працы, якасці работ, дысцыплінаванасці і па навядзенні парадку на сваёй тэрыторыі. Дзякуй вам за стабільную працу”, – віншаваў юбіляраў Снараў. Ён паціснуў руку Р. М. Насцюшкіну, дадаўшы, што акрамя ўсяго гэты малады кіраўнік яшчэ і выдатны сем’янін. Ганаровай граматай Шумілінскага райвыканкама быў узнагароджаны Д. К. Назараў – машыніст укладчыка асфальтабетону.
“Быццам, і залаты юбілей, але для арганізацыі гэта не так і шмат. У той жа час, калі памножыць на 50 тыя кіламетры дарог, якія вы пабудавалі, капітальна адрамантавалі, якія вы ачысцілі і падсыпалі, зрабілі разметку і гэтак далей – тады выходзіць, што зямны шар не раз па кругу можна абысці,” – вобразна пачаў сваё выступленне куратар арганізацыі намеснік старшыні райвыканкама Алег Быкаў.  Ён заўважыў, што сёння след нашых дарожнікаў ёсць у любым кутку раёна, падкрэсліў, што яны маюць практыку працаваць у іншых рэгіёнах. “Вы сапраўды можаце годна выконваць пастаўленыя перад вамі задачы. І той дом, які сёння быў здадзены ў эксплуатацыю, – таксама прыклад вашага прафесіяналізму: мы не ўбачылі на асфальце ніводнага люстэрка вады, – падмацаваў фактамі сваё выступленне Быкаў. – Нягледзячы на тое, што сёння вы апынуліся ва ўмовах жорсткай эканоміі сродкаў, вы ўсё ж знаходзіце магчымасць праводзіць цякучы і ямачны рамонты. Нягледзячы на аптымізацыю, якую перажыло прадпрыемства, вы годна выконваеце і, я ўпэўнены, будзеце выконваць тыя задачы, якія стаяць перад дарожнай галіной нашага раёна. І мне вельмі прыемна, што ваша арганізацыя займае адну з лідзіруючых пазіцый у вобласці. Я жадаю вам так трымаць”.
Фінансавага дабрабыту пажадала дарожнікам начальнік фінансавага аддзела райвыканкама А. С. Сідарэнка.
Лепшым кіраўніком сярод КУП “Віцебскаблдарбуд” назваў Руслана Насцюшкіна генеральны дырэктар прадпрыемства Уладзімір Мацвееў, які прыехаў раздзяліць свята з калегамі і выказаў у іх адрас шмат шчырых добрых слоў.
“Дарогі – гэта перш за ўсё людзі, людзі, якія воляй лёсу  ці па дынастыі прыйшлі ў прафесію, якія ўкладваюць сваё жыццё, здароўе, сэрца, душу ў гэту цяжкую работу ў любы час сутак, якія працуюць на бяспеку, што, часам, і непрыкметная чалавеку, які праязджае па дарозе. Сёння нехта незадаволены пылам на нашых гравійках, але па іх можна праехаць; нехта аб’ехаў ямку, якую вы ў час не адрамантавалі, але па дарозе можна праехаць; можна праехаць на вяселле, урачыстасць у любую кропку краіны па нашых мясцовых аўтамабільных дарогах, – гаварыў прыемныя словы госць. – Прафесіяналізм, надзейнасць, упэўненасць – эпітэты, якімі можна ахарактарызаваць асобу кіраўніка і ўвесь калектыў ДРБУ № 204”.
У. С. Мацвееў падарыў юбілярам аргтэхніку. Таксама ён уручыў Ганаровыя граматы КУП “Віцебскаблдарбуд” Р. М. Насцюшкіну, М. Г. Сідарэнку – электрагазазваршчыку. Аб’явіў удзячнасць інжынеру па ахове працы С. А. Бельскай.
Павіншаваў калег і ветэранаў працы  Руслан Насцюшкін. “Няхай юбілейны год стане годам стартаў новых паспяховых праектаў, кропкай адліку новага этапа развіцця. Самае каштоўнае для нас – гэта добрыя таленавітыя людзі, высокакваліфікаваныя работнікі, якія шчыра любяць сваю работу і адданыя справе. Асобная ўдзячнасць – ветэранам. Лепшыя гады вашага жыцця былі прысвечаны дарозе. Лёгкіх вам дарог без пылу, паспяховых паваротаў лёсу і добрых спадарожнікаў”, – сказаў Насцюшкін.
Успамінаў былое ветэран працы, былы кіраўнік арганізацыі Кірыл Вавілавіч Аўсянкін: “У 1970-ым я прыйшоў з арміі і пачаў працоўную дзейнасць у гэтай арганізацыі. 30 год я аддаў дарогам. Я памятаю ўсіх, з кім столькі год мы адпрацавалі разам. Вы падтрымліваеце ўсе добрыя пачынанні. Дзякуй. З юбілеем”.  Ён успомніў былых кіраўнікоў прадпрыемства, адкуль пайшоў на пенсію.
Работнікі РЦК кінулі ўсе свае самыя моцныя сілы на тое, каб наладзіць дарожнікам гучнае і прачулае свята. Ды і самі яны, героі юбілею, праявілі свае таленты.
На юбілеі пабывала Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №72 ад 13.09.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *