Премию С. Т. Пальвинской в этом году получает Наталья Петрова

Актуалии Семья

Чацвёра дзяцей – гэта ў чатыры разы больш шчасця

Не тое, каб Наталля і Дзмітрый неяк спецыяльна абмяркоўвалі, колькі дзяцей у іх будзе. Так атрымалася. А атрымалася ўсё выдатна.

Яны сустрэліся, закахаліся, ажаніліся. Першым дывідэндам шчаслівага кахання стала старэйшая Аляксандра – ёй сёння 13. Затым з інтэрвалам прыкладна ў чатыры гады сваім з’яўленнем на свет сям’ю ашчаслівілі Усевалад, Варвара і Ваня. У Івана заўтра першы дзень нараджэння – яму спаўняецца месяц. Віншуем Ваню, а яшчэ віншуем усю сям’ю Пятровых з Шуміліна са знамянальнай падзеяй – Наталлі Віктараўне сёлета прысуджана прэмія імя Героя Сацыялістычнай Працы С. Т. Пальвінскай. Сёння, у Дзень маці, ганаровую ўзнагароду на ўрачыстасцях з нагоды свята ёй уручыць кіраўнік раёна Аляксандр Снараў.
Меў рацыю класік, калі заўважыў падабенства паміж усімі шчаслівымі сем’ямі. Вялікае шчасце сям’і Пятровых адразу адчуе кожны, хто пераступіць парог іх гасціннага дома. Тут жывуць людзі, якія любяць і берагуць адзін аднаго, якія не баяцца будучага, а дакладна ведаюць, што ўсё будзе добра, таму што іх многа, таму што яны разам; людзі руплівыя, працавітыя, якія разумеюць, што іх дабрабыт і стабільнасць у іх руках; людзі адкрытыя, добразычлівыя, прыгожыя. А ў наступным годзе іх сям’я справіць пятнаццаты дзень нараджэння.
Калі муж прапанаваў Наталлі купіць дом, яна, усё жыццё аджыўшы ў кватэры, спачатку крыху спужалася. А сёння прызнаецца, што ні на якую кватэру свой дом ужо не прамяняе. Тут утульна і спакойна, тут вялікія магчымасці для таго, каб весці сваю гаспадарку, займацца агародам. На ўчастку – выдатная лазня, два парнікі і дзіцячая пляцоўка, зробленая руплівым бацькам.
У Пятровых свае куры, індыкі, качкі, а шчодры ўраджай сада і агарода круглы год забяспечвае стол карыснымі прадуктамі. У многіх узнікне пытанне, як маладая маці з чатырма дзеткамі з усім гэтым спраўляецца:
– Усё неяк само атрымліваецца, – гаворыць Наталля.
Ад яе наогул не пачуеш нейкіх нараканняў на цяжкае жыццё шматдзетнай сям’і:
– Я, калі даведалася, што чакаю чацвёртае дзіця, прызнацца, крыху разгубілася. А муж супакоіў: будзем гадаваць, з усім справімся. І сапраўды, нам усяго хапае. Мне нават бывае дзіўна чуць ад бацькоў, што сёння і з адным-двума дзеткамі складана. Нам не складана. Раз Бог даў нам такое шчасце, значыць так трэба.
Адно дзіця – гэта шчасце, а чацвёра дзетак – гэта ў чатыры разы больш шчасця…
– Кожны падыдзе і скажа: мамачка я цябе люблю. У нас столькі радасцяў. Саша музычную школу закончыла, на піяніна іграе, цяпер у мастацкі клас ходзіць. І Сева мастацкую школу наведвае, Варвара спявае, – дзеліцца матулінымі радасцямі жанчына. І толькі маленькі Ванечка пакуль ціхенька спіць у люльцы. Але каму, як ні Наталлі, ведаць, што растуць дзеці вельмі хутка:
– Ведаеце, Саша неяк доўга расла, а як выраслі ўсе астатнія, я нават і не заўважыла, – усміхаецца Наталля.
– А якія яны па характарах?
– Вельмі розныя. Адзін больш пакладзісты, другі на сваім будзе стаяць да апошняга. Сева, напрыклад, вельмі пяшчотны.
Чаканне дзіцяці – вельмі цудоўны час, колькі  б дзяцей у цябе ні было. У Доме рамёстваў, дзе Наталля ўжо каля 15 год працуе майстрам па лазапляценні, прывыклі да яе пастаянных дэкрэтных адпачынкаў. Але калі яна сабралася “за чацвёртым”, здзівіліся і калегі. Творчая работа жанчыны, якая пачалася яшчэ з той пары, калі Наталля хадзіла на заняткі да Уладзіміра Каласкова, вызначае і вольны час маладой маці. Яна пастаянна нешта робіць сваімі рукамі – пляце, вяжа, шые, пячэ для сваёй сям’і. У гэтай творчай атмасферы растуць дзеці.
Матэрыяльную стабільнасць гэтай сям’і забяспечвае тата, які, на жаль, не змог сфатаграфавацца для газеты разам са сваёй любімай сям’ёй, таму што быў на працы. Але думкамі і сэрцам Дзмітрый заўжды побач. Бацьку ў гэтай сям’і вельмі любяць. На яго плячах такія сур’ёзныя мужчынскія клопаты, як будаўніцтва дома, лазні, фінансавы дабрабыт сям’і і многае іншае.
Дружная сям’я Пятровых сваім  жыццём паказвае прыклад таго, што калі ў сям’і ёсць каханне, клопат, радасць адзін за аднаго – усё астатняе будзе.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №81 ад 14.10.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *