Криминал. Происшествия

Происшествия

Пра здарэнні, які адбыліся за тыдзень у раёне, расказаў намеснік начальніка РАУС Ігар Шаціла.

Трубы. У раённы аддзел унутраных спраў звярнуўся майстар прадпрыемства меліярацыйных сістэм, які паведаміў, што з поля ля в. Андрэева, дзе працавалі работнікі ПМС, прапалі меліярацыйныя поліэтыленавыя трубы агульнай даўжынёй 190 метраў. Урон, нанесены прадпрыемству, складае 231 рубель. Узбуджана крымінальная справа, злачынцы вышукваюцца.

Цяля. У міліцыю патэлефанаваў жывёлавод ААТ “АграБаравінка” і расказаў, што ля Полцева яго калегі незаконна забілі цяля, якое належыць прадпрыемству, і мяса раздзялілі паміж сабой. Міліцыянеры высветлілі, што па распараджэнні  загадчыцы адной з фермаў “АграБаравінкі” цяля са-праўды незаконна прырэзалі. Супраць загадчыцы і двух жывёлаводаў пракуратурай раёна ўзбуджана крымінальная справа.

Электрапіла Пацярпеў жыхар Віцебска, які мае дачны дом у Язвіне. Невядомыя асобы ўкралі з дома электрапілу, шліфавальную машыну, электра-дрыль і іншае. Урон, нанесены гаспадару, “пацягнуў” на 291 рубель. Злачынцы вышукваюцца.

Дапілася. Да чаго толькі не даводзяць п’янкі! Муж падымае руку на жонку, на састарэлых бацькоў. А іншы раз у парыве гневу хапаюцца і за нож. Прычым, не толькі мужчыны, але і жанчыны. Як, напрыклад, жыхарка а.-г. Светласельскі, якая, знаходзячыся ў сваім доме, з нажом кінулася на… свайго бацьку. З раненнямі брушной поласці мужчына дастаўлены ў раённую бальніцу. А супраць дачкі ўзбуджана крымінальная справа.

На матацыкле. Супрацоўнікі ДАІ прыпынілі на вул. Мясаедава жыхара а.-г. Светласельскі, які ехаў на матацыкле “Хорс-Альфа” без тэхагляду і без правоў. Мужчына патлумачыў, што купляў матацыкл праз інтэрнэт. Прычым, прадавец яго запэўніў, што гэта мапед. І мужчына спакойна ездзіў, бо меў правы на мапед. Уладальнік матацыкла быў расчараваны, калі ў дадатак дазнаўся, што на куплены па таннай цане матацыкл накладзены арышт (былы гаспадар кіраваў ім у нецвярозым стане). Матацыкл канфіскаваны і знаходзіцца на штрафной стаянцы РАУС. На жыхара а.-г. Светласельскі складзены адміністрацыйны пратакол, яму пагражае штраф да 50 БВ.

Не ўступіў дарогу. Жыхар Расійскай Федэрацыі, які імчаў на машыне “Хонда” па вуліцы Луначарскага, не ўпэўніўся, што на  галоўнай дарозе няма транспартных сродкаў, і не прытармазіў. У выніку на перакрыжаванні з вул. Кароткіна “Хонда” сутыкнулася з “Опелем”, які належыць жыхару нашага раёна. Абедзве машыны пашкоджаны. На расіяніна складзены адміністрацыйны пратакол, яму пагражае штраф да 5 БВ.

Абгон. Жыхар Калінінградскай вобласці, які на аўтамабілі “Сканія” ехаў па аўтадарозе Віцебск-Полацк, парушыў правілы дарожнага руху і выехаў на сустрэчную паласу. Гэтым самым стварыў аварыйную абстаноўку на дарозе і прымусіў сустрэчныя машыны змяніць свой рух, каб пазбегнуць сутыкнення. Больш таго, расіянін перавысіў хуткасць руху на 14 км/гадз. Парушальніку пагражае пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на шэсць месяцаў і штраф памерам у 8 БВ.

Падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.

Надрукавана ў №86 ад 01.11.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *