Несвяточны рэпартаж напярэдадні святаў

Общество Семья

Несвяточны рэпартаж напярэдадні святаў

З кожным днём усё больш і больш адчуваюцца  калядныя і навагоднія святы. Святочная ілюмінацыя дорыць чароўнае пачуццё казкі. І колькі б табе не было год, усё роўна верыш у навагоднія цуды. А як чакаюць Новы год дзеці!? Яны ўпэўнены, што бацькі, якія выступаюць у ролі Дзедаў Марозаў і Снягурак, выканаюць іх самыя запаветныя жаданні.
На жаль, гэтая пераднавагодняя казка для некаторых дзетак проста недаступна. Гэтыя думкі выклікала пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх, якое прайшло ў сераду, 13 снежня. Нават не ўсведамляецца, што некаторыя бацькі  сваімі паводзінамі, сваім п’янствам зрабілі сваім дзецям такі “падарунак”, калі малыя будуць сустракаць  Новы год не дома, а  ў доме дзіцяці ў Віцебску ці  ў сацыяльным прытулку ў Обалі.
На пасяджэнне былі выкліканы бацькі рознага ўзросту і рознага сацыяльнага становішча, але іх усіх аб’яднала тое, што з-за сваёй празмернай любові да спіртнога забыліся пра сваіх дзяцей. Вось некалькі прыкладаў.
…Зусім нядаўна ў адной сям’і з райцэнтра нарадзілася трэцяе дзіця.   Перад тым, як легчы у бальніцу, жанчына, па яе словах, каб зняць дародавую дэпрэсію, выпіла шклянку гарэлкі. Віцебскія ўрачы канстатавалі, што ў яе крыві 2,53 праміле алкаголю. На пасяджэнні камісіі былі агучаны жорсткія факты. Урач-педыятр падкрэсліла, што трапіць з медыцынскім аглядам да дзетак, якім 2,6 і 1,2 годзіка, – немагчыма, бо бацькі  не адчыняюць дзверы.  Спецыялісты сацыяльна-педагічнага цэнтра аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама адзначылі, што бацькі неаднаразова былі заўважаны нецвярозымі, бацька ўжо адной нагой знаходзіцца ў лячэбна-працоўным прафілакторыі, маці сёлета закадзіравалася, але  гэта не дапамагло.  На кантакт сям’я не ідзе. На пасяджэнні было прынята рашэнне аб зборы дакументаў на ўзяцце дзяцей пад дзяржаўную абарону. Трое малых бліжэйшыя шэсць месяцаў будуць жыць у доме дзіцяці.
…Больш чым дзесяць гадоў назад жыхарку вёскі Ляжні пазбавілі бацькоўскіх правоў у адносінах да двух яе дзяцей. З таго часу жанчына паспела нарадзіць яшчэ двух дзетак. Толькі вось паводзіны  яе ніяк не змяніліся: прагулы на рабоце, п’янства, даўгі па квартплаце. Сям’я была пастаянна ў полі зроку як сацыяльна-небяспечная. Прафілактычныя гутаркі плёну не давалі. І цяпер у гэтай грамадзянкі ёсць шэсць месяцаў на тое, каб даказаць, што яна годная маці.
…З гэтай шумілінскай сям’ёй сацыяльныя службы працуюць тры гады. Бацьку і маці пастаянна запрашалі на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх, на якіх яны увесь час абяцалі, што зменяць свае паводзіны. Але нічога не мянялася: п’янства, прагулы сістэматычныя сваркі і бойкі пры дзецях, зусім нядаўна маці звольнілі з работы за п’янства,.  І ў выпадку з гэтай сям’ёй члены камісіі вырашылі, што дзяцей неабходна браць пад абарону дзяржавы.
Шэсць месяцаў без дзяцей – гэта той час, калі бацькам неабходна выканаць увесь план мерапрыемстваў па вяртанні дзяцей у сям’ю. Інакш кажучы, бацькі павінны стварыць дома такія ўмовы, каб дзецям было ўтульна і бяспечна і, зразумела, забыцца пра спіртное.
На жаль, некаторым гэтага часу мала. На пасяджэнне камісіі прыйшлі бацька і маці, чые  трое дзетак амаль шэсць месяцаў былі  ў сацыяльным прытулку. З усяго плана мерапрыемстваў былі выкананы адзінкавыя пункты. Рашэнне камісіі – перадаць у суд дакументы аб пазбаўленні іх бацькоўскіх правоў.

*   *   *
У гэты ж дзень у Мішневіцкай школе прайшло адкрытае выязное пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх, на якім прысутнічалі вучні і педагогі школы, бацькі.  На пасяджэнні разглядалася адміністрацыйная справа аб дробным хуліганстве.
У адну лістападаўскую суботу ўвечары шасцёра хлопцаў вырашылі разам пабавіць час. Усё было б добра, але ж адзін хлопец прывёз з Віцебска петарды. І вось панесліся па аграгарадку выбухі. Урэшце рэшт мясцовыя жыхары выклікалі міліцыю. “Выбухоўшчыкаў” доўга шукаць не прыйшлося.
На пасяджэнні камісіі  12-17-гадовыя хлопцы па чарзе расказвалі пра свой учынак. Не ім адным прыйшлося чырванець за свае дзеянні, асабліва няёмка адчувалі сябе іх маці: “Давярала свайму сыну, а тут гэта здарэнне”. Кожны з юнакоў ведаў і пра небяспеку петард, і пра правілы паводзін. Але зараз яны не могуць растлумачыць, чаму яны так рабілі. “Сорамна. Ніколі так больш рабіць не буду!” – гэтыя словы сказаў кожны з падлеткаў, і было бачна, што яны  шчырыя.
Члены камісіі прызналі падлеткаў вінаватымі ў здзяйсненні дробнага хуліганства і аштрафавалі на дзве базавыя велічыні  кожнага (пратаколы былі складзены на саміх хлопцаў, калі іх узрост больш за 14 год, ці на бацькоў, калі іх сынам менш). Але самае галоўнае тое, каб падлеткі асэнсавалі свае ўчынкі, адчувалі адказнасць за сябе, за іншых. Гэтымі словамі і завяршылася выязное  пасяджэнне.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў № 98 ад 19.12. 2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *