
Правы і гарантыі маладых спецыялістаў
Хто такі малады спецыяліст з пункту гледжання закона і на якія бонусы ад дзяржавы і наймальніка ён можа разлічваць? Пра гэта расказалі прававы інспектар працы Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў транспарту і камунікацый Міхаіл Казлоўскі і памочнік пракурора Шумілінскага раёна Герман Багдасаран падчасФ прафсаюзнага прыёму ў раённай пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў устаноў адукацыі Беларускага прафсаюза адукацыі і навукі.
Статус маладога спецыяліста і, адпаведна, правы на льготы атрымліваюць выпускнікі, якія вучыліся на дзённай форме за сродкі дзяржаўнага бюджэту. З маладым спецыялістам заключаецца кантракт, тэрмін якога павінен быць не менш за тэрмін абавязковай адпрацоўкі. Статус маладога спецыяліста можа атрымаць і грамадзянін, які вучыўся платна. «Па яго жаданні камісія па размеркаванні накіроўвае выпускніка на адпрацоўку ў арганізацыю ці прадпрыемства», – акцэнтаваў увагу Герман Багдасаран.
Пасля заканчэння ўстановы адукацыі выпускнікам прадастаўляецца месячны адпачынак. Гэта права, а не абавязак. Пры жаданні і дамоўленасці з наймальнікам малады спецыяліст можа выйсці на работу раней. Пры прыёме на работу яму выплачваецца грашовая кампенсацыя ў памеры апошняй стыпендыі.
Прававы інспектар працы і памочнік пракурора далі адказы на пытанні ўдзельнікаў сустрэчы.
? Ці захоўваецца за работнікам працоўнае месца, калі ён знаходзіцца на тэрміновай ваеннай службе
– Захоўваецца. Нават калі тэрмін адпрацоўкі закончыўся, малады чалавек мае права вярнуцца на сваё ранейшае працоўнае месца.
? Калі малады спецыяліст пераразмеркаваўся ад аднаго наймальніка да другога, з якой даты лічыцца абавязковая адпрацоўка
– З дня працаўладкавання да першага наймальніка.
? Ці можа наймальнік прыцягнуць маладога спецыяліста да дысцыплінарнай адказнасці
– Можа. Гэта можа быць заўвага, пазбаўленне прэміі, вымова. З загадам аб прымяненні дысцыплінарнага спагнання маладога спецыяліста трэба азнаёміць пісьмова.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
