Няма тэхагляду – плаці штраф

Актуалии Безопасность Общество

Няма тэхагляду – плаці штраф
У рамках акцыі “Дзяржтэхагляд”, што праводзіцца ў раёне з 21 па 30 лістапада, супрацоўнікі ДАІ праводзяць рэйды і адпрацоўкі дарог рэспубліканскага і мясцовага значэнняў. У адным з такіх рэйдаў брала ўдзел і карэспандэнт раённай газеты.
Разам з інспектарам дарожна-патрульнай службы Іванам Шаўчэнкам мы пабывалі ў Мікіцісе, Добрыне і Сіроціне, дзяжурылі на аўтадарозе Р-20. “Асаблівую ўвагу будзем звяртаць на машыны без наклеек на лабавым шкле  аб пройдзеным тэхаглядзе (у гэтым годзе наклейкі сіняга колеру), –  патлумачыў Іван Леанідавіч. – Таксама будзем прыпыняць старыя аўтамабілі, на кузаве якіх з’явілася іржа – як правіла, такія машыны не праходзяць тэхагляд”.
У Сіроціне падазрэнні выклікаў аўтамабіль “Міцубісі” без наклейкі на лабавым шкле. Але дакументы ў вадзіцеля аказаліся ў парадку. З пажаданнем шчаслівага шляху інспектар адпусціў дысцыплінаванага вадзіцеля. Далёка не новы мікрааўтобус, што ехаў следам, таксама быў з пройдзеным тэхаглядам. Увогуле ў гаспадароў дванаццаці аўтамабіляў, якіх інспектар прыпыніў у Мікіцісе і Сіроціне, з дакументамі было ўсё ў парадку. Але ж парушальніка мы ўсё ж сустрэлі на павароце з аўтадарогі Р-20 на Добрына. Ён імчаў з Полацка да свайго сябра ў Гарадок.  “Думаў, што праскачу, –  прызнаўся малады чалавек. – Аргумент “няма грошай на тэхагляд” ніколі не перашкаджаў мне сесці за руль – я ж цвярозы, і ваджу машыну не першы год. Ведаю, што штраф мне “свеціць” ад адной да трох базавых велічынь. Гэта не так і дорага ў параўнанні з дарожным зборам”. Прызнацца, здзівіла такая шчырасць маладога вадзіцеля. А інспектар ДПС у гэты час складаў адміністрацыйны пратакол.
Пакуль дзяжурылі на дарозе Р-20 (парушальнікаў па тэхаглядзе тут не выявілі), Іван Шаўчэнка расказаў пра асноўныя прычыны, з-за якіх вадзіцелі не праходзяць тэхагляд: “няма грошай”, “трэба аўто спачатку адрамантаваць”, “кузаў згніў”, “не паспеў прайсці, бо часу няма”.
У ходзе акцыі “Дзяржтэхагляд” з 21 па 24 лістапада супрацоўнікі ДАІ выявілі шэсць вадзіцеляў, на аўтамабілях якіх не быў пройдзены тэхагляд. А за гэты год такіх парушальнікаў больш за пяцьсот, падлічыў начальнік ДАІ РАУС Мікалай Гаралевіч.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №93 ад 29.11.2016 г.



1 комментарий по теме “Няма тэхагляду – плаці штраф

  1. Толку от этого техосмотра если дороги все в ямах и выбоинах. Можно выехать из СТО и сразу оставить части подвески. Почему за это не штрафуют?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *