На шумилинском рынке пятилитровое ведёрко клюквы можно купить за 10 рублей

Общество Экономика

Журавіны клічуць у балота
Дарога да балота нялёгкая. Пад нагамі дрыжыць багна, месцамі ў боты нават можна зачэрпнуць ваду. Але гэты складаны «журавінавы» шлях з лёгкасцю пераадольваюць заядлыя ягаднікі. Яны з аптымізмам кажуць, што збіраць журавіны – цяжкая праца, але прыемная і прывычная.   Кантынгент ягаднікаў самы розны – ад дзяцей, якія дапамагаюць сваім бацькам, да пенсіянераў. Прычым, апошніх у рабочыя дні ў лесе пераважная большасць. Ну, а ў выхадныя лясы нашага раёна поўняцца і моладдзю. З ягад можна мець нядрэнны прыбытак – гэта адна з важкіх прычын таго, што журавіны клічуць у балота.
Але перш чым прадаць журавіны, ягаднікі старанна вывучаюць рынак збыту. Вядома, вазіць журавіны на віцебскія рынкі, дзе цана за пяцілітровае вядзерца складае 12-15 рублёў, – гэта самая выгадная справа. Некаторыя шумілінцы ўсю восень ходзяць у ягады, а потым, калі прыціснуць маразы, возяць іх на рынак. Іншыя, як кажуць з плеч ды ў печ: назбіраў –  і адразу прадаў. Але ж на рынку не адразу схопяць твае ягады, бо даволі канкурэнтаў. А каб купілі менавіта ў цябе, многія прадаўцы робяць зніжкі для пакупнікоў.
Далёка не кожны жыхар нашага раёна возіць журавіны ў Віцебск, некаторыя прадаюць ягады на мясцовым шумілінскім рынку. Цану ставяць усе аднолькавую – 12 рублёў за пяць літраў. А калі аддаюць за 10 рублёў – лічы, пакупнікам пашанцавала.
Тыя, хто па розных прычынах не нясуць ягады на рынак (некалі, саромяцца, не маюць звычку прадаваць), здаюць свае ягады (іх прымаюць з 10 верасня) ў нарыхтоўчыя пункты райспажыўтаварыства. Так, у Шуміліне мы сустрэліся з пастаяннымі здатчыкамі Ганнай і Сяргеем Зайцавымі (на здымку). Яны прынеслі ў гэты дзень 15 літраў журавін, за што атрымалі амаль 28 рублёў. “Ягад сёлета не так і многа, – расказаў Сяргей Зайцаў. – Для тых, хто хоча назбіраць для сябе, раю ехаць на обальскія балоты – там яшчэ журавін даволі”.
Спачатку райспажыўтаварыства прымала журавіны па 2 рублі за кілаграм, але на днях цана павялічылася на трыццаць капеек. Добрым канкурэнтам райспажыўтаварыству з’яўляюцца прыватныя нарыхтоўчыя пункты, якія ёсць практычна ва ўсіх буйных вёсках раёна.  І калі раней тут прымалі ягады па 1 рублю 80 капеек, то цяпер цана абагнала райпоўскую – 2 рублі 40 капеек за кілаграм. І розніца ў дзесяць капеек – важкая прычына таго, што ягады нясуць прыватнікам. Тым больш, што прыватнікі, у адрозненне ад райпо, прымаюць неперабраныя ягады.  Прадпрымальнік з Кардона Н. В. Маліноўская расказала, што людзі з навакольных вёсак здалі ёй больш за пяцьсот кілаграмаў журавін. І цяпер яшчэ прыносяць.
Але такая канкурэнцыя не пужае райспажыўтаварыства. Даведзены план па нарыхтоўцы журавін (500 кілаграм) тут перавыканалі ўжо ў два разы. Ягады ў асноўным ідуць на рэалізацыю. Імі будуць гандляваць кожныя выхадныя на восеньскіх кірмашах у Віцебску, расказаў вядучы спецыяліст па нарыхтоўках райспажыўтаварыства Ю. А. Глаўдзель.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №76 ад 27.09.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *