Один день с участковым

Бяспека Закон

“Заўсёды разбярэцца, дойдзе да самай сутнасці”

Напярэдадні Дня ўтварэння службы ўчастковых, які адзначаецца 17 лістапада, карэспандэнт раённай газеты правяла адзін дзень з участковым інспектарам РАУС капітанам міліцыі Дзмітрыем Зубаравым, які абслугоўвае тэрыторыю Мішневіцкага і Сіроцінскага сельсаветаў (тут пражывае 2500 чалавек).
Рабочы дзень участковага пачаўся ў восем гадзін раніцы. Першая “працэдура”, якая чакае ўсіх супрацоўнікаў РАУС кожную раніцу – праверка на цвярозасць. І тут не схібіш, бо сочыць зоркае вока відэакамеры. Затым участковы атрымлівае табельную зброю – пісталет Макарава. Пасля інструктажу, праведзенага начальнікам РАУС А. Р. Дзмітрэнкам, Дзмітрый Зубараў атрымлівае некалькі заяў, якія былі напісаны ў міліцыю жыхарамі  ягонага адміністрацыйнага ўчастка. Але перш чым паехаць на свой участак, начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС  Вячаслаў Воранаў даручае ўчастковаму важнае заданне: завесці ў райбальніцу кандыдата ў лячэбна-працоўны прафілакторый для праходжання медыцынскай камісіі. Самастойна выпівоха адмаўляецца праходзіць гэту камісію, вось і прыходзіцца “вазіцца” ўчастковаму, які заводзіць мужчыну ледзь не да кожнага ўрача.
У другой палове дня ўчастковы нарэшце адпраўляецца на свой адміністрацыйны ўчастак, на тэрыторыі якога знаходзяцца 52 населеныя пункты. “Мой участак – самы звычайны, – кажа ўчастковы. – Працую на ім сем гадоў. Сёлета зменшылася колькасць сямейных скандалаў, бо з’ехалі некалькі сем’яў, якія стаялі на ўліку. Але праблем хапае: у гэтым годзе раскрыта пяць злачынстваў, складзена больш за 70 адміністрацыйных пратаколаў”.
Першая вёска, у якой пабывалі, – Андрэеўка. Мясцовая жыхарка напісала заяву ў міліцыю з той нагоды, што ў яе прапалі два пакеты з прадуктамі, якія яна пакінула ля вясковай агароджы. “Сама вінавата, – разводзіць рукамі жанчына. – На хвілінку ж зайшла ў хату, а тут такое…” Як высветлілася, сведкаў крадзяжу ў немнагалюднай вёсцы нямнога. Але ўчастковы з упэўненасцю кажа: “Знойдзем! Свае ж прыбралі да рук – чужакі ў Андрэеўку не паедуць”.
Пасля складання патрэбных адміністрацыйных пратаколаў накіроўваемся ў Мішневічы на сямейны скандал. Бацька патэлефанаваў у РАУС і паскардзіўся на сына, які быццам бы падняў на яго руку. Пасля апытання сваякоў і суседзяў пацярпелага высвятляецца, што гаспадар “дапіўся да чорцікаў”, а ў такім стане можа зрабіць няведама што. Сын, які супраць бацькавых п’янак, і не біў яго зусім. Малады чалавек быў рэабілітаваны, а вось бацьку ўчастковы “ўзяў на аловак”.
Пакуль Дзмітрый разбіраўся ў сямейным непарадку, мы пагаварылі з мясцовымі жыхарамі. “Добры наш участковы, справядлівы, – расказалі мішнеўцы. – Іншы б і разбірацца не стаў, пасадзіў бы невінаватага сына “на суткі” за краты і ўсё. А гэты заўсёды разбярэцца, дойдзе да самай сутнасці. Хоць і нялёгка яму працаваць на нашым участку – сам жа мясцовы, мішневіцкі, а прыходзіцца складаць пратаколы і на знаёмых, і на былых суседзяў. Галоўнае, што ўчастковы нас разумее і па магчымасці дапамагае”.
Землякі Дзмітрыя Зубарава ў гэты дзень спяшаліся да ўчастковага з рознымі пытаннямі: як уціхамірыць суседа, які познім вечарам гучна ўключае музыку; чаму нічыйныя сабакі гуляюць па вёсцы і чаму “для сябе” нельга гнаць самагон. На гэтыя і іншыя пытанні вяскоўцы атрымалі кампетэнтныя адказы.
Далей разам з участковым накіроўваемся ў Сіроціна. Да работы далучаецца камандзір добраахвотнай дружыны Сіроцінскага сельсавета Іван Казелька. Разам наведваем абавязаных асоб і некалькі чалавек з непагашанай судзімасцю. Па дарозе Іван Фёдаравіч расказвае, як сябе паводзіў гэты кантынгент апошні тыдзень: колькі разоў спазніліся на работу, ці дэбашырылі, ці распівалі спіртное. Кватэры абавязаных асоб, мякка кажучы, жадаюць быць лепшымі: абарваныя шпалеры, чорная ад печкі столь, мэбля, дзверцы якой трымаюцца на скотчы… “А ў мяне ўсё добра, я працую”, – заявіла адна жанчына, якая, відаць, забылася, што яе дзяцей выхоўвае дзяржава.
Здалося, што раней судзімыя стараюцца стаць на шлях выпраўлення. Участковы праводзіць прафілактычную гутарку з некаторымі з іх. “Мікалаевіч, я ўсё помню і выконваю: калі не вы да мяне заходзіце, дык я наведваюся ў РАУС, адзначаюся, – кажа малады чалавек, якога сустрэлі ля шматпавярхоўкі. – Для сябе вырашыў: усё, баста! Бяруся за розум. Вось на работу ўладкаваўся. Больш ніякіх крадзяжоў – грошай зараблю сам. Думаю, праз два гады з мяне здымуць судзімасць”. Хочацца верыць, што так і будзе.
Рабочы дзень участковага заканчваецца з цёмным – а сёмай гадзіне вечара. Заўтра – зноў на ўчастак, трэба наведаць паляўнічых і праверыць умовы захоўвання зброі, зайсці ў дамы тых вяскоўцаў, у адносінах да якіх устаноўлены прэвентыўны нагляд. Ну, а яшчэ “работы падкіне жыццё”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *