В Шумилино праздник ко Дню работников культуры подготовили сами работники культуры

Актуалии

Ветэранам – пашана, для маладых – конкурс

Мы прызвычаіліся да таго, што работнікі культуры ладзяць для нас святы, і нават не задумваемся, ці бываюць святы ў гонар іх. На мінулым тыдні напярэдадні свайго прафесійнага свята служыцелі муз Шуміліншчыны сабраліся ў раённым цэнтры культуры.
У фае цэнтра цікавыя выставы падрыхтавалі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, клубныя ўстановы і бібліятэкі, Дом рамёстваў і школы мастацтваў. Можна было пазнаёміцца з захапленнямі работнікаў культуры ў вольны час. Аказалася, што яны не толькі добра спяваюць і танцуюць, але і выдатна вышываюць, вяжуць, малююць. А як гатуюць!..
Намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава павіншавала культработнікаў са святам, адзначыла іхнюю ролю ў арганізацыі самага шырокага кола розных мерапрыемстваў, без якіх немагчыма ўявіць жыццё раёна. Яны не толькі забаўляюць, але захоўваюць і перадаюць скарбы народнай культуры, рамёствы, развіваюць і выхоўваюць моладзь. Ірына Іванаўна ўручыла Ганаровую грамату райвыканкама аднаму са старэйшых работнікаў культуры раёна, музыканту і выкладчыку дзіцячай школы мастацтваў Анатолю Міхееву – за шматгадовую добрасумленную працу і вялікі ўклад ў развіццё галіны.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціна Навіцкая таксама павіншавала калег са святам і ўручыла граматы аддзела работнікам, якія адпрацавалі ў галіне па трыццаць гадоў.
Ну а забаўляльную частку святочнага мерапрыемства вопытныя калегі даверылі маладым. Сем талентаў, сем зорак пазнаёмілі са сваімі асобамі, раскрылі свае здольнасці, паспаборнічалі ў конкурсе прафесійнага майстэрства “Ану, культработнік, уперад!”. На сцэну выйшлі хормайстар і рэжысёр Обальскага ГДК Юлія Ермаловіч і Дзяніс Агафонаў, харэограф і кіраўнік “Гульбічаў” РЦК Дар’я Сцяпанава і Юлія Фянько, навуковы супрацоўнік Обальскага філіяла гісторыка-краязнаўчага музея Аляксандр Васіленка, кіраўнік кружка Мікіціхінскага філіяла Дома рамёстваў Марыя Скачкова. Настаўнік Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў Вольга Скорынава ўдзельнічала ў конкурсе завочна (яна падрыхтавала відэаматэрыялы), бо знаходзілася на міжнародным конкурсе ў Санкт-Пецярбургу.
У трох этапах конкурсу ўдзельнікі прадэманстравалі шмат сваіх талентаў і здольнасцяў: трэба было і пець, і танцаваць, і праявіць акцёрскае майстэрства. Маладыя спецыялісты  здолелі расказаць пра сябе, даказаць, што яны ўліліся ў калектывы і гатовыя прадаўжаць агульную справу разам з калегамі, якія ўжо сталі і сябрамі. А конкурс пародый “Адзін да аднаго” сустрэў гарачы прыём залы, падтрымку і адабрэнне маладых талентаў з боку вопытных калег.
Строгае, але справядлівае журы адзначыла кожнага ўдзельніка, усіх узнагародзіла дыпломам пераможцы ў розных намінацыях, кожны атрымаў каштоўны падарунак. А Аляксандр Васіленка скарыў усіх і жартоўнай пародыяй на Алу Пугачову, і пранікнёнай “Малітвай” (А. Малчан-Я. Купала), за што атрымаў прыз сімпатый гледачоў, які прадставіла прафсаюзная арганізацыя культработнікаў. Маладым спецыялістам пажадалі поспехаў і перамог у творчых  конкурсах, высокай адзнакі іх дзейнасці жыхарамі нашага раёна.
Так што свята работнікі культуры ладзяць сабе самі. А мы пажадаем ім новых творчых поспехаў, новых дасягненняў, а значыць новых уражанняў і станоўчых эмоцый для ўсіх нас – удзячных гледачоў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №81 ад 14.10.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *