Пра што пісала ў 1973 годзе “Герой працы”?

Актуалии Общество

Павысіць тэмпы будаўніцтва!
Вынікі работы за сем месяцаў

У бягучым годзе агульны аб’ём капіталаўкладанняў па раёну складае 5 мільёнаў 91 тысячу рублёў. З іх 4 мільёны 562 тысячы прыходзіцца на будаўніча-мантажныя работы. Сёлета трэба здаць у эксплуатацыю 20 вытворчых памяшканняў, 177 кватэр агульнай плошчай 7180 квадратных метраў, школу на 320 месц (маецца на ўвазе Сіроцінская СШ – А. П.), раённы Дом культуры, універмаг у райцэнтры, Дом быту ў гарадскім пасёлку Обаль, шэраг іншых аб’ектаў вытворчага прызначэння. Як жа будаўнічыя арганізацыі выконваюць сваю праграму?
За сем месяцаў бягучага года на будаўніча-мантажных работах асвоена 2 мільёны 647 тысяч рублёў, што складае 54% да гадавога задання. Нездавальняючымі тэмпамі вядуцца работы на аб’ектах жыллёвага прызначэння. Тут асвоена ўсяго 974 тысячы рублёў, што складае 55% да гадавога задання. Яшчэ горш абстаяць справы на будаўніцтве раённага Дома культуры, дзе з плана 223 тысячы рублёў асвоена толькі 98,4 тысячы.
Маруднымі тэмпамі вядзецца вытворчае будаўніцтва. Вельмі трывожнае становішча складваецца, у прыватнасці, на пускавых аб’ектах, ад якіх залежыць паляпшэнне ўмоў працы і быту людзей. Так на будаўніцтве рамонтнага сектара і вытворчай базы Дабееўскага спецаддзялення “Сельгастэхніка” асваенне сродкаў складае менш як 50 працэнтаў да гадавога задання. План жа па будаўніцтву 18-кватэрнага жылога дома для рабочых гэтай арганізацыі выкананы толькі на 10,5 працэнта…
Не на належным узроўні справы ў міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі і ПМК-120. Па стану на 1 жніўня МБА павінна была здаць калгасам дзевяць аб’ектаў, фактычна ж было завершана толькі чатыры…
Толькі на 50 працэнтаў выканаў свой гадавы план прарабскі ўчастак РБУ-7. Вельмі зацягваюцца работы па рамонту грамадскага жылога фонда. Пасля доўгага перапынку ўчастак ніяк не можа прадоўжыць работы ў Суравенскай школе.
Вельмі марудна вядуцца работы на аб’ектах раённай спажывецкай кааперацыі. ПМК аблспажыўсаюза здолела выканаць план на будаўніцтве райунівермага толькі на 38 працэнтаў.
У калгасах і саўгасах раёна ўзводзяцца будынкі і гаспадарчым спосабам. З гадавога плана 303 тысячы рублёў за сем месяцаў асвоена 195 тысяч. Пастаянна будуюць гаспадарчым спосабам калгасы “Ленінскі прызыў”, імя Урыцкага, “Правда”, саўгасы “Лаўжанскі” і “Мішневічы”. Аднак гэтага нельга сказаць аб калгасах “Іскра”, імя Суворава, “Расія”. Асобныя гаспадаркі наогул не маюць сваіх будаўнічых брыгад…
Г. ГАЛЬПЕРЫН, галоўны інжынер упраўлення капітальнага будаўніцтва.

Пісьмо ў рэдакцыю
Браканьеры з Ільінцаў
Члены рыбалавецкай брыгады Ільінцы ловяць рыбу ў азёрах раёна. Час ад часу свежая рыба з’яўляецца на прылаўку ўнівермага. І амаль кожны раз прыходзіцца здзіўляцца, чаму рыбаловы-прамысловікі парушаюць закон адлову рыбы ў вадаёмах: яны здаюць у магазін, можна сказаць, малькоў.
Цікава, што думаюць аб гэтым кіраўнікі савета таварыства паляўнічых і рыбаловаў і савета таварыства па ахове прыроды? Чаму не прыцягнуць да адказнасці браканьераў з рыбалавецкай брыгады?
П. ШАРЫКІН, рыбалоў-аматар, член таварыства па ахове прыроды.
АД РЭДАКЦЫІ. Мы пацікавіліся, колькі ж рыбы здалі ў магазін рыбакі з калгаса імя Чапаева і вось што паведамілі нам з бухгалтэрыі райпо: “У студзені шэсць разоў прывозілі свежую рыбу. 1282 кілаграмы паступіла яе ў продаж. У тым ліку дробнай – 999 кілаграмаў”.
Напрошваецца вывад, што рыбакі з калгаса імя Чапаева, якія займаюцца прамысловай лоўляй рыбы, без усялякага сораму прымяняюць недазволеныя дробнаячэістыя невады. Закліканыя стаяць на ахове багаццяў нашых вадаёмаў, яны самі знішчаюць іх.
Савет таварыства паляўнічых і рыбаловаў, савет таварыства па ахове прыроды пакуль што спакойна назіраюць за гэтым і не прымаюць належных мер да браканьераў – прафесіяналаў. А зрабіць гэта даўно пара.

Шумілінская школа-магазін аб’яўляе прыём
на шасцімесячныя курсы па падрыхтоўцы прадаўцоў шырокага профілю. У школу-магазін прымаецца моладзь ва ўзросце 17 год і 6 месяцаў з адукацыяй 8-10 класаў. Навучэнцам выплачваецца стыпендыя ў размеры 53 рублі ў месяц.
Пачатак заняткаў 1 верасня.
Юнакі і дзяўчаты, якія жадаюць паступіць у Шумілінскую школу-магазін, павінны звярнуцца ў аддзел кадраў райпо, маючы пры сабе пасведчанне аб нараджэнні, пасведчанне аб адукацыі, выпіску з працоўнай кніжкі (для асоб, якія маюць стаж практычнай работы) і медыцынскую даведку аб стане здароўя.
ПРАЎЛЕННЕ РАЙПО.
Падшыўкі гартала Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №5 ад 17.01.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *