Бесстрашный лётчик Минчугов

Общество

Бясстрашны лётчык Мінчугоў
Залатымі літарамі ў гісторыю гераічнай барацьбы беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ўпісаны імёны Герояў Савецкага Саюза, сярод якіх годнае месца займаюць нашы землякі. Вышэйшым званнем адзначаны і Дзмітрый Міхайлавіч Мінчугоў.
8 лістапада гэтага года праслаўленаму лётчыку, Герою Савецкага Саюза, камандзіру эскадрыллі 5-га гвардзейскага мінна-тарпеднага палка 1-ай мінна-тарпеднай авіядывізіі ВПС Чарнаморскага флоту, гвардыі маёру Д. М. Мінчугову спаўняецца 105 год.
Нарадзіўся будучы герой 8 лістапада 1911 года ў Сімбірску (цяпер Ульянаўск) у сям’і рабочага. Бацька Дзмітрыя пасля кантузіі, атрыманай падчас Першай сусветнай вайны, быў дэмабілізаваны з арміі, і сям’я пераехала на радзіму маці – у вёску Башні Сіроцінскага (цяпер Шумілінскага) раёна. Тут прайшлі яго дзіцячыя гады.
З 1932 г. у радах Чырвонай Арміі. У 1934 г. скончыў Ейскую ваенна-марскую авіяцыйную школу марскіх лётчыкаў і лётчыкаў-назіральнікаў. Служыў у авіяцыі Ціхаакіянскага, потым Чарнаморскага флоту.
У Вялікай Айчыннай вайне браў удзел з 1941 года, у снежні якога прыняў камандаванне эскадрылляй 5-га гвардзейскага мінна-тарпеднага авіяцыйнага палка ВПС Чарнаморскага флоту, што ўваходзіў у склад 63-й бамбардзіровачнай авіябрыгады, на ўзбраенні якой стаялі самалёты ДБ-3Ф. Асабіста беручы ўдзел у баявых палётах як паляўнічы–тарпеданосец, паказваў падначаленым прыклад стойкасці і вытрымкі аж да самаахвяравання. Пад яго кіраўніцтвам былі выхаваны дзясяткі ўмелых паветраных асаў.
Эскадрылля бамбіла караблі, камунікацыі, войска і тэхніку праціўніка на Адэскім, Перакопскім, Севастопальскім і Каўказскім участках фронту. Знішчыла 15 варожых артылерыйскіх батарэй, 11 катараў, 8 танкаў, 15 самалётаў, 250 чыгуначных вагонаў, 148 аўтамашын. Асабіста камандзір эскадрыллі Д. М. Мінчугоў здзейсніў 118 баявых вылетаў.
28 лютага 1943 г. пачаліся наступальныя аперацыі Паўночна-Каўказскага фронту. Праціўнік узмацніў перавозку сваёй тэхнікі праз Керчанскі праліў. З Крыма ў Тамань дастаўляліся боепрыпасы, гаручае, амуніцыя, харчовыя запасы і наадварот, частку сваёй тэхнікі эвакуіравалі ў Керч. У сакавіку 1943 г. 5-ты гвардзейскі мінна-тарпедны авіяцыйны полк, у склад якога ўваходзіла эскадрылля Д. М. Мінчугова, рабіў інтэнсіўныя мінныя пастаноўкі ў Керчанскім праліве, тым самым абцяжарваючы і скоўваючы рух караблёў праціўніка ў гэтым раёне. Авіяцыя флоту аказвала неацэнную дапамогу наступаючым войскам Паўночна-Каўказскага фронту. Лётчыкі таксама наносілі ўдары па транспарце і дэсантных сродках праціўніка ў раёне Севастопаля.
У красавіка-маі 1943 г. бамбілі наземныя войскі праціўніка на Таманскім паўвостраве і ў Крыму, аэрадромы, знішчалі судны і караблі ў партах Крыма, дзейнічалі на камунікацыях, атакуючы канвоі ў Керчанскім праліве і ў розных раёнах Чорнага мора.
14 мая 1943 г. ля мыса Меганом у раёне Судака (Крым), пры нясенні чарговага баявога дзяжурства, самалёт Д. М. Мінчугова быў збіты варожай зенітнай артылерыяй. Увесь экіпаж загінуў. Разам з Д. М. Мінчуговым загінулі штурман маёр А. Н. Беневаленскі, начальнік сувязі эскадрыллі гвардыі капітан Л. А. Пакрэўскі, паветраны стралок гвардыі сяржант А. Д. Гарбаконь.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 ліпеня 1943 г. за “мужнасць і гераізм, праяўленыя ў бітвах за Крым і Каўказ, нанясенне тарпедна-бомбавых удараў па наземных войсках і караблях праціўніка”, гвардыі маёр Дзмітрый Міхайлавіч Мінчугоў пасмяротна быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Узнагароджаны ордэнам Леніна, двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, медалямі.
Яго імем названы вуліцы ў г.п. Шуміліна, сёлах Перадавое Балаклаўскага раёна г. Севастопаля і Вольнае Джанкойскага раёна Крыма.
У Севастопалі на плошчы адмірала Нахімава ўзведзены манумент. На яго каменных плітах высечаны імёны 54 Герояў Савецкага Саюза, якія атрымалі гэта званне за подзвігі, здзейсненыя пры абароне горада. Сярод іх імя Д. М. Мінчугова. Герою Савецкага Саюза ўстаноўлены бюст на алеі Славы ў пасёлку Вольнае ў Крыму. На будынку Шумілінскай СШ №1, у якой ён вучыўся ў 1920-1927 гг., устаноўлена мемарыяльная дошка.
У экспазіцыі Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея прадстаўлены комплекс экспанатаў пра славутага героя: дакументы, фотаздымкі, што расказваюць пра гераічны шлях легендарнага лётчыка.
Ірына ВАРАБ’ЁВА,
навуковы супрацоўнік Шумілінскага
гісторыка-краязнаўчага музея.
Фота з фондаў музея.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *