24 марта – Всемирный день борьбы с туберкулёзом

Здоровье Общество

Лауреат Нобелевской премии Роберт Кох - открыватель возбудителя туберкулёза

Інфекцыя небяспечная. Праблема актуальная…
На сёння ў краінах свету туберкулёз застаецца асабліва небяспечным інфекцыйным захворваннем. Актуальнай з’яўляецца гэта праблема і для Беларусі. Ёсць хворыя на туберкулёз у нашым раёне. На 1 студзеня 2012 года на ўліку ва ўрача-фтызіятра знаходзяцца 20 хворых з актыўнай формай туберкулёзу, 63 – пралечаныя.  7 чалавек выяўлена  ў мінулым годзе; 1 – у гэтым. Усе захварэўшыя – людзі працаздольнага ўзросту.
Вялікай рызыцы заразіцца на туберкулёз падвяргаюцца тыя, хто знаходзіцца ў кантакце з хворым. Туберкулёз перадаецца паветрана-кропельным шляхам. Пры чханні, кашлі, размове ад хворага ў паветра трапляюць мікабактэрыі туберкулёзу.
Найбольш успрымальныя да туберкулёзу людзі з аслабленым імунітэтам, пажылыя, малыя дзеці і падлеткі. Верагоднасць захварэць актыўным туберкулёзам складае 5-10% і для здаровага чалавека, калі ў яго арганізм трапілі мікабактэрыі туберкулёзу.
Вядучым метадам выяўлення хваробы на туберкулёз лёгкіх з’яўляецца флюараграфія. У раённай паліклініцы ўстаноўлены сучасны апарат “Уніскан”, у вёскі выязджае перасоўная рэнтгенакамп’ютарная ўстаноўка “Пульмаэкспрэс” Віцебскага ўпраўлення аховы здароўя. Гэтыя сістэмы эканамічныя, характарызуюцца вельмі нізкай дозай апраменьвання, не нясуць пагрозы здароўю пацыентаў і дазваляюць выявіць туберкулёз на пачатковай стадыі захворвання.
Эфектыўным сродкам папярэджвання заражэння і захворвання на туберкулёз дзяцей з’яўляецца вакцынацыя нованароджаных і рэвакцынацыя неінфіцыраваных туберкулёзам дзяцей 7-мі і 14-цігадовага ўзросту. Не менш важным у прафілактыцы хваробы застаецца штогадовая пастаноўка туберкулінавай пробы Манту, якую робяць дзецям і падлеткам, каб своечасова выявіць пярвічнае заражэнне.
Калі ўсё ж выпала захварэць на туберкулёз, адчайвацца не трэба: сучасная медыцына ў нашай рэспубліцы валодае методыкай і неабходнымі лекамі, каб пазбавіць чалавека ад гэтай хваробы. Аднак ад пацыента патрабуецца дысцыпліна і строгае выкананне ўсіх рэкамендацый урача.
Аснову прафілактыкі туберкулёзу складае павышэнне ахоўных сіл арганізма. Таму спрыяе здаровы лад жыцця, правільны рэжым працы і адпачынку, арганізацыя рацыянальнага і своечасовага харчавання.
Пачынаючы з 2008 года, Віцебская вобласць уключана ў Праект ПРААН “Падтрымка Дзяржаўнай праграмы “Туберкулёз” у Рэспубліцы Беларусь”. Фінансуецца праект за кошт сродкаў Глабальнага фонду ААН па барацьбе са СНІДам, туберкулёзам. Закупляюцца лекі, аказваецца сацыяльная падтрымка хворым на туберкулёз, тым, хто знаходзіцца на амбулаторным лячэнні.
І. ЦІМОШЧАНКА, раённы фтызіятр УЗ “Шумілінская ЦРБ”,
Н. СКРЫПКІНА, памочнік урача-эпідэміёлага ДУ “Шумілінскі РЦГЭ”.
Надрукавана ў №24 ад 23.03.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *