У СФГ «Раднік» пад бульбу аддалі 120 гектараў. І бульба аддзячыла

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

“Маніфест” і “зорачка” чакаюць сваёй чаргі
Надыход восені асацыіруецца з уборкай другога хлеба. На многіх агародах віднеюцца роўныя рады белых бульбяных мяхоў, вакол якіх завіхаюцца гаспадары. У СФГ “Раднік” – адзінай гаспадарцы раёна, якая вырошчвае бульбу – бульбяныя палеткі займаюць сёлета 120 га.
На бульбакамбайне сёмы год запар працуе Анатоль Карнякоў. Яго памочнікі – Ігар Гушча з Ізгародзішча і Вадзім Ушал з Мішкавіч. Вадзім у гаспадарцы працуе часова: хлопец вучыцца ў адным з віцебскіх ліцэяў на слесара, а ў СФГ “Раднік” знаходзіцца на практыцы.
“У час работы камбайна мы з Вадзімам адкідваем гнілую бульбу, каменне, рознае смецце, – расказаў пра сваю работу Ігар Гушча. – Ну, а калі якія непаладкі, рамантуем усе разам”.
Клубні моцныя і вялікія, як кулак. Гатунак “брыз” мае добры таварны выгляд – гэтак мы ацанілі сёлетні ўраджай. Але Анатоль Карнякоў супярэчыў: “Месцамі бульба ўмалотная, а месцамі і не вельмі. Капаю за дзень па пяцьдзясят тон – гэта не так і многа. Бывала, у мінулыя гады за дзень ад майго камбайна адвозілі ў два разы больш”.
На мове лічбаў ацаніла ўраджай гэтага года аграном гаспадаркі Людміла Прыгун: “Пакуль мы капаем толькі гатунак “брыз”, ураджайнасць складае 220 цэнтнераў з гектара. Хацелася б больш, бо летась мелі 300 ц/га.  Пачалі ўборку з нізкіх палеткаў у Мішкавічах: пасля дажджоў там месцамі стаяла ў барознах вада. Вельмі хваляваліся за ўраджай. Але нічога, камбайн і машыны не буксуюць – выручыў верасень з яго сонечнымі дзянькамі”.
Чакаюць уборкі палеткі з гатункам “уладар” у Надзежыне, з гатункамі “маніфест”, “зорачка” і “скарб” –  у Парэччы. Мяркуюць, што гэтыя гатункі будуць больш ураджайныя.
Работа з кожным днём набірае тэмпы. На дапамогу Анатолю Карнякову на бульбакамбайне выязджае Сяргей Лабейка. На мінулым тыдні ў “Радніку” было выкапана дваццаць гектараў бульбы. Увесь ураджай звозіцца ў бульбасховішча, дзе ідзе пераборка на КСП. Буйныя клубні адразу затарваюцца ў сеткі – яны пойдуць на рэалізацыю. На нашы сталы яна трапіць мяккімі цэпелінамі, падсмажанымі дранікамі і смачным пюрэ.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

Анатоль Карнякоў са сваімі памочнікамі Ігарам Гушчам і Вадзімам Ушалам.
Надрукавана ў №72 ад 13.09.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *