Музею СШ № 1 г. п. Шуміліна споўнілася 35 год. З гэтай нагоды тут прайшло ўрачыстае мерапрыемства.
Пра музей гісторыі школы расказала яго кіраўнік Святлана Емяльянава, выступіла Марыя Кавалёва, якая ў 60-я гады працавала тут старшай піянерважатай. Марыя Аляксееўна расказала пра школьны гурток “Чырвоныя следапыты”, патрыятычную работу, якая была наладжана ў школе, сувязь з роднымі былога вучня школы Пятра Антонавіча Акуцыёнка, чыё імя зараз носіць навучальная ўстанова.
Ветэран педагагічнай працы Таццяна Вабішчэвіч узгадала пра сваю настаўніцу Галіну Марозаву, якая ў 1984 годзе ўзначаліла ў школе клуб «Пошук» і дзякуючы якой у 1990 годзе з’явіўся школьны музей. Галіна Пятроўна разам з дзецьмі запісвала расказы старажылаў, настаўнікаў і выпускнікоў, збірала фотаздымкі і дакументы, афармлялі альбомы па выніках пошукаў.
Абноўлены школьны музей жыве сёння актыўным разнастайным жыццём і застаецца цэнтрам патрыятычнага выхавання. Тут захоўваецца інфармацыя пра тое, як у Шуміліне з’явілася школа, хто настаўнічаў, якія выпускнікі праславілі школу і раён. У музеі праводзяцца розныя мерапрыемствы, урокі памяці, працуе гурток юных экскурсаводаў. Работа па насычэнні экспазіцый новымі цікавымі звесткамі і фотаздымкамі працягваецца. Для гасцей мерапрыемства была праведзена экскурсія па музеі, а дзецям у актавай зале прадэманстравана відэаэкскурсія.
Ларыса ЗАЙЦАВА.



