Маккулатура, стекло и другие вторичные ресурсы

Общество Экология Экономика

Карыснае смецце
У нашай краіне прынята Дзяржаўная праграма збору і перапрацоўкі другаснай сыравіны на 2009-2015 гады. Яна прадугледжвае павелічэнне аб’ёмаў нарыхтоўкі другасных матэрыяльных рэсурсаў і задавальненне ў іх патрэб перапрацоўчых арганізацый рэспублікі. Павышаную ўвагу да збору, нарыхтоўкі і перапрацоўкі другаснай сыравіны ўдзяляюць не выпадкова. Па-першае, ад эфектыўнасці працы ў сферы абыходжання з адыходамі залежыць экалагічная бяспека дзяржавы. Па-другое, развіты рынак ўтылізацыі другаснай сыравіны і попыт на яго – адзін з фактараў павелічэння сыравіннай базы краіны, зніжэння матэрыяльных страт, што спрыяльна ўплывае на развіццё эканомікі. У нашым раёне сваю лепту ў збор другасных матэрыяльных рэсурсаў уносяць школы, практычна ўсе арганізацыі.
Вялікія задачы па зборы і нарыхтоўцы другаснай сыравіны ўскладзены  на камунальныя службы. Збор другасных матэрыяльных рэсурсаў з камунальных адходаў УП ЖКГ вядзецца па трох накірунках. Гэта закупка другаснай сыравіны праз прыёмныя пункты, устаноўка ў жыллёвым сектары кантэйнераў для раздзельнага збору адходаў, сарціроўка сабраных камунальных адходаў. Камунгас пастаянна павялічвае аб’ёмы сабранай сыравіны. Сёлета ўжо сабралі 41 тону макулатуры, 44 тоны металалому,  2,5 тоны палімераў і 60 тон шкла. Гэта амаль у два разы больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года.
“Актыўная работа ў камунгасе па зборы другаснай сыравіны пачалася тры гады назад, – адзначае галоўны інжынер УП ЖКГ Аляксей Догель. – Сёння райцэнтр амаль поўнасцю забяспечаны кантэйнерамі для раздзельнага збору смецця, устаноўлена 20 камплектаў. На палігоне цвёрдых бытавых адходаў, які знаходзіцца ў Шуміліне, непасрэдна сарціруем смецце. Макулатуру, ПЭТ-бутэлькі прасуем самаробным прэсам. Вядзецца работа па зборы другаснай сыравіны і на вёсцы – кожнаму з аддзяленняў даведзены план. Зразумела, што пакуль мы не можам гаварыць пра ўстаноўку кантэйнераў для раздзельнага збору смецця на вёсцы, сарціроўка смецця тут адбываецца толькі ўручную”.
З устаноўкай кантэйнераў для раздзельнага збору смецця адразу “ўсплыла” праблема добрасумленнасці грамадзян. Як паказвае практыка, 10% насельніцтва заўсёды будуць сартаваць смецце, 10% агрэсіўна не прымаюць раздзельны збор смецця, а вось з астатнімі 80% трэба працаваць. Дарэчы, у нашым заканадаўстве прадугледжана адміністрацыйная адказнасць за ўхіленне ад сарціроўкі адходаў. Вядома, пры ўмове, калі ўласнікамі жылых будынкаў забяспечаны ўмовы для раздзельнага збору адходаў . Штраф складае ад 5 да 50 базавых велічынь. Толькі вось ля кожнага кантэйнера не паставіш работніка камунгаса, так што у першую чаргу прыходзіцца разлічваць на свядомасць жыхароў.
На складзе УП ЖКГ, які знаходзіцца насупраць адміністрацыйнага будынка (вул. Піянерская, 10), прымаецца другасная сыравіна ад насельніцтва. За кілаграм макулатуры даюцьь 800 рублёў, шкла – 600 рублёў, пластыку (ПЭТ-бутэлек) –1000 рублёў.
Макулатуру адвозяць на Ушацкі філіял папяровай фабрыкі “Чырвоная зорка”,  пластык – на Віцебскі завод палімерных вырабаў, шкло – на віцебскае прадпрыемства “Белрэсурсы”.
Смецце пакуль што не прыносіць камунгасу прыбытак: затраты прадпрыемства на сартыроўку і збор склалі 237 мільёнаў рублёў, атрымалі ад рэалізацыі другаснай сыравіны 216 мільёнаў рублёў. “Смецце можа і павінна прыносіць даход, – канстатуе Аляксей Догель. – На раздзельным збору можна зарабляць добрыя грошы. Думаем, што з увядзеннем новага палігона цвёрдых бытавых адходаў у Казаногаве, дзе сучаснае абсталяванне па сарціроўцы, нашы прыбыткі вырастуць. Да таго ж, значна павінен вырасці і працэнт здабытай са смецця сыравіны”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

Што вырабляецца з другаснай сыравіны?
Шкло  ідзе на пераплаўку, пасля чаго з яго зноў можна атрымліваць шклянкі, бутэлькі ; шкляны бой нізкай якасці пасля здрабнення выкарыстоўваецца ў якасці напаўняльніка для будаўнічых матэрыялаў.
Макулатура  ідзе на вытворчасць сыравіны для новай паперы; з нізкаякаснай макулатуры вырабляюць абгортачную паперу і кардон; папяровыя адыходы можна выкарыстоўваць у будаўніцтве для вытворчасці цеплаізаляцыйных матэрыялаў.
Пластык можа выкарыстоўвацца ў вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, рознага віду ізалятараў; прыдатны для вытворчасці тавараў народнага спажывання (вёдры, каністры, поліэтыленавая плёнка, скрыні, вяроўкі і г.д).
Метал. Металічныя  банкі – стальныя і алюмініевыя, іншы лом чорных і каляровых металаў ператапляецца для  атрымання адпаведнага металу.
Тэкстыль  ідзе на вытворчасць некаторых матэрыялаў (цеплаізаляцыя, Надрукавана ў №60 ад 04.08.2015 г.
уцеплены лінолеум, упаковачны матэрыял).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *