1+1=»Приёмная семья»

Общество

Родныя не па крыві
Зімовыя дні для адзінокіх састарэлых людзей часта становяцца сапраўдным выпрабаваннем: пенсіянерам цяжка і дроў нанасіць, і печку прапаліць, і дайсці па галалёдзе да аўталаўкі.
“Ды гаворка не толькі пра зіму, некаторым пенсіянерам патрэбна дапамога круглы год, – кажа загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ф. М. Сянькова. – Вось таму ў нас і створаны праект “Прыёмная сям’я”, які накіраваны на павышэнне якасці жыцця пажылых грамадзян, прафілактыку сацыяльнай адзіноты. Такой сям’ёй можа стаць любы жыхар раёна, які згодны пасяліць у сябе дома пенсіянера і па ўзаемнай дамоўленасці клапаціцца пра яго. У нашым раёне зараз дзве  прыёмныя сям’і”.
Згадзіцеся, далёка не кожны возьме да сябе жыць чужога чалавека і будзе даглядаць яго. Пачуўшы слова “чужы”, Валянціна Маісееўна Пліско сацыяльны работнік з Мішкавіч замахала рукамі: “Што вы? Усе, хто жыве ў маім доме, – гэта не чужыя, а свае. Можна сказаць, родныя. І няважна, што не па крыві. Мы родныя па поглядах на жыццё і па ўзросце, калі хочаце”. Роднымі жанчына называе Зою Францаўну Пліско і Арцёма Іванавіча Голубева, якія жывуць у доме яе гадоў дзесяць.
“Першай я ўзяла да сябе Зою Францаўну, – расказала гаспадыня. – Гэта цётка майго памерлага мужа. У яе няма дзяцей, і я часта наведвалася да жанчыны ў Лабейкі, дапамагала ёй. А зімой па снезе і галалёдзе і мне цяжка дабірацца да гэтай аддаленай вёскі – усё ж пенсійны ўзрост. У мяне і ў думках не было аддаць цётку ў інтэрнат. Таму і вырашылі, што будзем жыць разам. Прыкладна праз год да нашай жаночай кагорты далучыўся Арцём Іванавіч, ён мясцовы, працаваў раней пастухом у гаспадарцы. Так здарылася, што ў мужчыны няма ўласнага жылля. Вось так і жывём – трое пенсіянераў у адной хаце”.
Вядома, пры іншых жыццёвых абставінах пастаяльцы Валянціны Маісееўны не апынуліся б у прыёмнай сям’і. Але на сённяшні дзень гэта для іх выйсце. Пенсіянеры вядуць звычайны лад жыцця, не адступаюць ад сваіх прывычак.  Кажуць, што адчуваюць сябе як дома. У іх агульная дамашняя гаспадарка, разам даглядаюць курэй, саджаюць гародніну, разводзяць клубніцы, смажаць дранікі.
“Некаторыя мае равеснікі лічаць, што адной жыць спакайней, – кажа В. М. Пліско. – А па мне дык вельмі самотна. Дзеці выраслі, раз’ехаліся. А ў мяне цяпер новая сям’я. Мы размаўляем, успамінаем маладыя гады за кубкам гарбаты – зімовыя вечары пралятаюць імгненна. І нам усім вельмі добра разам”.
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Надрукавана ў №99 ад 20.12.2016 г.



1 комментарий по теме “1+1=»Приёмная семья»

  1. Цікавы артыкул. Тэма цікавая. І галоўнае – здымак. Цуд! Малайчына, Румянцава!..

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *