
Лета – з «Пазнавальнымі маршрутамі»
Метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Вераніка Полацкая падвяла вынікі летняга экскурсійнага сезона на Шуміліншчыне: «Летам мы пастараліся ахапіць усе напрамкі – ад унікальнай прыроды заказніка “Казьянскі” да глыбокай гісторыі і духоўнасці, не забылі і пра памяць аб ваенных падзеях. Самае галоўнае – дзеці не проста паслухалі экскурсіі, яны прайшлі маршруты на ўласных нагах і колах, убачылі сваімі вачыма. Гэта жывое навучанне, якое застанецца з імі назаўжды. Гэта ўсё адбылося ў рамках рэалізацыі сумеснага раённага праекта аддзела па адукацыі райвыканкама і Турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Шумілінскага раёна».
За тры летнія месяцы вучні і настаўнікі прайшлі па балотах, пабывалі на Вялікім валуне, праехалі на веласіпедах па мясцінах, дзе абаранялі нашу незалежнасць.
Самай чаканай прыроднай экскурсіяй стала «Сцяжына цудаў» у заказніку «Казьянскі». Яна стартавала 4 чэрвеня, калі група з Мішневіч першай крочыла на драўляныя насцілы, што вядуць скрозь забалочаны лес. «Сцяжына цудаў» – гэта маршрут па верхавым балоце, дзе растуць чырванакніжныя расліны, дзе кожны крок адкрывае новае, некаранутае. Адметна, што экскурсію праводзілі не проста экскурсаводы, а работнікі заказніка, якія ведаюць кожную купіну. Потым на сцяжыну выйшлі обальскія школьнікі, прайшлі вучні СШ № 2, Башнеўскай і Слабадскай школ.
Не менш захапляльнай была экскурсія «Чароўны свет прыроды» ў дэндрапарк Шумілінскага лясгаса, якая прайшла ў ліпені для амбросавіцкіх школьнікаў. Гэта не проста парк, а калекцыя дрэў: тут растуць піхта аднаколерная, дуб чырвоны, а таксама экзатычная для Беларусі бяроза шэрая. Дзеці з захапленнем слухалі, чаму адны дрэвы жывуць па дзвесце гадоў, а другія – толькі сорак.
Асобны блок склалі патрыятычныя маршруты. Юныя турысты СШ № 1 пабывалі на экскурсіі «Абеліскі памяць захоўваюць» у Шуміліне, наведалі месцы ў райцэнтры, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Вельмі ўзрушылі дзяцей словы дырэктара турцэнтра Ірыны Кулікавай пра тое, што ў гады вайны Шуміліна было поўнасцю зруйнавана, цэлым застаўся толькі чыгуначны вакзал.
Веламаршрут «Дарогамі памяці і жалю», у якім удзельнічалі вучні Слабадской БШ, стартаваў з аграгарадка Слабада. Дзеці праехалі праз вёску Дворышча, потым у вёску Тропіна і вярнуліся. У кожным пункце яны чыталі прозвішчы загінулых. Падобныя экскурсіі па месцах баявой славы былі арганізаваны ў Кардонскай і Мікіціхінскай СШ.
Пабывалі вучні і на самым вялікім у Беларусі валуне, наведалі праваслаўныя храмы. Выбраць было з чаго – арганізатары прапанавалі 10 розных маршрутаў. Як адзначыла Ірына Кулікава, у наступным годзе колькасць маршрутаў павялічаць.
«Пазнавальныя маршруты» не прайшлі бясследна. У вучняў засталіся ўражанні, фота, запісы. Лета яны пражылі актыўна, карысна, і родны край стаў яшчэ бліжэй.
