В объективе — коллектив. Чем живет коллектив производства по добыче и переработке торфа ПУ «Витебскторф»?

Главное Новости Общество Экономика

Торф. Людзі. Майстэрства
Вытворчасць ВУ «Віцебскторф» трымае рытм вялікай справы
Сёння вытворчасць па здабычы і перапрацоўцы торфу ВУ «Віцебскторф» працуе рытмічна, зладжана і без збою. Дзякуючы эфектыўнай арганізацыі працы і высокаму прафесіяналізму калектыву бягучы сезон абяцае стаць па-сапраўднаму знакавым – плануецца нарыхтаваць 20 тысяч тон торфу (летась гэты паказчык складаў 12 тысяч тон).

Па працоўнай дынастыі


У кагорце надзейных прафесіяналаў – механізатар аўтапагрузчыка Ігар МЯСАЕДАЎ, які прысвяціў роднай вытворчасці 17 гадоў. Галоўная яго задача – адвозіць бігболі, вага якіх ад 600 кг да тоны, на спецыяльную пляцоўку і загружаць у фуры. За адзін дзень механізатар перавозіць да 90 тон прадукцыі.
З вытворчасцю ў Мясаедавых асаблівыя адносіны. Маці Ігара Галіна Мікалаеўна адпрацавала тут лабарантам амаль 30 гадоў. Зараз сын годна працягвае працоўную дынастыю.

Уключыў перадачу –і  паехаў


Лёгкі рух рукі, звыклы шчаўчок – машыніст цеплавоза Юрый ЦІХАНЕНКА ўключыў перадачу, і шматтонная машына паслухмяна паехала па рэйках. Наперадзе чарговы працоўны дзень, галоўная мэта якога – забяспечыць завод неабходнайФ сыравінай з тарфянога радовішча. Маршрут знаёмы Юрыю да дробязей, але кожная паездка патрабуе максімальнай адказнасці. За адзін працоўны дзень ён дастаўляе на прадпрыемства да 20 вагонаў з чорным золатам палёў. Транспарціроўка торфу – працэс дакладны. Трэба не проста правезці састаў па рэйках, але і даставіць вагон на ўчастак разгрузкі. Ад прафесіяналізму Юрыя Ціханенкі залежыць рытмічнасць работы ўсяго прадпрыемства.

Працуе на трох прэсах


Таццяна ФАДЗЕЕВА тры гады працуе мехатронікам, зарэкамендавала сябе высокакваліфікаваным майстрам. Яна здольная кіраваць па чарзе трыма прэсамі – у залежнасці ад заказаў спажыўцоў. Магутны шасцікубовы прэс-волат выпускае тарфяныя бігболі вагой ад 600 кілаграмаў да тоны. Другі прэс стаіць на лініі па выпуску спажыўных грунтоў у 80-літровым фармаце. Асаблівым гонарам вытворчасці з’яўляецца новы камп’ютарызаваны прэс дробнай фармоўкі. За адну працоўную змену Таццяна Фадзеева выпускае на гэтым прэсе да трох тысяч гатовых пакетаў.

Майстэрства Ільі Смалякова


Малады машыніст машын па здабычы і перапрацоўцы торфу Ілья СМАЛЯКОЎ родам з Браслаўскага раёна, два гады працуе на тарфяных палетках вытворчасці па здабычы і перапрацоўцы торфу ВУ «Віцебскторф». Сям’я апынулася на Шуміліншчыне дзякуючы Алесі, жонцы Ільі, якую пасля заканчэння вучобы накіравалі ў Обаль працаваць прыёмшчыкам заказаў.
На прадпрыемстве Ілья хутка асвоіў няпростую прафесію машыніста. Праца на торфараспрацоўцы патрабуе не толькі вынослівасці, але і высокага майстэрства, выдатнага ведання тэхнікі і асаблівасцей прыроднага матэрыялу. Малады машыніст хутка зарэкамендаваў сябе як руплівы і адказны прафесіянал. За адзін працоўны дзень Ілья Смалякоў здольны здабываць да 100 тон торфу! Гэта выдатны вынік нават для вопытных калег, а для маладога спецыяліста – сапраўдны працоўны рэкорд.

Стварае кветкавую казку


На тэрыторыі прадпрыемства прамысловы краявід змяніўся на кветкавы карнавал дзякуючы вартаўніку Аксане ПЕРАБЕЙНОС. І зараз тут буяюць і радуюць вока сотні самых розных кветак: яркія петуніі, пышныя бягоніі і вытанчаныя фуксіі. Каскады плектрантусаў, лісцікі традысканцый і пляценні іпамеі ствараюць адчуванне, што ты трапіў не на працоўны аб’ект, а ў батанічны сад. Асаблівы гонар кветкавода – ружы. Іх на тэрыторыі расце больш за 20 кустоў. І нават на радовішчы Сідзень з’явіліся прыгожыя, дагледжаныя клумбы. Аксана Мікалаеўна паклапацілася, каб кветкавы водар і настрой быў дзе толькі магчыма.

Гаспадар агню і металу


12 гадоў Аляксандр АБОЛІН працуе на обальскім участку прадпрыемства. За гэты час дасканала авалодаў зварачным апаратам. Працуе як у майстэрні, так і пад адкрытым небам, калі вакол бязмежнае балота і пранізлівы вецер.
У цэху кіпоўкі Аляксандр адказвае за тое, каб ні на хвіліну не спыняліся магутныя прэсы і канвееры – сэрца вытворчасці, дзе торф набывае таварны выгляд. Тут патрэбна асаблівая дакладнасць, бо ад трываласці кожнага шва залежыць бяспека і прадукцыйнасць усяго калектыву. А сапраўдны экзамен прыходзіцца здаваць на тарфяных палях, калі Аляксандр выязджае на радовішча, каб аператыўна адрамантаваць фрэзы ці велізарныя барабаны і вярнуць у строй тэхніку. Работа на балоце не спыняецца нават зімой – экскаватары і бульдозеры займаюцца выдаленнем карчоў.

2400  тон за месяц
У цэху кіпоўкі работа таксама ідзе без прыпынкаў: за месяц вырабляюць каля 2400 тон прадукцыі. Вынікі пацвярджаюць, што прадпрыемства не проста выконвае пастаўленыя задачы, а ўпэўнена рухаецца наперад, забяспечваючы эканамічную стабільнасць.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *