В Шумилино прошло торжественное мероприятие, посвящённое Дню работников культуры

Главное Культура Новости Общество

Свята тых, хто дорыць натхненне

9 кастрычніка раённы цэнтр культуры стаў месцам сапраўднага свята, музыкі і душэўнага цяпла. Галоўная зала сабрала тых, хто штодзень дорыць людзям радасць, захоўвае духоўную спадчыну і напаўняе нашы будні яркімі фарбамі. Работнікі сферы культуры сабраліся разам для таго, каб павіншаваць адзін аднаго з прафесійным святам – Днём работнікаў культуры.


З прывітальным словам да віноўнікаў урачыстасці звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Руслан Матвейчук: «Дарагія работнікі сферы культуры, вы аб’ядноўваеце людзей. Дзякуючы вам наша жыццё становіцца яркім і напаўняецца сэнсам. Жадаю вам моцнага здароўя, каб у вашых калектывах панавала атмасфера разумення, а ў сем’ях – цеплыня, утульнасць і дабрабыт».


За шматгадовую і добрасумленную працу Руслан Алегавіч уручыў Падзякі старшыні райсавета мастаку-афарміцелю Шумілінскага РЦК Іне Зяньковай і загадчыку аддзела маркетынгу сацыякультурнай дзейнасці метадычнай работы цэнтральнай раённай бібліятэчнай сістэмы Ірыне Барысевіч.


Шчырыя словы падзякі ад усёй сацыяльнай сферы раёна работнікам культуры выказала намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава. Ганаровымі граматамі ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Ірына Іванаўна ўзнагародзіла кіраўніка народнага літаратурна-музычнага калектыва «Ветэран» Шумілінскага РЦК Ілону Карнілаву і майстра народных мастацкіх рамёстваў Шумілінскага раённага дома рамёстваў Ларысу Арлову.


Арыгінальна і душэўна павіншавала калег і аднадумцаў загадчык сектара культуры райвыканкама Вольга Барабанава. Вольга Мікалаеўна выйшла на сцэну з чорнай скрыняй, у якой захоўвалася тое, без чаго праца культработнікаў не мае сэнсу. У ім былі сапраўдныя скарбы для кожнай установы культуры: кніга (мудрасць) – для бібліятэкараў, гадзіннік (час) – для работнікаў музеяў, скрыпічны ключ (творчасць і дасягненні) – для педагогаў ДШМ, карнавальная маска (энергія і свята) – для калектыва РЦК, фотаальбом (гісторыя) – для ветэранаў працы і маладой змены. Лепшых з лепшых Вольга Мікалаеўна ўзнагародзіла граматамі і падзякамі. Таксама загадчык сектара выканала даручаную місію раённага прафсаюзнага лідара Алены Сініцкай – павіншавала народную студыю майстроў народных мастацкіх рамёстваў «Спадчына» і ўручыла грамату з грашовым падарункам нязменнаму кіраўніку Вользе Загвоздавай.


Разынкай урачыстасцей стала ўзнагароджанне пад назвай «Легенды культуры». У цырымоніі, якая стала добрай традыцыяй, няма стандартных фармулёвак, кожнаму намінанту было прысвоена індывідуальнае, унікальнае званне, якое з добрай іроніяй падкрэслівае яркія рысы характару, вясёлыя працоўныя будні або асаблівыя схаваныя таленты культработніка.
Завяршылася святочная сустрэча на эмацыянальнай ноце. Творчы марафон разнастаілі яркія нумары і музычныя падарункі ад Андрэя Трафімава, Аліны Вяеўнік, Аляксея Цімафеева, Андрэя Крыўцова, Лідзіі Барадзёнак, танцавальнага калектыва «Шарм» і дружнай каманды РЦК пад чулым наглядам абаяльных вядучых Ілоны Карнілавай і Святланы Марціненкавай.

Дар’я ЧАПУРНОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *