Безналичные жилищные субсидии в Шумилинском районе начислены пяти человекам

Актуалии Общество Экономика

Субсідыі  налічаны  пяці  чалавекам
Як вядома, 1 кастрычніка ўступіў у сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №322 “Аб прадастаўленні безнаяўнай жыллёвай субсідыі”. Дакумент быў прыняты ў мэтах забеспячэння дзяржаўнай падтрымкі ў першую чаргу асоб пенсійнага ўзросту, інвалідаў і сацыяльна неабароненых слаёў насельніцтва і прадугледжвае, у прыватнасці, частковую кампенсацыю платы за жыллёва-камунальныя паслугі і платы за карыстанне жылымі памяшканнямі. Па словах начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Надзеі Кунец, у нашым раёне безнаяўныя жыллёвыя субсідыі налічаны пяці чалавекам. Агульная сума кампенсацый склала 198 рублёў 93 капейкі.
“Гэтыя пяць чалавек з ліку непрацуючых пенсіянераў і інвалідаў, – расказала Надзея Мікалаеўна. – Адзін грамадзянін пражывае ў райцэнтры, чацвёра – у аграгарадку Мікіціха. Усе яны атрымалі субсідыі па выяўленчым прынцыпе, аўтаматычна, без асабістага звароту ў адпаведныя інстанцыі і збору неабходных дакументаў. На падставе прадастаўленых афіцыйных дадзеных упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і пасля шэрагу тэхнічных праверак у выканкам прыйшло паведамленне, што пад катэгорыю маючых патрэбу ў субсідыі трапіла 5 чалавек. На працягу трох дзён пасля прыняцця рашэння райвыканкама гэтыя грамадзяне атрымалі паштовыя паведамленні аб прадастаўленні ім безнаяўных жыллёвых субсідый.”
Максімальны памер субсідыі аднаму чалавеку быў роўны 55,70 кап., мінімальны – 22,70 капеек. Дарэчы, субсідыя па выяўленчым прынцыпе выдаецца адразу на квартал.
А вось безнаяўныя жыллёвыя субсідыі па заяўным прынцыпе, калі неабходны непасрэдны зварот грамадзяніна ва УП ЖКГ і прадастаўленне ім пакета дакументаў,  у нашым раёне пакуль не налічваліся,  бо ніводны чалавек не звяртаўся за гэтым ва ўпаўнаважаную структуру. Такую інфармацыю паведамілі спецыялісты камунгаса.
Нагадаем, што безнаяўныя жыллёвыя субсідыі прадастаўляюцца ў выпадку, калі штомесячная сума платы за жыллёва-камунальныя паслугі перавышае 20% сярэднямесячнага сукупнага даходу сям’і, якая пражывае ў горадзе, і 15% – для вясковых сямей.
Наогул, азнаёміцца больш дэталёва з Указам і даведацца пра ўсе нюансы прадастаўлення безнаяўных жыллёвых субсідый нашы чытачы могуць на старонках раённай газеты (№70 за 6 верасня і №80 за 11 кастрычніка).
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №98 ад 16.12.2016г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *