
На «прамую лінію» са старшынёй райвыканкама Мікалаем Будневічам, якая прайшла ў апошнюю суботу жніўня, паступіла 12 тэлефонных званкоў. Людзі звярталіся з самымі рознымі пытаннямі – ад водазабеспячэння і пад’ездаў да могілак да медабслугоўвання і добраўпарадкавання. Тэлефанавалі не толькі шумілінцы: сем зваротаў паступіла з іншых населеных пунктаў раёна, два – з Віцебска, адзін – з Полацка.
Жыхар вёскі Мясаедава занепакоены: работы па падключэнні яго дома да цэнтральнага водазабеспячэння пачаліся, але не завершаны. «Няўжо забылі?» – хвалюецца пенсіянер. Кіраўніцтва «Водаканала» паабяцала: усё будзе зроблена ў верасні, як прадугледжана рэгламентам. Паступіла і пытанне пра тэлебачанне – тэлевізар не паказвае ніводнага канала. Заяўніку параілі звярнуцца ў «Белтэлекам» і падключыць ZALA.
Актыўна званілі абальчане. Жыхарка шматкватэрнага дома падзякавала за новы асфальт уздоўж фасада і пацікавілася, ці заасфальтуюць дарожкі да пад’ездаў. «У гэтым годзе – не, але на наступны будзем разглядаць», – адказаў кіраўнік раёна. Другая жыхарка пасёлка хвалюецца за свой агарод, які знаходзіцца побач з будучай амбулаторыяй і не аформлены па правілах. «Будзем глядзець на месцы і прымаць рашэнне», – адзначыў Мікалай Будневіч. Трэцяе пытанне з Обалі – пра электраацяпленне. Жанчына хоча ўстанавіць сістэму, але ў дакументах на дом – непарадак. «Спачатку трэба актуалізаваць тэхпашпарт. Без дакументаў ніхто не будзе мець з вамі справу», – падкрэсліў кіраўнік.
Жыхарка вёскі Падоры ніяк не можа прайсці ультрагукавое абследаванне, неабходнае для накіравання ў абласную бальніцу. Пытанне практычна ў той жа дзень было вырашана – яно на асабістым кантролі ў галоўнага ўрача Шумілінскай ЦРБ Святланы Лінкевіч.
Жыхар райцэнтра паскардзіўся на няякасны капрамонт дома ў раёне МСО – пасля рамонту атмасферныя ападкі трапляюць унутр. Сітуацыю вывучыць УП ЖКГ. Яшчэ адзін шумілінец чакае пастаўку піламатэрыялаў ад лясгаса – заяўка «завісла». Дырэктар лясгаса паабяцаў паскорыць працэс.
Патэлефанаваў на «прамую лінію» жыхар Полацка і расказаў, што дарога да могілак у Ляхаве кожны год разбураецца падчас палявых работ. Кіраўнік раёна звязаўся з дырэктарам сельгаспрадпрыемства, і той паабяцаў, што пасля заканчэння работ пад’езд адновяць, а тэхніка будзе ездзіць іншым маршрутам.
Жыхар Светласельскага пацікавіўся, чаму на могілках у Мікалаеве няма пяску. Старшыня райвыканкама патлумачыў, што звычайны яго падвозяць да Радаўніцы ці Тройцы і даручыў Мікалаеўскаму сельвыканкаму і УП ЖКГ забяспечыць падвоз.
Жыхарка Віцебска, якая мае дачу ў Мосараве, спытала, як законна выдаліць два аварыйныя дрэвы. «Звярніцеся да старшыні сельсавета – вам дапамогуць», – адказаў Мікалай Будневіч.
Жыхарка Полацка паскардзілася на бедны асартымент аўталаўкі, што прыязджае ў Жданоўку, дзе жыве яе маці. Кіраўнік раёна паабяцаў разабрацца.
Апошні званок паступіў ад жыхаркі Мікалаева, у доме якой цячэ дах. Пытанне перададзена ва УП ЖКГ: трэба высветліць, дом шматкватэрны ці блакіраваны – ад гэтага залежыць, за чый кошт будзе зроблены рамонт.
Па ўсіх зваротах вызначаны адказныя службы і тэрміны выканання. Заяўнікі атрымаюць інфармацыю пра вынікі разгляду.
Алена КАРПУШЭНКА.
