У человека должно быть увлечение — считает Надежда Рублевская

Свет захапленняў

Яе люстэрка душы
Калі заходзіш у дом да Надзеі Рублеўскай, погляд адразу спыняецца на шматлікіх вырабах з лазы. Вазы для садавіны ўпрыгожваюць кухню, шкатулкі стаць на паліцы і стале.  “Не, гэта не лаза, – усміхаецца жанчына, – гэта вырабы з папяровых трубачак. Зверху іх пакрываю марылкай, каб былі падобныя да дрэва. Спачатку яе купляла, а цяпер навучылася варыць з дубовай кары сама”.
Вырабы з паперы Надзеі Уладзіміраўны Рублеўскай з а.-г. Кардон – гэта яе люстэрка душы, мастацтва самавыяўлення, перадача пачуццяў і эмоцый. Гэта не проста цеплыня яе рук, а бачанне прыгожага і імкненне яго стварыць самой. Жанчына робіць розныя вазачкі, шкатулкі, талеркі, пано.
Вырабы з паперы – не адзінае захапленне Надзеі Рублеўскай. У яе кватэры бачыш кветкі бэзу, сакуры, хрызантэмаў і руж. Так і хочацца нахіліцца да гэтых кветак і ўдыхнуць водар адышоўшага лета, водар спякотных сонечных дзён. Так, адразу гэтыя кветкі не адрозніш ад сапраўдных.
“Кветкі зроблены па метаду халоднага фарфору, – расказала Надзея Уладзіміраўна. – Захапляюся такой методыкай трэці год. Даглядаю дзіця-інваліда, таму вырабы з халоднага фарфору – гэта і хобі, і творчасць, і адпачынак адначасова. Халодны фарфор, які, дарэчы, прыдумалі ў мінулым стагоддзі ў Аргенціне, – гэта сумесь кукурузнага крухмалу, клею, алею і гліцэрына. Гэта зручны, танны і бясшкодны матэрыял для лепкі. Ён, у адрозненне ад пластыліну, за некалькі гадзін засыхае”.
Надзея Уладзіміраўна бясконца можа расказваць пра сваё захапленне. Яна апантаная любімай справай, удасканальвае творчасць, трымае сувязь з майстрамі розных краін па інтэрнэце. З халоднага фарфору (па знешнім выглядзе ён нагадвае сапраўдны фарфор – адсюль і назва) можна рабіць літаральна ўсё: цацкі, сувеніры. Але Надзеі больш падабаюцца кветкі.
“У чалавека павінна быць нейкае захапленне, – упэўнена Надзея Уладзіміраўна. – Наша жыццё вельмі хуткае, падобнае на пастаянны бег. І вельмі важна знаходзіць хоць крышачку вольнага часу для любімага занятку. Гэта дадае жыццю сэнс. А калі твае вырабы падыходзяць да фінішнай прамой, з’яўляецца азарт, асаблівая асалода і задавальненне. У такія хвіліны адчуваю сябе шчаслівай. Таму кожнаму жыхару раёна раю мець нейкае захапленне – яно дапамагае жыць і робіць чалавека шчаслівым”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №74 ад 20.09.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *