І далікатныя праблемы хвалююць

Новости Общество

І далікатныя праблемы хвалююць
У мінулую сераду ў Мішневіцкім сельвыканкаме прайшло некалькі прафілактычных мерапрыемстваў.

З лекцыяй перад жыхарамі вёскі выступілі члены абласнога таварыства ананімных алкаголікаў, якую можна лёгка назваць прафілактычнай работай з аматарамі выпіць. Размова ладзілася без выхаваўчых слоў, без пагроз і павучанняў, а вось эмацыянальнасці, шчырасці і перакананасці хапала. Гэтак выказалася старшыня сельвыканкама Галіна Зязюлька.
Пасля адбылося пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку з удзелам начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях А. Сасновіча, намесніка пракурора Шумілінскага раёна А. Дзергачова і выязное пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх на чале з намеснікам старшыні КСН Л. Грузневіч.
На гэты раз на савет грамадскага пункта аховы быў запрошаны не зусім характэрны кантынгент. Падобныя выклікі ініцыявала школа, якая “змучылася” з далікатнай, на першы погляд, праблемай  – пастаянным, як кажуць, хранічным педыкулёзам некалькіх вучняў школы. Бацькі дзяцей не вельмі сур’ёзна ставяцца да хваробы, не даводзяць лячэнне да канца, спісваючы часам наяўнасць вошай у дзяўчат на нейкую містыку. Таму і вырашана было ўздзейнічаць на дарослых больш маштабнымі метадамі, такімі, як запрашэнне на савет.
У рамках выязнога пасяджэння камісіі па справах непаўналетніх былі заслуханы даклады-справаздачы аб праводзімай прафілактычнай рабоце ў раёне (выступіла Л. А. Грузневіч), сельвыканкаме (Г. У. Зязюлька) і на месцах – у школе, клубе, сельгаспрадпрыемстве.
Радуе той факт, што за апошнія тры гады на тэрыторыі Мішневіцкага сельсавета не зарэгістравана ніводнага выпадку выяўлення дзяцей, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне.
На сённяшні дзень на тэрыторыі сельсавета пражываюць чатыры абавязаныя асобы, дзесяць дзяцей знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. З іх сем’ямі вядзецца пастаянная работа.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №93 ад 29.11.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *