“Дажынкі” мяняюць фармат

Новости

“Дажынкі” мяняюць фармат
Рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі” зменіць фармат. Такое рашэнне прынята 10 сакавіка ў час даклада Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку па гэтым пытанні.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што “Дажынкі” з’яўляюцца карысным для краіны святам, паколькі за час іх правядзення былі прыведзены ў парадак як вялікія, так і невялікія гарады.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што фестываль задумваўся як падвядзенне вынікаў сельскагаспадарчага года, аднак у пачатку восені, калі праводзіцца свята, яшчэ рана гаварыць пра вынікі, паколькі нямала сельгаскультур яшчэ застаецца не ўбрана, напрыклад, цукровыя буракі, кукуруза. “Інакш кажучы, мы падводзім вынікі фактычна толькі па збожжавых культурах. Вось у гэтым пэўны недахоп”, – заўважыў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што за аснову трэба браць перш за ўсё не валавыя аб’ёмы, ураджайнасць, аб’ёмы вырабленага, а эфектыўнасць продажаў, атрыманы прыбытак, грошы на рахунках. “А такую інфармацыю мы можам мець толькі па выніках года”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
У той жа час Прэзідэнт лічыць, што з боку губернатараў намецілася нейкая ўтрыманская пазіцыя ў тым плане, што на месцах за правядзенне “Дажынак” змагаюцца толькі таму, што з рэспубліканскага бюджэту выдзяляюцца сродкі, за якія на іх тэрыторыі прыводзіцца ў парадак пэўны населены пункт. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, добраўпарадкаванне гарадоў — гэта добра, гэта трэба рабіць і ў будучым.
Аднак, як лічыць Аляксандр Лукашэнка, на ўзроўні Прэзідэнта вынікі сельскагаспадарчага года трэба падводзіць больш “дакладна і маштабна”. У прыватнасці, ён прапанаваў ушаноўваць аграрыяў у Палацы Незалежнасці ў пачатку каляндарнага года, дзе будуць уручацца ў тым ліку і дзяржаўныя ўзнагароды.
Што датычыцца фармату “Дажынак”, то прынята рашэнне праводзіць іх у раёнах на базе аднаго з аграгарадкоў. На думку Прэзідэнта, такім чынам за 10-12 гадоў яны будуць прыведзены ў поўны парадак. “Гэта значыць, мы дадзім новае дыханне аграгарадкам. І зможам завяршыць тую праграму, якую мы перад сабой паставілі”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.
На абласным узроўні “Дажынкі” будуць праводзіцца ў раённых цэнтрах, за выключэннем гарадоў абласнога падпарадкавання і тых, дзе праходзіў ужо фестываль-кірмаш, што таксама дасць магчымасць належным чынам іх добраўпарадкаваць.
Прынята рашэнне змяніць намінацыі, па якіх праводзіцца рэспубліканскае спаборніцтва. У прыватнасці, не будуць падводзіцца вынікі сярод сельскагаспадарчых арганізацый (іх філіялаў), раёнаў і абласцей за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур. Як адзначыў віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы, аддаючы сёння прыярытэт эканоміцы гаспадарання на зямлі, вынікі спаборніцтва сярод сельгасарганізацый, раёнаў і абласцей павінны праводзіцца па эканоміка-фінансавых выніках.
У той жа час уводзіцца намінацыя па ўзнагароджанні старшых камбайнераў і камбайнераў, прыцягнутых у сельгасарганізацыі на ўборку збожжавых і зернебабовых культур. Таксама прапануецца ўшаноўваць і пераможцаў рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”.
Такім чынам, фестываль-кірмаш стане персанальным ушаноўваннем работнікаў, якія ўнеслі найбольшы ўклад у збор ураджаю збожжавых і зернебабовых культур, адзначыў Міхаіл Русы. Ён таксама падкрэсліў, што “Дажынкі” сталі брэндам Беларусі і гэты фестываль неабходна захаваць.
БЕЛТА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *