В Слободе говорили об обязанностях человека перед семьёй, перед собой, перед жизнью

Общество

Каб не выпасці з жыццёвай каруселі
16 чэрвеня ў Слабадскім СДК у рамках дня работы з насельніцтвам прайшло пашыранае пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку. Пасяджэнне правёў старшыня Сіроцінскага сельвыканкама Сяргей Каржуеў, удзел у абмеркаванні пытанняў узялі намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава, протаіерэй Фёдар Пучынскі.
Якімі б цяжкімі ні былі нашы жыццёвыя абставіны, а плаціць па рахунках усё роўна трэба. У нейкі момант пад пагрозай можа аказацца не толькі дабрабыт сям’і, але і ўпэўненасць, скажам, у сваіх бацькоўскіх правах і абавязках. Напрыклад, калі з-за даўгоў за жыллёва-камунальныя паслугі ў доме адключаецца электрычнасць, дзіця, якое выхоўваецца ў сям’і, могуць ўзяць пад дзяржаўную абарону, іншымі словамі, – забраць у прытулак. Не заўжды прычына даўгоў хаваецца ў несамастойнасці, злоўжыванні спіртным ці іншых сацыяльных “грахах”. Людзі жылі, былі ўпэўнены ў сваёй матэрыяльнай стабільнасці, бралі крэдыты. Крызіс падкасіў многіх: адны страцілі работу, у іншых істотна знізілася зарплата, а працэнты па выплатах толькі раслі. Але якой бы безнадзейнай ні здавалася сітуацыя, сэнсу “бегаць” ад крэдытораў няма, варта максімальна рацыянальна ўладкаваць жыццё і старацца выбрацца з даўгоў. На гэта настройвала людзей Ірына Іванаўна: “Даўгі ніхто не спіша”, – гаварыла яна.
Сітуацыю абцяжарвае і той факт, што зарабіць грошай у вёсцы не так проста. Галоўны працадаўца – мясцовае сельскагаспадарчае прадпрыемства – не заўжды “радуе” своечасовымі выплатамі. Ды і заробкі бываюць настолькі сціплымі, што работнік, загадзя паспявае “выбраць” іх прадуктамі ў краме. Дырэктар КУСГП “Сіроцінскі” М. У. Прыгодзіч заявіў, што заўжды ідзе насустрач людзям, разумее становішча кожнага.
Калі бацькі вырашылі, што ў сям’і, скажам, павінна быць не менш  за пяцёра дзяцей, то і пра ўсе цяжкасці, звязаныя з іх выхаваннем, таксама павінны былі падумаць. У гэтым сэнсе І. І. Шалахаву бянтэжыў той факт, што вяскоўцы пагалоўна адмаўляюцца трымаць гаспадарку. У аднаго-другога ёсць парася ці куры, а вось карова, як высветлілася, не патрэбна нікому. Пры тым, што ўсе скардзіліся на элементарную адсутнасць грошай. “Кароўка – гэта “жывыя” грошы кожныя 10 дзён. А калі ў сям’і пяцёра дзетак, то і дапамагчы яе даглядаць таксама ёсць каму. Ды і дзецям да працы прызвычайвацца не перашкодзіць”, – даводзіла сваю думку Ірына Іванаўна. Большасць з тых, хто з’явіўся на пасяджэнне, уважліва выслухалі дадзеныя ім парады, расказалі, як збіраюцца спраўляцца са сваімі сямейнымі праблемамі.
Шмат часу на пасяджэнні аддалі і так званым ухілістам – хлопцам, якія чамусьці вырашылі, што могуць самі вырашаць, ісці ім у армію ці не. Сітуацыя даволі часта складваецца такім чынам, што ваеннаабавязаныя маладыя людзі з’язджаюць на заробкі за мяжу (як правіла, у Расію) і ўпэўнены, што гэта “зберажэ” іх ад неабходнасці апранаць форму. Але ўсе такія спрытнюгі рана ці позна ўсё ж наведваюцца дадому. А тут яны, ні многа ні мала, а ў вышуку. А жыццё паказвае, што знаходзяць усіх. Сеў за руль, спыніла ДАІ – і ўсё, вольнае жыццё скончылася. Асабліва ўпартым яшчэ і штраф немалы свеціць. Начальнік адасобленай групы Шумілінскага раёна аб’яднанага ваеннага камісарыяту Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў Андрэй Собін прама на пасяджэнні ўручыў хлопцам павесткі.
Сваім вопытам па прафілактыцы п’янства і супрацьпраўных паводзін падзяліўся ўчастковы інспектар Дзмітрый Зубараў. Участковы працуе адразу ў двух сельсаветах і выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі, умее знаходзіць падыход да людзей, карыстаецца безумоўным аўтарытэтам сярод вяскоўцаў – так адрэкамендаваў участковага начальнік РАУС Аляксандр Дзмітрэнка.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №49 ад 24.06.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *