Обальская цэгла вяртае рынкі збыту

Актуалии Экономика

Обальская цэгла вяртае рынкі збыту

“Мінулы год стаў для нашага прадпрыемства часам ісціны, – пачаў размову дырэктар Обальскага керамічнага завода П. І. Манак. – Была завершана мадэрнізацыя. Ці зможам  вярнуцца са сваёй прадукцыяй на будаўнічы рынак? Ці стане рэнтабельнай вытворчасць цэглы?  Ці будзе попыт на новую прадукцыю? Карацей кажучы, паўставала мноства пытанняў, з упэўненасцю магу сказаць, што на большасць з іх былі дадзены станоўчыя адказы”.
Пачатак мінулага года для завода выдаўся  надзвычай складаным. Справа ў тым, што ў 2015 годзе спыніў работу цэх №1, а ў цэху №2 поўным хода ішла рэканструкцыя. На пачатку года абальчане фактычна распрадавалі прадукцыю, якую выпусцілі ў 2015 годзе. “Пра нейкія сур’ёзныя лічбы ў першым квартале гаварыць не прыходзіцца, – адзначае галоўны эканаміст ОКЗ А. А. Мулькова. – Так, напрыклад, экспарт склаў каля 10% да адпаведнага перыяду 2015 года,  калі за студзень 2015 года прадалі за мяжу звыш 478 тысяч штук цэглы, то за студзень 2016 – крыху больш чым 15 тысяч штук. Такія ж лічбы былі за люты і сакавік.  А ў красавіку нам ужо проста не было чым гандляваць – складскія запасы закончыліся”.
Вырашальным для прадпрыемства сталі красавік – верасень мінулага года. “З вясны на заводзе ішлі пуска-наладачныя работы, – працягвае П. І. Манак. – Перад  намі стаяла задача, каб новая лінія не толькі працавала на поўную магутнасць, а і выпускала якасную прадукцыю”.
У красавіку ўпершыню была запушчана новая лінія па вытворчасці цэглы. Але на выхадзе атрымалі пад 20% бракованай прадукцыі. Пры такой колькасці браку на рэнтабельнасць выйсці немагчыма. Усе сілы былі скіраваны на пошук аптымальных саставаў для вытворчасці розных відаў цэглы. Гэты працэс зацягнуўся на некалькі месяцаў, бо поўны цыкл па вытворчасці партыі цэглы складае каля аднаго тыдня. Шляхам проб і памылак змаглі знізіць колькасць браку да 5%. Такі паказчык лічыцца прымальным на сучасных будаўнічых прадпрыемствах.  Улетку керамічны завод пачаў выпускаць пяць відаў цэглы. У бліжэйшы час пачнем выпускаць цэглу фасонную, якая будзе  мець шырокую каляровую гаму.
“Для таго, каб прадпрыемства магло прадаваць сваю прадукцыю, неабходна прайсці сертыфікацыю, – тлумачыць начальнік аддзела па камерцыйнай рабоце ОКЗ А. І. Манак. – Зразумела, што першым атрымалі беларускі сертыфікат, затым – расійскі”. Обальская цэгла вызначаецца трываласцю 200 цыклаў і вышэй (раней абальчане выпускалі цэглу з трываласцю максімум 150 цыклаў) і марозаўстойлівасцю ў 50 і больш цыклаў (раней – да 25 цыклаў). З такімі высокімі параметрамі цэглы ў Беларусі акрамя Обальскага керамічнага завода выпускаюць Радашковіцкі керамічны завод, Гарынскі камбінат будаўнічых матэрыялаў і мінскі “Керамін”.  Аляксандр Іванавіч адзначыў, што ў перспектыве ёсць планы атрымаць і еўрапейскі сертыфікат, што дазволіць выйсці і на еўрапейскі будаўнічы рынак. Дарэчы, цэгла з трываласцю 200 і вышэй цыклаў падыходзіць для будаўніцтва высокапавярховых будынкаў.
Пакуль ішлі пуска-наладачныя работы, аддзел па камерцыйнай рабоце ОКЗ актыўна прасоўваў новую прадукцыю як на беларускі, так і на расійскі будаўнічыя рынкі. Абальчане прынялі ўдзел у буйнейшых міжнародных будаўнічых выставах “Будуем дом” у Санкт-Пецярбургу, “ОСМ” у Маскве, “Будпрагрэс” у Мінску і інш.
“Можна з ўпэўненасцю сцвярджаць, што попыт на обальскую прадукцыю ёсць як на беларускім, так і на расійскім рынках, – канстатуе начальнік аддзела па камерцыйнай рабоце ОКЗ. – Пасля кожнай выставы мы прыязджаем з заключанымі дагаворамі. Так, у кастрычніку пасля правядзення прэзентацыі для рэзідэнтаў  Пскоўскай і Ленінградскай абласцей былі заключаны кантракты з ААТ “Будаўнічая кампанія ДСК”, ААТ “БАЛС”, ААТ “Будіндустрыя”, ААТ “Скандынавія” і інш. Пасля выставы “Будуем дом” у Санкт-Пецярбургу пачалося супрацоўніцтва з такімі буйнымі кампаніямі, як “Будуем разам”, Фортэдж”, “Буд-ІК”, “Цэгла-СПБ”.
Але, нягледзячы на заключаныя  дамовы з расійскімі кампаніямі, 70% прадукцыі ОКЗ рэалізаваў на беларускім рынку. Асноўнымі пакупнікамі сталі буйнейшыя забудоўшчыкі ААТ “Дана Холдынг”,  ААТ “Мінскпрамбуд”, ААТ “Гомельпрамбуд”,  ААТ “Гроднапрамбуд” і ААТ “Палессежылбуд”.
У чацвёртым квартале завод амаль выйшаў на праектную вытворчасць. У кастрычніку было выпушчана 2426 умоўных тысяч штук цэглы, у лістападзе – 2575 тысяч штук. Толькі вось цэгла – прадукт сезонны, позняй восенню і зімой вялікага попыту няма.
“У нашага завода ёсць будучыня, – упэўнена А. А. Мулькова. – Прадпрыемства можа стаць прыбытковым. І паказчыкі кастрычніка гэта даказваюць.  Рэнтабельнасць склала -0,3. Для параўнання, у верасні было -8,3”.
На прадпрыемстве добра разумеюць, што дасягнуць рэнтабельнасці можна толькі павышаючы колькасць выпускаемай прадукцыі. Сёлета ўласнымі сіламі плануецца  мадэрнізаваць яшчэ адну печку, што дазволіць павялічыць выпуск цэглы.
П. І. Манак адзначае, што 2017 год павінен стаць для Обальскага керамічнага годам выхаду на рэнтабельнасць. “Мы павінны вярнуць расійскі рынак збыту, – падсумоўвае Павел Іванавіч. – Добра будзе, калі палова выпускаемай прадукцыі будзе адпраўляцца на экспарт. У планах выйсці на будаўнічыя рынкі Цюменскай, Архангельскай і Мурманскай абласцей. Ёсць канкрэтныя прапановы на змяншэнні энергавыдаткаў. Усё гэта павінна прывесці да дадатнай рэнтабельнасці прадукцыі”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №7 ад 24.01.2017 г.



1 комментарий по теме “Обальская цэгла вяртае рынкі збыту

  1. Вот эти слова да Богу в уши.Взгляд с низов-за 2016г. десятки работников пополнили ряды «тунеядцев»,оставшиеся боятся слово сказать,большинство подучает минимальную зарплату и ту не вовремя.За хваленный октябрь многие получили только в конце декабря,а за ноябрь некоторые надеются хотя бы на февраль.Перспективы тоже «радуют»-часть оборудования уже вышла из строя,многое ремонтировалось уже не раз.А в остальном прекрасная маркиза все хорошо…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *