Соф’я Пальвінская: жыццё ў працы

Общество Семья Экономика

Соф’я Пальвінская: жыццё ў працы

У 1997 годзе ў нашым раёне была заснавана прэмія імя Героя Сацыялістычнай Працы Соф’і Тарасаўны Пальвінскай. З таго часу кожны год у Дзень маці гэта прэмія ўручаецца жанчыне, якая ўвасабляе сабой самыя высакародныя жаночыя якасці, якая дасягненнямі ў выхаванні дзяцей, у працы заслужыла гэта высокае званне.
Сёлета спаўняецца 95 год з дня нараджэння С. Т. Пальвінскай. І гэта выдатная нагода ўзгадаць, якой была гэта жанчына, чым яна жыла, чаго дабілася ў жыцці.
Соф’я Пальвінская нарадзілася ў 1921 годзе ў вёсцы Хвастова нашага раёна. Яна вучылася ў Пагарэліцкай сямігодцы, была камсамолкай. Працоўны шлях наша зямлячка пачала ў шаснаццацігадовым узросце. Працавала ў калгасе і без адрыву ад вытворчасці скончыла курсы рахункаводаў. Затым працавала па спецыяльнасці на Лескавіцкім маслазаводзе.
У гады Вялікай Айчыннай вайны Соф’я заставалася на акупаванай тэрыторыі, актыўна дапамагала партызанам. У пасляваенныя гады аддала шмат сіл аднаўленню роднага калгаса, спустошанага вайной. Спачатку працавала ў паляводстве, а з 1954 года стала цялятніцай у калгасе імя Леніна. Першы час ферма маладняку ў вёсцы Смалькі прыносіла толькі страты. Але ўжо праз год прыйшоў першы поспех: Соф’я Тарасаўна давяла сутачныя прывагі маладняку да 800 г жывой вагі. У 1955 годзе і яшчэ двойчы потым яна ўдзельнічала ў Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі СССР, узнагароджвалася медалямі выставы. У 1957 годзе С. Т. Пальвінскую прынялі ў члены КПСС.
Плённая праца цялятніцы неаднаразова адзначалася ўрадавымі ўзнагародамі. Указам Прэзідыума Вярхоўнай Рады СССР ад 22 сакавіка 1966 года за дасягнутыя поспехі ў развіцці жывёлагадоўлі, павелічэнні вытворчасці і нарыхтоўцы мяса і іншай прадукцыі Пальвінскай Соф’і Тарасаўне прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем залатога медаля «Серп і Молат» і ўзнагароджаннем ордэнам Леніна.
Яна таксама ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі.
Доблесную працу Соф’я Тарасаўна сумяшчала з шырокай грамадскай дзейнасцю. Яна – дэлегат XXIII з’езда КПСС, выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР 7-га склікання, прымала ўдзел у рабоце Беларускага савета абароны міру. Яе выбіралі членам парткама калгаса імя Леніна, членам Шумілінскага райкама КПБ.
Даволі сціплыя звесткі можна сёння адшукаць пра С. Т. Пальвінскую. Як расказалі аднавяскоўцы, муж Соф’і Тарасаўны загінуў на вайне, яна адна выгадавала дачку Ніну, якая стала настаўніцай. Зразумела, што жанчына сумленна працавала, годна выконвала пастаўленыя перад ёй задачы, не зважаючы ні на што. Відавочна адно: атрымаць прэмію, заснаваную ў яе гонар, вельмі пачэсна і адказна. Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей да Дня маці і з нагоды 95-гадовага юбілею С. Т. Пальвінскай падрыхтаваў выставу, месца на якой знойдуць у тым ліку і імёны жанчын, ўзнагароджаных прэміяй імя Героя Сацыялістычнай працы С. Т. Пальвінскай.
Падрыхтавала Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №81 ад 14.10.2016 г



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *