І пасыпаў ён попелам сівую галаву…

Духоўнае

І пасыпаў ён попелам сівую галаву…
Эсэ з нагоды

…І размаўляў Мікола ў сне з братам, тым, жывым чалавекам, і каяўся, кляў сябе, што не ўсё зрабіў, каб той заставаўся жывым, і страшна ненавідзеў, да пякоткі, да звар’яцеласці, таго ці тых, хто забраў яго. Мікола не спірыт, ён наогул матэрыяліст і ва ўсё пазазямное не верыць, а ўсё-такі захацелася яму пагаварыць з братам, малодшым братам, які ў далёкім ужо 92-ім прапаў без вестак, пракласці сцяжыну даверу ад гэтага берага да таго, да ягонага, ад нашага быцця да таго, якім жыве ён Там. Таму за тыдзень да Валерынага дня народзінаў, да яго 60-ай гадавіны, Мікола патэлефанаваў старэйшаму брату Міхаілу і сказаў:
– Дзявятага кастрычніка Валеру 60. Ты помніш пра гэта?
Той помніў, і яны вырашылі сустрэцца 9 кастрычніка, заявіцца ў вёску Крупчаніна, адкуль і прапаў яго след.  Дзе апошнія гады жыў  Валера з сям’ёй, адкуль вывезлі на клады малую ягоную крывіначку-дачку Веранічку, якой не было і сямі гадкоў, дзе Валера пасля гэтай жалобы стаў нейкім іншым, ціхім, элегічна- ды маркотна-задуменным.  Быццам пад наркозам ці такім, як чалавек, які толькі што выйшаў з такога стану.
Час вакол Валеры спыніўся, застыў, нібы гіпс. Нібы бетон самай высокай маркі. Нібы Камень. Нібы Маналіт. Усё спынілася. Усё цякло, але тое, што было вакол яго, заставалася ранейшым.
Мікола недзе вычытаў: усё пачынаецца і заканчваецца хіміяй. Нічога, акрамя формул, няма на нашай зямлі. З малекуламі нараджаецца чалавек, з імі і памірае. Гэта ісціна, якую не аспрэчыць ні адзін разумны чалавек. “Няўжо той, хто адтэпаў па зямлі шэсцьдзясят ці сто гадоў, знікае бясследна? Няўжо ад яго, апрача памяці, не застаецца нічога? Вядома, не кажам пра горбачку попелу. Ды пра костачкі, якія павінны заставацца, калі нябожчык не крэміруецца. Як вось з Валерам…” – загарэўся на пытанне нейкі другі, які пачаў жыць унутры Міколы, пад сэрцам. Ён, сённяшні, жывы і рэальны, не мог нічога яму адказаць. Хаця падмывала, хацелася крыкнуць не яму, а некаму, можа, і Усявышняму: “А што ж боль?.. Адкуль ён і ці ёсць ён, той боль, пасля смерці? Ну, скажы ты, каго лічым усе мы самым мудрым і справядлівым на свеце? Ты наш Бог, ты павінен ведаць на гэта адказ! Скажы, яму балела, калі сыходзіў з нашага жыцця, і ці баліць яму сёння? Га?.. Я не хачу, каб балела, каб пакутаваў ён усе тыя дваццаць чатыры гады, нібы той палоннік у жуаньжуанаў, калі рабілі з яго раба. Не хачу!!.”
Міколу здаецца, што Валера зараз іншы, з другой крывёй, і кроў тая мае зусім іншыя малекулы. Яму здавалася, бо ён яшчэ верыў, што брат недзе аб’явіцца. Хоць на тысячную долю, а верыў. Спадзяваўся на выпадак, на тое, што ён, як той манкурт у “Буранным паўстанку”, недзе ходзіць па саразеках, што знойдзецца, нарэшце, дабрадзей, які выведзе яго на памяць, верне яму тое, чым жыў калі не ўсе трыццаць шэсць гадоў, то, прынамсі, усё сваё свядомае жыццё. Колькі сябе помніў. Прыйдзе, і адразу стане такім жа, як усе мы, з той жа пунсовай крывёй і тымі ж самымі формуламі. З той жа хіміяй. А мо і лепшым, бо ён – адтуль, з пазазямнога жыцця. А тут Сярожа, сын Валеры, пасля наведвання могілак, куды прынеслі кветкі Веранічцы, перад тым, як сесці за стол, у машыне прама пачаў усхвалявана і блытана падводзіць да нечага таго, што – я адразу адчуў, як знямела сэрца, як перастала яно тахкаць у грудзях, а перабралася некуды пад скроні – разарве, як шматкі паперы, усю таямніцу смерці ягонага бацькі, а іхняга меншага з братоў. Мікола чакаў, седзячы  побач з пляменнікам у раскошнай машыне, і баяўся, што страціць прытомнасць, абамлее, так і не дачакаецца канца той споведзі.
А тое, што ён сказаў, не стала тым шокавым выцяткам, ад якога мужчына можа абамлець. Тым не менш гэта было жахліва, жудасна ў дачыненні да іхняга, да роднага, да Валеры, да іхняй крывіначкі, да таго, каго ён любіў і хто дваццаць чатыры гады не падаваў голасу.   Адзін з тых, хто ведаў жодзінскую банду і рукамі якой Валеру зжылі са свету, расказаў, дзе  Валера знайшоў свой апошні нехрысціянскі (о, Божа?!) спачын. Шукаць яго трэба ля самой чыгуначнай станцыі, дзе ён садзіўся штодзень у электрычку і адкуль штодня вяртаўся дамоў. А ў той ракавы майскі вечар не вярнуўся.  Ехаў позна, на апошняй электрычцы, а за ім ужо цікавалі з самымі злымі і трагічнымі намерамі ліхія людзі, бандзюгі, нягоднікі, вар’яты, якія разлічыліся з ім, хто наступіў на нечы балючы мазоль (а Валера  як юрыст мог раскапаць гнюсную справу). На мазоль якога-небудзь “пахана”. Забілі і скінулі ў занядбаны калодзеж побач са станцыяй, які ўтравеў і зарос хмызам.
Гэта паходзіла на праўду.
Яны вылезлі з машыны і тупа глядзелі на той калодзеж, накрыты цяжкім маналітным вечкам. Яго не ўзнімеш без крана і не паглядзіш. А што ты ўбачыш там, на сподзе глыбокага (чамусьці думаецца, кальцы на чатыры ці пяць) калодзежа, з якога некалі людзі пілі ваду? Можа, там да ўсіх трох кольцаў даходзіць гнілая, застаялая вада. Што ты там убачыш? Ды і без дазволу лезці  і шукаць некага няможна. “Дык вось адкуль ува мне загаварыў голас пра тое, каб паехаў, каб пагаварыць з Валерам? – падумалася Міколу. – Значыць, гаворка не толькі пра юбілей, на які напрасіўся (хаця і незямны, а, калі хочаце, віртуальны, нябесны ці які там), ёсць нешта такое, на ўзроўні спірытызму, што падказала, сарвала яго з далёкага Шуміліна ў Крупчаніна.  Можа, якраз сам Валера і запрасіў па сваіх “каналах” на сваю юбілейную сябрыну. За братэрскі стол – за той стол, за якім сядзелі некалі (і не аднойчы) да глыбокай ночы, калі сустракаліся, і глыталі слёзы ўперамешку з каньяком ды гарэлкай…”.
*       *       *
Ларыса Віктараўна – гасцінная і ветлівая жанчына – якраз у дзень віртуальнага, незямнога юбілею мужа – за сталом прызналася, што не разумее яго, Міколу, які некалі пад чаркаю (а во запомніла ж?!) згусціў нібыта фарбы пра мужаў грашок, пра тое, што “Ніколі той не адкіне чарку, бо здароўе дазваляла”.
– Не трэба было так. Гэта жорстка, – казала яна, апусціўшы свае па-ранейшаму прыгожыя кунатыя вейкі. – Трэба ж думаць, пра што гаворыш… Пра каго… Брат усё-такі.
Мікола зніякавеў. Ён сядзеў на мяккай канапе, ужо быў пад чаркай, разамлелы, і на яго, бязвінна-наіўнага, раптам нібы вылілі цэбар халоднай вады. “Спрачацца? Даводзіць, што, вядома, ён не ісціна ў апошняй інстанцыі, аднак жа не трэба з Валеры рабіць легенду?” – была першая, ратавальная думка. Але ён яе адкінуў, расстаўся з ёю без шкадавання. “Не трэба, – сказаў-загадаў сабе. – Нічога не трэба! Прымі, як належнае. Валера – твой брат, ты яго любіў, дык чаму не мог сказаць пра яго толькі ўсцешанае, толькі святое…”
Нейкі час над сталом вісела гнятлівая цішыня. Міхаіл маўчаў, не апраўдваў Міколу і не лаяў. Слова ўзяла дваюрадная сястра Святлана. Не тое што ратуючы Міколу, проста рашыла падзяліцца думкамі пра Валеру, расказаць пра яго дзівацтвы ў тыя гады, калі быў малады ды нежанаты. Уразіў выпадак, калі ён са Светай выкрадаў матацыкл у таго ж Мішы, які прыехаў да цёткі, працуючы ці брыгадзірам, ці ўжо аграномам, выкрадаў,  каб пакатацца, рвануць на танцы ці проста адвесці душу ў ліхацтве. Цікавы, эмацыйны расказ, у дробязях, і ўсё гэта кранула застолле.
– Ну вось, – кажа раптам Мікола, ачуняўшы ад прыкрых папрокаў гаспадыні. – Вось вам жывы чалавек! Не прэсны, з жывінкай, з соллю, а – чалавек!..
Словы падхапіла Святлана:
– Так вось ён быў – шчаслівы сваімі дзівацтвамі і сваім дзяцінствам, якое зацягнулася. Або вось такі эпізод.
І яна прынялася проста сыпаць  гарохам: і пра тое, як нёс ён з некім са сваіх сяброў украдзены бітон з бражкай два кіламетры да сваёй вёскі, за што меў справу з участковым. Або пасля, калі  Свеце было даручана накрыць комін суседкі шклянкай, і тая распальвала печ, а дым усё валіў на хату. Печ тую разбіраў майстар, чухаў патыліцу, разводзіў рукамі. Пазней Валера здаўся, сказаў Святлане, каб зняла тая шклянку, але зняць яе без шуму і сырамятнай пугі ёй не ўдалося.
– Перападала ад мамкі, не давядзі Гасподзь! – казала яна без крыўды. – І Валеру неяк перапала. Мама яго ўсё шкадавала, казала: сірата ўсё ж, а тады і яму перацяла цераз хрыбет. Што я, мне было ці не пятнаццаць, а ён быў ужо пасля арміі. І такіх конікаў выкідвалі. І не адзін ён быў такім гарэзай, і сябры яго забаўля-ліся, яшчэ можа і горш за яго…
Зноў нехта выкінуў ратавальны козыр:
– Такі вось быў… Затое шчыры і жывы. Нібы і сёння ў нас за сталом…
Памаўчалі, выпілі, закусілі.
– Нібы жывы… – разарвала кайданы цішыні сцішаная гаспадыня. – Ён любіў Веранічку… Сярожу… Яму (г. зн. Валеру. – аўт.) не ставала часу, але заўсёды знаходзіў хвілінку, каб пабыць з сынам. Памагчы яму, навучыць жыццю. А ты пра тое, што ніколі не адкіне чарку…
Памаўчалі. Было няёмка. Асабліва Міколу. Але гэта было сваё, радзіннае, калі хочаце, застолле, і Мікола быў чалавекам не надта скрытным, і сказаў тады:
– Ну, нашто з чалавека, хаця і роднага нам, і неймаверна блізкага, рабіць ідала?..
Сказаў так і пашкадаваў, бо ўбачыў Ларысін твар.  Але слова – не верабей… Неўзабаве прыйшла яшчэ больш рашучая і смелая думка, але на людзі яе ўжо Мікола не выпускаў. Падумалася пра сябе, калі б ён пайшоў з жыцця, ці быў бы ён такім жа святым для жонкі, для дзяцей сваіх? Магчыма, хутчэй за ўсё з гадамі сціраецца  з памяці дрэннае, нягоднае, а застаецца толькі тое, што сам чалавек хоча чуць і пра што хоча ведаць. А бывае і наадварот, калі чалавек помніць толькі нягоднае, толькі прыкры ўчынак, помніць крыўду, а ўсё іншае жыве недзе зводдаль. Сядзіць усё гэта, як стрэмка, і вярэдзіць, і вярэдзіць, ажно да самай смерці. І такое бывае.
Не можа Мікола ўявіць Валеру сівым ці лысым,  з адышкай і без той шчаслівай усмешкі, якая была для яго, калі хочаце, брэндам. Усмешка, і гасцінны прыём – ды такі гасцінны, калі выцягваліся самыя сакральныя запасы гарэлкі, і пілася гарэлка, чаргавалася з піццём кавы; і такія словы, якія гаварыў толькі ён, і песні Абадзінскага, песні Дабрыніна – пра соль і раны, пра сіні туман, і ўсё іншае, што складала сутнасць ягонай  натуры – усё гэта засталося ад яго, жывога. Быццам сёння, паўторымся, ён з імі сядзеў за сталом, і смяяўся, трохі чмыхаючы ў нос, і забаўляў, пацяшаў усіх нейкім скаромным, але не пахабным анекдотам, прывезеным з Жодзіна, і Міколу, правінцыялу з Віцебшчыны, усё здавалася тут вельмі блізка пад сталічны бляск, думалася, што жывуць тут і больш прыстойна, і больш заможна. Хаця, калі па вялікаму рахунку, і тут, у брата, грошы самі па сабе з неба не сыпаліся, не распіралі кішэні  – усюды трэба было здабываць іх “в поте лица своего”.
Валера за сталом дзяліўся з братам калі не ўсім, то многім з таго, што хвалявала і непакоіла. Радаваўся, што нейкая доля застанецца яму ад нейкай важнай справы, якую выйграў у судзе, што гэта толькі пачатак, і трэба адно мець галаву на плячах, а не “шарыка-падшыпнік” (лексіка з таго часу, калі Валера працаваў на МТЗ у Мінску). Гаварылі, ачмурэлыя ад грымучай сумесі гарэлкі і кавы з чаем, і пра іншае, больш усцешана-мужчынскае, гаварылі пра жанчын, пра любоўніц, пра тое, што мы не святыя, нас не трэба браць і жыўцом узнімаць на неба, бліжэй да Бога. Мы вось такія, мы – ад Адама і Евы, і нам хацелася б адкусіць трошкі ад  грэшнага яблычка з эдэмскага саду…
*      *      *
Чалавеку патрэбны легенды, без іх ён зачэзне, змарнее духам.  Яны патрэбны суседу, брату-свату,  пляменніку Сярожу.  За тое, што так адклалася ў свядомасці сына, перш за ўсё вартая самага ўдзячнага слова сама Ларыса Віктараўна. Яна крок за крокам, штодня і штохвілінна ляпіла вобраз мужа і бацькі, надавала яму рысы таго чалавека, якога кахала і з якім пражыла, на вялікі жаль, зусім мала. Сярожу было ўсяго дванаццаць, калі не стала бацькі, і вось за гэтыя дваццаць чатыры гады ён стаў для сям’і самым блізкім чалавекам. Калі б не гэты вобраз Валеры, брата, мужа, бацькі, дзеда (Божа мой, усцешыўся б ужо двума ўнукамі?!), які прыйшоў з 90-х і якому праз смугу гадоў ставала ўжо легендарнасці, хто ведае, як бы гартаваўся характар Сярожы.
І Мікола ў каторы раз пасыпае попелам сваю сівую галаву…
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №97 ад 13.12.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *