
Раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі 1 верасня справіў наваселле.
Цяпер установа працуе ў светлым і прасторным будынку былога Светласельскага дзіцячага сада. Павіншаваць работнікаў і вучняў прыйшла дэлегацыя на чале са старшынёй райвыканкама Мікалаем Будневічам і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Русланам Матвейчуком.
Чырвоную стужку перарэзалі Мікалай Будневіч і дырэктар цэнтра Надзея Брыцік. Госці пазнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай цэнтра і ўмовамі працы. Надзея Анатольеўна расказала, што ўстанову могуць наведваць дзеці з бацькамі з усіх школ раёна, спецыялісты будуць аказваць дыягнастычную і псіхалагічную дапамогі. Для гэтага створаны ўсе ўмовы: ёсць гульнявыя пляцоўкі, кабінет ранняй дапамогі, дыягностыкі, сацыяльна-бытавой арыенціроўкі, устаноўлены пандус, у планах – зрабіць сенсорны пакой і міні-кафэ для дзяцей.
Прагучаў тут і першы званок. Установа атрымала шмат падарункаў ад сяброў і спонсараў, галоўны – грашовы сертыфікат на абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы – уручылі Мікалай Будневіч і Руслан Матвейчук.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
