Каля 200 дзяцей сабрала сёлета Шумілінская раённая дабрачынная ёлка

Актуалии Культура Общество

Каля  200  дзяцей  сабрала  раённая  дабрачынная  ёлка

Дзіця – усмешка – свята – гармонія. Задача дарослых – захаваць непарыўнасць гэтай узаемасувязі, а калі ў гэтым ланцужку выпадае якое-небудзь звяно, адрамантаваць яго. Звычайна, рамантуе сям’я. А калі не, тады гэты клопат бярэ на сябе дзяржава і дорыць дзіцяці ўсмешку, свята, гармонію.
Каля 200 дзяцей з усяго Шумілінскага раёна сабрала сёлета вакол сябе раённая дабрачынная ёлка. Арганізатары вельмі пастараліся, каб кожнаму маленькаму ўдзельніку свята (а сярод іх было нямала тых, хто пазбаўлены сямейнай цеплыні) было цікава і радасна, каб кожны разам з падарункам вынес са святочнай залы Цэнтра культуры веру ў тое, што можна і трэба жыць шчасліва.
Звяртаючыся да дзяцей, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава адзначыла, што ў нашым раёне, як і ва ўсёй краіне, створаны ўмовы, каб дзеці вучыліся, развівалі свае здольнасці і таленты. Ірына Мікалаеўна падзякавала вучням, бацькам і педагогам за поспехі, пажадала ўсім здароўя і дабрабыту, выдатных адзнак і падарункаў ад Дзеда Мароза.
На сцэне – сапраўдны Дзед Мароз (Юрый Афанасьеў), адзін узмах чароўным посахам, і пачалася сапраўдная казка – “Прыгоды Бураціна”.
Прыгоды маленькага драўлянага чалавечка з першых хвілін захапілі залу. Уяўляю, колькі давялося папрацаваць нашым артыстам, каб адаптаваць гэты зусім няпросты твор для сённяшняга ўспрымання дзяцей. І яны выдатна справіліся. Чаго толькі вартая парачка Ката Базілія і Лісы Алісы! Кот ва ўвасабленні Юрыя Раманава атрымаўся каларытным, з рысамі Астапа Бэндэра. Да пары яму і хітрая Ліса ў выкананні Ліліі Барадзёнак. Вельмі яскравымі былі таксама Аляксандр Гаўрылаў (Карабас-Барабас), Ларыса Дземідовіч (Чарапаха Тарціла), Аляксандр Карнілаў (Дурэмар), Аляксей Пашкевіч (тата Карла), Андрэй Сомаў (Джузепэ), Ягор Нуждзін (гаспадар харчэўні), а таксама юныя акцёры: Ягор Шчукін (Бураціна), Вячаслаў Аляксееў (П’еро), Ілона Багданава (Мальвіна).
А потым былі карагоды вакол ёлкі, танцы, гульні, адным словам, сапраўдны навагодні баль.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №102 ад 30.12.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *