К Дню работников физической культуры и спорта

Образование Спорт, туризм

Трэнеры і іх надзеі

Александр Ходюш

У раёне добра ведаюць імёны інструктара-метадыста ФСК “Здароўе” трэнера па футболе Аляксандра Ходзюша і трэнера па грэка-рымскай барацьбе Шумілінскага аддзялення Віцебскай абласной спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву “Асілак” Юрыя Сцяпанава. Аляксандр і Юрый прыйшлі на трэнерскую работу з прафесійнага спорту.
Аляксандр Ходзюш родам з Браслаўскага раёна. Там пачаў займацца футболам. Спачатку гэта быў звычайны дваравы футбол. Але хлопчык зацікавіўся гульнёй, стараўся быць падобным на свайго куміра – знакамітага беларускага футбаліста Сяргея Алейнікава.
У Віцебскім педагагічным інстытуце на факультэце фізічнага выхавання, куды ён паступіў, перспектыўнага юнака заўважылі і запрасілі ў віцебскі прафесійны футбольны клуб “Лакаматыў”. Аляксандр Ходзюш паспеў сыграць некалькі матчаў у віцебскім “Будаўніку” фарм-клуба “Лакаматыў” у першай лізе. Здавалася, што футбольная кар’ера гарантавана. Але Аляксандр ідзе ў армію. За час службы быў расфарміраваны “Будаўнік”, а ў “Лакаматыў”, зразумела, пасля двухгадовай паўзы было не прабіцца.
І Аляксандр ідзе настаўнікам фізкультуры ў Сіроцінскую школу. Пачынае развіваць у школе футбол, прычым, жаночы. Каманда дзяўчат добра паказала сябе на абласным узроўні.
Важнай вехай у трэнерскай біяграфіі А. Ходзюша стала заканчэнне факультэта перападрыхтоўкі па спецыяльнасці “трэнер па футболе” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Стаў інструктарам-метадыстам, набраў малых у футбольную секцыю. Акрамя гэтага Аляксандр Ходзюш – гуляючы трэнер ФК “Шуміліна”.

Юрий Степанов

Юрый Сцяпанаў займаецца грэка-рымскай барацьбой больш чым 20 гадоў. Дзесяцігадовым хлопчыкам  прыйшоў у секцыю да Уладзіслава Селяціцкага і адразу палюбіў класічную барацьбу.
Дзякуючы характару і ўпартым трэніроўкам, юны спартсмен адразу пачаў паказваць годныя вынікі, станавіўся чэмпіёнам вобласці, трапіў у зборную Беларусі, паступіў у Віцебскае вучыліш-ча алімпійскага рэзерву, выканаў нарматыў майстра спорту, трапіў у нацыянальную зборную Беларусі па юніёрах.
І ў той момант, калі спартыўная кар’ера ішла ўверх, перад Юрыем паўстаў выбар: або вучоба ў інстытуце, або прафесійны спорт. І юнак выбраў вучобу.
Пасля гэтага паспрабаваў забыцца пра грэка-рымскую барацьбу. Але не змог. Яго літаральна цягнула на барцоўскі дыван. Таму і пайшоў трэніраваць дзяцей. Юрый верыць, што ягоныя выхаванцы змогуць прайсці ўвесь прафесійны шлях, які не ўдалося прайсці яму.
Аляксандр Ходзюш і Юрый Сцяпанаў – патрабавальныя трэнеры, для іх галоўнае – дысцыпліна. У іх выхаванцаў пакуль што няма гучных перамог. Яны наперадзе. У гэта цвёрда вераць трэнеры. І мы пажадаем, каб гэтыя надзеі спраўдзіліся.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *