В Светлосельском сельсовете представители власти встретились с населением

Актуалии Новости Общество Президент

Надзённыя пытанні вясковага жыцця
На гэтым тыдні ў населеных пунктах Светласельскага сельсавета прайшоў дзень работы з насельніцтвам. Прадстаўнікі райвыканкама, аддзела ўнутраных спраў і аддзела па надзвычайных сітуацыях, тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва, іншых структур сустрэліся з вясковым насельніцтвам, каб вызначыць праблемы, адказаць на злабадзённыя пытанні і дапамагчы людзям. Група, якую ўзначальвала старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава працавала ў Завяззі, Язвіне і Ужляціне.
Спевам салаўёў, шчабятаннем ластавак, клёкатам буслоў і водарам пачынаючага цвіцення ліпы сустрэла невялікая вёска Завяззе. Тут пражывае 12 пастаянных жыхароў, прыкладна столькі ж дачнікаў. Вёска прыцягвае гараджан прыродай і цішынёй. Як расказала старэйшына Іна Залатарова, тут усе жывуць дружна, дапамагаюць адзін аднаму. Вяскоўцы не скардзіліся на жыццё, яны дзякавалі розным службам за тое, што зімой своечасова чысцяцца дарогі, што аўталаўка прывозіць па заяўках розныя тавары, што бесперабойна арганізаваны закуп малака. І карэнныя вяскоўцы, і дачнікі  займаюцца добраўпарадкаваннем сваіх падворках
Ва Ужляціне ў асноўным сустрэліся з дачнікамі, але пасля размовы з імі засталося добрае ўражанне: пазітыўна настроеныя гараджане не сядзелі склаўшы рукі. Пра гэта сведчылі нядаўна пафарбаваныя дамы, зробленыя альтанкі, арэлі, дагледжаныя парнікі і градкі.
У Язвіне на сход ля мясцовага аддзялення паштовай сувязі сабралася ледзь не палова вёскі. Перш за ўсё людзей цікавілі пытанні сацыяльнага накірунку: калі нарэшце ў Язвіне будзе магазін і ці ёсць магчымасць фельчару ФАПа працаваць на поўную стаўку, а не два разы на тыдзень. І. М. Новікава адразу ж патлумачыла, што лёс былога будынку магазіна райспажыўтаварыства на днях вырашыцца – пасля праведзенага аўкцыёну яго выкупяць або возьмуць у арэнду. Галоўнае, што жадаючыя ўжо ёсць. Да таго, гаспадыня мясцовага кафэ “Віраж” хоча адкрыць у вёсцы прамтаварны магазін. Што тычацца работы ФАПа, то пакуль у раёне не хапае медыкаў, таму ў фельчара няма магчымасці ездзіць у Язвіна кожны дзень.
Ірына Мікалаеўна заклікала ўсіх вяскоўцаў працаздольнага ўзросту быць занятым у эканоміцы, займацца агародніцтвам, трымаць дамашнюю жывёлу. Ну, а дзеля гэтага трэба па ўсіх правілах аформіць зямельныя ўчасткі – пра гэта падрабязна расказаў спецыяліст ад-дзела землеўпарадкавання райвыканкама Аляксандр Дабравольскі.
Пра захаванне маёмасці і жылля вяскоўцам нагадаў начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Вячаслаў Воранаў: важна быць пільнымі і не адчыняць дзверы незнаёмцам, не выпускаць з поля зроку непаўналетніх дзяцей, не хадзіць па аднаму ў лес за ягадамі, каб не прыйшлося потым шукаць. Пра пажарную бяспеку і адзіную абласную базу пячнога ацяплення (фатаграфуецца кожная грубка і печ у дамах і лазнях, а таксама бытавыя катлы на цвёрдых і вадкіх відах паліва) гаварыў намеснік начальніка РАНС Іван Маскалькоў. Пра работу сацыяльнай службы і пра паслугі ТЦСАН расказала псіхолаг цэнтра Ларыса Забаўская. Яна папрасіла вяскоўцаў падказваць сацыяльным работнікам, калі ў вёсцы ёсць  адзінокія людзі, якім патрабуецца дапамога.
Напрыканцы сустрэчы з насельніцтвам кожнай вёскі старшыня Светласельскага сельвыканкама А. Р. Дзмітрэнка запэўніў людзей, што па ўсіх паднятых пытаннях, нават самых дробных, у бліжэйшы час будуць дадзены кампетэнтныя адказы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №46 ад 14.06.2019 г.