Людзі з інваліднасцю – паўнацэнныя члены грамадства

Актуалии Общество

Людзі з інваліднасцю – паўнацэнныя члены грамадства

6 снежня ў рамках рэгіянальнай кампаніі ААН “Інклюзіўная Беларусь” прайшло пасяджэнне прэс-клуба рэгіянальных СМІ “Безбар’ернае асяроддзе: медыйны ракурс”.
Усяго ў краіне больш за паўмільёна людзей з інваліднасцю. У кастрычніку гэтага года Беларусь ратыфікавала Канвенцыю аб правах людзей з інваліднасцю, прынятую Генеральнай Асамблеяй ААН у снежні 2006 года. Асноўная мэта гэтага дакумента – у заахвочванні, абароне і забеспячэнні поўнага і роўнага здзяйснення людзьмі з інваліднасцю ўсіх правоў чалавека і асноўных свабод, а таксама ў заахвочванні павагі да ўласцівай ім годнасці.
Для таго, каб сёння ўцягваць людзей з інваліднасцю ў актыўнае сацыяльнае жыццё, неабходна пераадолець многія бар’еры. У гэтым сэнсе вялікія спадзяванні ўскладаюцца на сродкі масавай інфармацыі. Менавіта СМІ валодаюць той сілай, якая здатная падштурхнуць грамадства ўспрымаць інваліда як паўнапраўнага  члена. І аднымі пандусамі гэту праблему не вырашыць. Хаця забяспечыць безбар’ернае асяроддзе для людзей з абмежаванымі магчымасцямі – асноўная задача дзяржавы. Пра тое, што зроблена ў апошні час у Віцебскай вобласці расказала Ірына Мацвеева, намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама. Яна заўважыла, што за апошнія гады значная частка сацыяльных аб’ектаў пераабсталявана, а новыя будуюцца з улікам неабходнасці забяспечваць безбар’ернае асяроддзе жыццядзейнасці для фізічна аслабленых асоб.
Вядома, людзі з інваліднасцю не павінны адчуваць сваю бездапаможнасць. Для гэтага і ствараецца безбар’ернае асяроддзе. Але  апроч фізічных хапае ў свядомасці грамадства іншых бар’ераў, якія прымушаюць па асабліваму вылучаць такіх людзей, ставіцца да іх не так, як да ўсіх. Вось і ў прэсе такая інфармацыя часцей падаецца ў двух ракурсах: інвалідаў або вельмі шкадуюць, ім спачуваюць, заклікаюць дапамагаць, або паказваюць іх як герояў. “Сусветная практыка разглядае гэтыя падыходы як не зусім правільныя, – заўважыла каардынатар праектаў ПРААН у Рэспубліцы Беларусь Вольга Атрошчанка. – Інвалід мае такія ж магчымасці, як усе іншыя члены грамадства”. І ў гэтым сэнсе ролю СМІ нельга недаацэньваць. У хо-дзе дыспуту не раз гучала думка пра тое, журналісты павінны падаваць пазітыўны вобраз інваліда, павышаць яго самаацэнку. Глядзець на іх праз прызму жалю і спачування – гэта той жа бар’ер. Чалавек з інваліднасцю – такі ж, як усе астатнія людзі. Ён можа заявіць пра сябе практычна ў любой прафесіі. Быць інвалідам не сорамна – гэта асаблівасць кожнага канкрэтнага чалавека, якая не павінна замінаць яму жыць паўнацэнна.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №96 ад 09.12.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *