А в заготовительном пункте Шумилино яблоки принимают по 6 копеек за килограмм

Актуалии Грамадства Эканоміка

Дзе  яблыку  ўпасці?

Сёлетні год багаты на яблыкі. Зразумела, прыемна глядзець на ўсыпаныя пладамі дрэвы, на вецце, якое хіліцца долу пад важкім ураджаем. Далёка не кожны гаспадар здолее перапрацаваць такую колькасць яблыкаў.  Але іх можна здаць у нашым раёне ў нарыхтоўчыя пункты райспажыўтаварыства.
Напэўна, жыхары прыватнага сектара пра гэта ведаюць усе. Некаторыя не адзін раз прывозілі свае яблыкі ў нарыхтоўчы пункт у Шуміліне, абы ачысціць прысядзібны ўчастак ад ападу. Не памылюся, калі напішу, што на нарыхтоўчым пункце кожны дзень мнагалюдна. Шумілінцы вязуць яблыкі на легкавушках з прычэпамі, на тачках, на кані і нават на веласіпедах. Пастаянныя здатчыкі сцвярджаюць: калі многа ападаў, то ўмомант назбіраеш мяшок-другі.
“Прымаем яблыкі па цане 6 капеек за кілаграм, – расказала прыёмшчыца Н. А. Шаферава. –  За два тыдні прыняла 300 тон. Ёсць пастаянныя здатчыкі не толькі ў Шуміліне, але і ў вёсках раёна. Напрыклад, М. А. Маліноўскі з Пабеды сёлета нарыхтаваў амаль восем тон яблыкаў. Збіралі іх усёй сям’ёй – з дзецьмі і ўнукамі. Увогуле такім шчырым здатчыкам, якія адразу назбіралі з тону яблыкаў, мы дапамагаем і прысылаем да дома машыну, каб зручна было на месцы пагрузіць”.
Як расказаў вядучы спецыяліст па нарыхтоўках райспажыўтаварыства, Ю. А. Глаўдзель, яблыкі ў раёне прымаюць шэсць нарыхтоўчых пунктаў і пазаштатныя работнікі ў Обалі, Шуміліне, Сіроціне, Мікалаеве і Лоўжы.  На гэты год райспажыўтаварыству даведзена заданне нарыхтаваць 600 тон яблыкаў. Паколькі зараз ужо нарыхтавана 520 тон, ёсць упэўненасць, што заданне выканаюць і перавыканаюць.
Здаюць яблыкі і на “Вежу”. А дзеля зручнасці, каб былі меншымі выдаткі на перавозкі, у гэтым годзе кіраўніцтва “Вежы” прадаставіла райспажыўтаварыству памяшканне для прыёму яблыкаў. І іх прымаюць побач з прадпрыемствам, на вуліцы Паўночнай. “Такі маркетынгавы ход зрабілі яшчэ і таму, што ў нас праблема з наяўнымі грашыма, – расказаў намеснік дырэктара “Вежы” В. В. Калыхан.  – А так райспажыўтаварыства прымае яблыкі, здае нам, а мы разлічваемся з прадукцыяй. Абодвум прадпрыемствам зручны і выгадны такі абмен. У прыёмны пункт на тэрыторыі “Вежы” вязуць яблыкі жыхары ўсіх вуліц, якія знаходзяцца за чыгункай. Вельмі зручна, што блізка: прывёз, узважыў, высыпаў і атрымаў грошы. Ды ўвогуле няважна, хто прымае яблыкі, галоўнае, каб людзям было куды іх здаць. А з гэтым праблем няма, прыёмныя пункты працуюць строга па графіку”.
Яблыкі райспажыўтаварыства прымае ў неабмежаванай колькасці. А нядаўна заключылі дагавор на пастаўку з мінскім “Крышталём”, дзе абяцаюць закупляць яблыкі па даражэйшай цане.  “У сувязі з гэтым кіраўніцтва райспажыўтаварыства вырашыла зрабіць дадатковыя бонусы для вяскоўцаў: на нарыхтоўчых пунктах у Сіроціне, Обалі і Мікалаеве нядаўна павялічылі цану: за кілаграм здадзеных яблыкаў тут плацяць 8 капеек, – расказаў Юрый Глаўдзель. – Спадзяёмся, цана прыемна парадуе і актывізуе сельскіх жыхароў”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №76 ад 27.09.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *