5 чэрвеня – Дзень меліяратара

Актуалии Официально

Паважаныя меліяратары, ветэраны працы!
Прыміце самыя шчырыя віншаванні з нагоды прафесійнага свята – Дня меліяратара! Дзейнасць спецыялістаў-меліяратараў цесна звязана з развіццём сельскагаспадарчай галіны раёна. Правядзенне меліярацыі павышае ўрадлівасць зямель, рэгулюе мікраклімат, садзейнічае ўстойлівасці сельскагаспадарчай вытворчасці, экалагічнай раўнавагі. Сваёй паўсядзённай працай і разуменнем значнасці праводзімых работ вы выконваеце галоўную задачу – дапамагаеце больш прадукцыйна выкарыс-тоўваць зямельныя плошчы.
Жадаем моцнага здароўя, шчасця, сямейнага дабрабыту, поспехаў у працоўнай дзейнасці на карысць нашага раёна і краіны!
Раённы выканаўчы камітэт.        Раённы Савет дэпутатаў.

Вярнуць зямлі жывую сілу
У шумілінскіх меліяратараў сёлета вельмі напружаныя планы: у
пастаянную эксплуатацыю пасля рэканструкцыі неабходна ўвесці меліярацыйныя сістэмы на 573 гектарах. А яшчэ — работа па праграме “Чыстыя палеткі”, догляд за меліярацыйнымі сістэмамі, будаўнічыя работы. Дапамагаюць меліяратары і вяскоўцам падчас вясенняй пасяўной і ўборцы ўраджаю. Працуюць практычна ў кожнай гаспадарцы раёна.
Калектыў “Шумілінскай ПМС” даволі вялікі, тут працуюць больш за 100 чалавек, але і агульны аб’ём вытворчасці работ і паслуг уражвае: па бізнес-плану на бягучы год — амаль 7,5 мільярда рублёў.
У “АграБаравінцы” і “Мішневічах” прадпрыемства вядзе рэканструкцыю меліярацыйных сістэм, на чарзе такія ж работы ў “Ляжнях”, “Прыазёрным міры”, “Ульскім”. У ААТ “Лаўжанскае” меліяратары будуюць ачышчальныя збудаванні на жывёлагадоўчым комплексе, працуюць на будаўніцтве новага зернесушыльнага комплексу. Практычна ў кожнай гаспадарцы вядзецца ачыстка палёў ад хмызняку. Завяршаюць работы на торфаўчастку ў Обалі, працуюць на новай ферме ў Башнях.
Да таго ж, за лета неабходна абкасіць 790 км каналаў з 1200, што знаходзяцца на абслугоўванні.
Тэмпы ўзяты з пачатку года нядрэнныя: за чатыры месяцы бягучага года выканана работ і паслуг на 1 мільярд 548 мільёнаў рублёў. На 40 мільёнаў аказана паслуг іншым арганізацыям (заданне на год – 80 мільёнаў), на 33 мільёны – насельніцтву (заданне — 80 мільёнаў). Па ўсіх паказчыках рост да мінулага года.
Вярнуць зямлі жывую сілу, каб кожны гектар даваў высокую аддачу, – менавіта ў гэтым мэта нялёгкай працы меліяратараў.
На здымку: Ля вёскі Саладухі ў ААТ “Агра-Баравінка” на рэканструкцыі меліярацыйнай сістэмы працуюць дзве брыгады шумілінскіх меліяратараў. 148 гектараў неабходна давесці да ладу. За час, што прайшоў пасля папярэдняй меліярацыі, частка дрэнажу перастала працаваць, з’явіліся вымачкі, там-сям вырас хмызняк, тэрыторыя ля фермы зарасла бур’янам. Усё гэта і ліквідуюць работнікі “Шумілінскага ПМС”. Вядуць аднаўленне дрэнажных сетак.
Падрыхтаваў Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №41 ад 3.06.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *