Совещание по заготовке кормов прошло в хозяйствах Шумилинского района

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Тэмпы и якасць: не супрацьстаяць,  а быць адным цэлым
На мінулым тыдні старшыня райвыканкама У. П. Куранны правёў выязную нараду па пытаннях нарыхтоўкі кармоў, утрымання кароў, будаўніцтва фермаў.
Удзельнікі нарады, сярод якіх былі кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, а таксама работнікі райвыканкама, адказныя за ход сельскагаспадарчых работ у той ці іншай гаспадарцы, наведалі адкрытыя акцыянерныя таварыствы “Прыазёрны мір”, “Ляжні”, “Прыдзвінскі”.
Канкрэтна на месцы яно, вядома, лепш бачна, дзе гадамі пустуе зямля, на якой траве пасвяцца каровы, якой якасці трава кладзецца ў сянажныя траншэі, ды і якія самі траншэі – спецыяльна пабудаваныя ці “бліны”, як самі аграрнікі называюць утрамбаваную прама  на зямлю сянажную масу без абсталявання сянажнай траншэі.
Каля павароту на вёску Сосніна (“Прыазёрны мір”) пустуе вялікі зямельны масіў. Тут зроблена меліярацыя. Кароў на такім полі пасвіць не будзеш, а вось быкоў – самы раз. У. П. Куранны нагадаў, што аблвыканкам паставіў задачу мець у кожнай гаспадарцы не менш 250 быкоў і трымаць іх на пашы. А такіх пустуючых масіваў знойдзецца нямала ў кожнай гаспадарцы.
Пра выпас кароў і зноў жа пра тое, што ў каровы малако на языку. Колькі хочаш гавары пра перавагі франтальнага метаду над загонным ці наадварот, але калі статак пасвіцца на перарослай непадкошанай яжы, сцябліны якой становяцца падобныя на дрот, тады ўжо вялікі бітон пад надой не рыхтуй, хопіць даёнкі. Здаецца, усе спецыялісты ведаюць гэта, але пакуль на нашых палях не будзе пераважаць канюшына, такіх прыкладаў будзе больш чым дастаткова.
Высокай арганізацыяй работ парадаваў удзельнікаў нарады “Прыдзвінскі”. Кіраўнік гаспадаркі У. І. Дзятлаў расказаў, што ў гаспадарцы вырашылі не грэбаваць тэхналогіямі нарыхтоўкі кармоў і пабудаваць спецыяльныя траншэі. Вялікіх выдаткаў для гэтага не спатрэбілася. Разабралі пустуючы панэльны дом – гэтых панэляў хапіла на 6 сянажных траншэй. Такім вопытам можа скарыстацца любая гаспадарка, балазе пустуючага панэльнага жылля хапае паўсюды.
“Прыдзвінскі”, як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама А. П. Быкаў, сёння ў лідарах і па будаўніцтву ферм. У гэтым можна было пераканацца пры наведванні фермы Свярдлы, дзе завяршаецца будаўніцтва другога кароўніка з даільнай залай. У аснове будынкаў – клюшачнікі, пярэднія і заднія сценкі выкладваюцца з цэглы, усё грунтоўна, можна будзе не баяцца, што тут змерзнуць зімой каровы ці знясе збудаванне ветрам.
На нарадзе нямала гаварылася пра тэмпы нарыхтоўкі кармоў. Старшыня райвыканкама давёў заданне штодзень кожнай гаспадарцы скошваць па 100 гектараў траў. Пры такіх тэмпах дзесяці гаспадаркам раёна рэальна справіцца за дзесяць дзён, падкрэсліў  Уладзімір Пятровіч. Пры гэтым ён запатрабаваў, каб на касьбе былі задзейнічаны ўсе 22 касілкі, што ёсць у раёне, а не 6, як гэта было на дзень правядзення нарады.
Першы намеснік старшыні райвыканкама В. Ц. Мянькоў дадаў, што рабочы дзень на касьбе павінен пачынацца з 6 гадзін раніцы і заканчвацца ў 22.00. Такія патрабаванні касавіцы, якая не любіць неразваротлівых.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №45 ад 11.06.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *