Шумилинщина культурная: в 2010 году культурные мероприятия в районе посетили 90 тысяч человек

Актуалии Культура

Ловжанский сельский Центр культуры и досуга

Духоўны светач
Галіну культуры раёна прадстаўляюць 65 устаноў: два гарадскія Дамы культуры, адзін сельскі Цэнтр культуры і вольнага часу, 4 сельскія Дамы культуры, 16 сельскіх клубаў, адзін сельскі клуб-бібліятэка, адзін аўтаклуб, адна цэнтральная раённая бібліятэка, 2 гарпасялковыя бібліятэкі, адна дзіцячая бібліятэка, 21 сельская бібліятэка, адзін раённы Дом рамёстваў, 2 дзіцячыя школы мастацтваў і 10 сельскіх філіялаў, адзін гісторыка-краязнаўчы музей з Обальскім філіялам.
У 8 аграгарадках працуюць 23 установы культуры.
Забяспечваюць работу ўстаноў культуры 221 чалавек. 47 работнікаў маюць вышэйшую адукацыю, 116 – сярэднюю спецыяльную. Пры вырашэнні кадравых пытанняў робіцца стаўка на падрыхтоўку спецыялістаў з ліку выпускнікоў школ раёна, накіраванне на завочнае навучанне працуючых работнікаў. У розных профільных установах адукацыі цяпер вучацца 26 чалавек. Сёлета чакаецца прыбыццё чатырох спецыялістаў ва ўстановы культуры раёна.
Сярэдняя заработная плата ў галіне культуры за 2010 год склала 732,6 тысячы рублёў (105,6% да абласнога задання), за студзень-красавік 2011 года – 1083,1 тысячы рублёў (107,4% да задання).
Установы культуры ў 2010 годзе правялі 4189 мерапрыемстваў, якія наведалі каля 90 тысяч чалавек. У ліку буйных мерапрыемстваў – дзяржаўныя і народныя святы, традыцыйнымі сталі “Беларуская лыжня” (люты), свята раённай газеты “Герой працы” “Мы – разам!” (май), раённая акцыя “За здаровы лад жыцця” (жнівень), раённае свята “Талака” (лістапад). У мінулым годзе стартаваў новы праект – раённае свята “Обальскае балота – жамчужына Паазер’я”, сёлета яно будзе праводзіцца зноў.
Многія калектывы і ўстановы культуры раёна паспяхова выступаюць на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Так, народны тэатр мініяцюр “БУФФ” Шумілінскага ГДК тройчы атрымліваў Гран-пры абласнога свята “Смяяцца не грэх”, якое, дарэчы, атрымала пастаянную прапіску на Шумілішчыне.

Районный Дом ремёсел в "Городе мастеров". 2009 г.

Раённы Дом рамёстваў і раённы метадычны цэнтр па выніках работы за 2008 і 2009 гады былі прызнаныя лепшымі ў вобласці і ўзнагароджаны прэміямі за высокія творчыя дасягненні.
Башнёўскі сельскі клуб стаў пераможцам абласнога агляду-конкурсу ўстаноў клубнага тыпу аграгарадкоў.
Тэатральны калектыў Лявонаўскага клуба-бібліятэкі ўзнагароджаны дыпломам абласнога свята “Тэатральныя далягляды вёскі”.
«Народныя» і «ўзорныя»
У раёне працуюць 135 фарміраванняў, 82 дзіцячыя гурткі, у бібліятэчнай сістэме – 21 гурток і 4 аматарскія аб’яднанні. З кожным годам расце колькасць творчых калектываў, якія маюць ганаровыя званні. Так, цяпер ў раёне паспяхова працуюць 14 народных і 4 узорныя калектывы.
Назва калектыву і год прысваення звання:
Народны тэатр Шумілінскага ГДК               1976
Народны хор “Світанак” Шумілінскага ГДК               1988
Народны фальклорны калектыў “Гульбічы” Шумілінскага ГДК              1994
Народны аркестр народных інструментаў Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў   1995
Народны сямейны ансамбль “Забава” Лаўжанскага цэнтра культуры і вольнага часу   1995
Народны ансамбль народнай песні “Абалянка” Обальскага ГДК                 1996
Народны тэатр мініяцюр “БУФФ” Шумілінскага ГДК      1996
Народны клуб народных майстроў “Спадчына” раённага Дома рамёстваў      1996
Народны клуб “Ветэран” Обальскага ГДК                 1998
Народны духавы аркестр Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў               2000
Узорны баянны аркестр Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў               2001
Народны клуб аматараў беларускай нацыянальнай кухні “Разынка” раённага Дома рамёстваў                 2002
Народная літаратурна-музычная гасцёўня “Крыніца” Цэнтральнай раённай бібліятэкі 2003
Узорны хор Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў     2006
Узорны духавы аркестр Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў               2006
Узорны лялечны тэатр “Батлейка” раённага Дома рамёстваў                 2007
Народны клуб “Ветэран” Шумілінскага ГДК                2007
Народны вакальны ансамбль “Гарэзнікі” Обальскай дзіцячай школы мастацтваў     2009.

Центральная районная библиотека

Дакументы на прысваенне звання “ўзорны” дзіцячай эстраднай студыі “Асарці” Шумілінскага ГДК  знаходзяцца ў Міністэрстве культуры.
“Жывіце ў радасці”
З 13 да 15 мая ў горадзе Слонім Гродзенскай вобласці праходзіў IV рэспубліканскі фестываль сямейнай творчасці “Жывіце ў радасці”. Фестываль ужо каторы год збірае творчыя сем’і з усёй Беларусі для таго, каб артысты-аматары на адной сцэне з прафесіяналамі дэманстравалі свае таленты і ўменні. Інструментальныя шэдэўры, прыпеўкі, песні пра сямейнікаў і суседзяў, каханне і жарсць, сум і радасць – усё гэта гучала са сцэны.
Віцебскую вобласць акрамя шумілінцаў прадстаўлялі міёрскія самадзейныя артысты. Творчасць народнага сямейнага ансамбля ”Забава” Лаўжанскага сельскага Цэнтра культуры і вольнага часу фестываль ацаніў.
Ансамбль “Забава” быў адзначаны Дыпломам у намінацыі “Лепшая аўтарская песня”. Вітальная песня “Ой, то ж Забава”, напісаная кіраўніком калектыву Аляксандрам Петуховым, знайшла свайго слухача і атрымала высокую ацэнку надзвычай прадстаўнічага журы.
Варта заўважыць, што нашу вобласць, наогул, заўважылі. З усіх прад’яўленых візітак, якія дэманстравалі ў першы дзень фестывалю артысты з усіх рэгіёнаў, менавіта віцебскую адзначылі як лепшую.
Мы рады за нашых землякоў і жадаем ім ніколі не стамляцца ў пошуку творчых ідэй.
Вядомыя і за межамі краіны
Дзякуючы “Славянскаму базаруў Віцебску”, і шумілінцы атрымалі магчымасць далучыцца да сусветнай мастацкай культуры. У рамках міжнароднага фестывалю ў Шуміліне праходзілі ў 2008 годзе Дні латвійскай культуры з удзелам ансамбля Венспілскага цэнтра культуры (Латвія). У 2009 годзе ўсіх зачаравалі экзатычныя ўсходнія мелодыі і танцы дзяржаўнага ансамбля “Зялёны бамбук” (В’етнам). У 2010 годзе шумілінцы атрымалі задавальненне ад украінскіх песень у выкананні народнага ансамбля “Вясёлка” з горада Белгарад-Днястроўскі (Украіна).
Ды і самі шумілінцы – пастаянныя і актыўныя ўдзельнікі многіх культурных мерапрыемстваў у вобласці, рэспубліцы і нават за межамі краіны.
У 2008 годзе яны прадстаўлялі Беларусь у Днях беларускай культуры ў Венспілсе (Латвія). Наведалі яны краіну-суседку і ў мінулым го-дзе, калі ў г. Індра Краслаўскага краю праходзіў Міжнародны фестываль “Латгальскі вянок”.
У 2010 годзе шумілінскія артысты бралі ўдзел у VII валасным фестывалі-кірмашы нацыянальных культур у горадзе Лодзь (Польшча).
Кожны год шумілінскія музычныя калектывы і майстры з Дома рамёстваў удзельнічаюць у Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, нашы таленты пастаянна запатрабаваны на выставе-кірмашы “Горад майстроў”.
Чатыры разы (у 2003, 2005, 2007 і 2009 гадах) таленты Шуміліншчыны ўдзельнічалі ў Міжнародным фестывалі народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах.
У 2008 годзе радавалі сваім майстэрствам працаўнікоў вёскі на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы “Дажынкі” (г. Орша), а ў мінулым годзе на абласных “Дажынках” у Расонах.
Разам з музычнымі калектывамі вобласці ганаровай справай сталі выступленні на Днях культуры Віцебскай вобласці ў Мінску ў 2001 і 2005 гадах. У 2005 годзе прадстаўнікі раёна ўдзельнічалі ў Рэспубліканскім фестывалі “Беларусь – мая песня”.
Музычныя калектывы, самадзейныя артысты і народныя майстры з Шумілінскага раёна – пастаянныя ўдзельнікі абласных культурных акцый: святаў-конкурсаў “Чароўная нітка” (2008 г.) і “Райскі сад” (2009 г.), фестывалю гумару “Смяяцца не грэх” (з 2003 года),  фестывалю нацыянальных культур “Нас аб’яднала зямля Беларусі” (Міёры, 2007, 2008 гг.), аглядзе сямейнай творчасці “Сям’я Прыдзвіння” (Орша, 2006 г.) і іншых.
Шумілінцы неаднойчы прывозілі з гэтых мерапрыемстваў узнагароды, станавіліся прызёрамі і лаўрэатамі.
Установа культуры новага тыпу
Рашэннем Шумілінскага райвыканкама №365 ад 14 чэрвеня 2010 года на базе Лаўжанскага сельскага Дома культуры ў аграгарадку Мікіціха створана мадэльная ўстанова культуры новага тыпу – Лаўжанскі сельскі Цэнтр культуры і вольнага часу.
Гэта буйнейшая культурная ўстанова раёна. Мэта стварэння такой установы – правядзенне комплексу мерапрыемстваў, накіраваных на актывізацыю дзейнасці ў выхаванні і культурна-масавай рабоце з насельніцтвам аграгарадка і распаўсюджванне перадавых форм і метадаў работы па раёне.
Установа стала пляцоўкай для правядзення розных мерапрыемстваў абласнога і раённага ўзроўню: на базе Цэнтра адбылося адкрыццё абласной Дэкады тэатральнага мастацтва, прайшоў абласны семінар старшынь раённых Саветаў дэпутатаў, быў праведзены першы тур абласнога агляду-конкурсу патрыятычнай песні “Песні юнацтва нашых бацькоў”.
Новыя дасягненні
“Горад княгіні Вольгі” — такую прыгожую назву атрымаў чатыры гады таму адкрыты гарадскі конкурс выканаўцаў рускай музыкі і песні ў Віцебску. Ён праводзіцца па ініцыятыве віцебскіх гарадскіх грамадскіх аб’яднанняў “Рускі дом” і “Рускі культурны цэнтр “Русь” з тым, каб падтрымліваць таленавітых выканаўцаў, выхоўваць патрыятызм і эстэтычны густ у падрастаючага пакалення на лепшых узорах музычнай і песеннай культуры.
Сёлета ўзялі на сябе смеласць паўдзельнічаць у конкурсе і паказаць свае музычныя таленты выхаванцы Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў Ксенія Храмцова, Лізавета Дземянёва і Вольга Скорынава (выкладчыца па класу “цымбалы” Алена Скорынава) і ўдзельнікі эстраднай студыі «Асарці» Шумілінскага ГДК Анастасія Жарыкава, Лізавета Языкова, Анастасія Шавяка і Таццяна Яўсейчык.
Конкурс праходзіў у два этапы, удзел бралі больш за 100 чалавек. Анастасія Жарыкава стала дыпламантам, а Вольга Скорынава — лаўрэатам конкурсу. Разам з бацькам Віктарам Скорынавым Вольга ўдзельнічала ў гала-канцэрце.
Надрукавана ў №38 ад 24.05.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *